Шрифт:
Мефістофель
Давай!Фаўст
Прашу! Калі імгненню я скажу: «Цудоўнае, спыніся! — панясу З сабой у вечнасць я тваю красу!» Хай гэта будзе мой апошні кліч! Тады я твой! Закуй у кайданы! І пад хаўтурныя званы Пі сатанінскі магарыч, Са службы звольнены ў мяне. Апошні раз гадзіннік мой праб’е І спыніць пошукі мае.Мефістофель
Падумай лепш, бо чорт не абміне Умовы нагадаць твае.Фаўст
Рабі сваё, а мне ўжо не да жарту, Бо вераломствам я не ўмею жыць. Калі на рост не выстарчыць мне гарту,— Тады і чорту я гатоў служыць.Мефістофель
Ад сёння я, мой любы эскулап, На ўсіх тваіх гулянках верны раб. Але для пэўнасці слугі Скрамзоль пісульку, дарагі.Фаўст
Педант! Яму кляніся на паперы, А слову гонару — ніякай веры! Між тым цыдулкі мне — не ўказ, Калі я сам ахвотна лезу ў нерат. Жыццё цячэ сабе наперад, Дык, можа, сплыў даўно распісак час? І, можа, слова — дурасці прыкмета? Фармальнасцю здаецца мне ўсё гэта. Шчаслівы той, хто мае ў вернасці апору, Каму не боязна з ахвяр пачаць: Людзей палохае не вынік дагавору,— Палохаюць пергамент і пячаць. З пяра зляцеўшы, слова памірае, Яно — як плоць бяздушная, нямая, А сілу толькі воск ці скура мае. Кажы, злы дух, што ты хацеў бы мець? — Паперу, мармур, скуру, медзь? Я грыфелем і долатам пісаць умею І права выбару табе даю.Мефістофель
Як можаш ты такую ахінею У балбатню ўплятаць сваю? Любы шматок паперы адарві І падпішыся кропелькай крыві.Фаўст
Ну, добра, пане чорт, уважу Цялячую датклівасць вашу.Мефістофель
Кроў — гэта ж адмысловы сок.Фаўст
За пакт не бойся, ім я даражу, Майго жыцця ён вынік, слушны крок, І я не каюся, што прадаю душу. Дарма паказваў нораў я амбітны, Бо ўсё адно з жыцця нічога я не ўзяў. Абразіў Дух мяне, не выслухаў малітвы І не адкрыў сакрэт прыродных з’яў. Разладжаны строй думак і разбіты, І я навукамі па горла сыты. Цяпер абраў я іншы шлях жыццёвы: Я свой запал суцішваць буду, Да чараў сквапны і гатовы Таемнаму аддацца цуду. Дык рынуся ж у вір падзей, прыгод, У вір жыцця, ва ўспененыя часу воды, Няхай і боль, і радасці турбот, Няхай удачы і нягоды Плывуць бурліваю ракою! Шукальніку — няма спакою!Мефістофель
Не буду абмяжоўваць вашых мэт, Ласуйцеся чым хочаце ў ахвоту, Лавіце момант асалоды з лёту, Бярыце ўсё, што пасылае свет,— Не трэба толькі быць разявай.Фаўст
Не мне здавольвацца імгненнай славай, Я не жадаю танных асалод. Нянавісці хачу, пакутлівых згрызот. Я не замкну сваіх грудзей для болю, Што гадавалі прагу да пазнання, І перажыць сабе дазволю Ўсе нечаканасці наканавання, І чалавецтва змеру ўласным духам, Аддаўшыся і радасцям яго і скрухам, Зліюся з ім, спазнаю сутнасць ладу І разам з ім пайду да заняпаду.Мефістофель
Я гэты харч ем, чалавеча мілы, Тысячагоддзямі — дай веры мне: Ніхто яшчэ з калыскі да магілы Той хлеб ацеслівы не пракаўтне. Суцэльнасць тая, што цябе чаруе,— Уласнасць бога аднаго. У вечным бляску ён адзін кіруе, Нам — вечны змрок дастаўся ад яго, А вам — без вечнасці дзень з ноччу.Фаўст
І ўсё ж ад мэты я сваёй не збочу!Мефістофель
А што ж, я вам ахвотна веру, Хоць страх турбуе ўсё адно: Жыццё кароткае не ў меру, Мастацтву ж краю не відно — Пара вам гэта знаць даўно. Такія мары толькі для паэтаў. Няхай пясняр лунае як найвышай І значнасць слынных запаветаў На вашым гордым чэрапе запіша: Адвагу львоў, Імпэт і грацыю аленя, Іспанца агнявую кроў І скандынаўскую настойлівасць імкнення. Няхай дабро з падступніцтвам ён звяжа, Хай таямніцы вам пакажа, Як згодна з планам трэба жыць — Каго кахаць, а з кім дружыць. Каб я такога рызыканта знаў, Яго б я Мікракосмам зваў.Фаўст
Тады хто ж я, калі карона Маіх жаданняў і надзей На галаву маю ўпадзе Па ласцы спрытнага патрона?Мефістофель
Ты быў і будзеш сам сабою. Хай ты вясёлы, хай ты хмурны, Надзень парык, абуй катурны — Усё адно ты будзеш сам сабою.Фаўст
Людскога духу скарбы я збіраў дарма, Стараўся марна імі ўсцешыць сэрца — Імпэту новага ў душы няма, І сіла свежая ў грудзях не б’ецца: Не ўзнёсся розумам вышэй, Ні да бясконцасці бліжэй.