Шрифт:
Мефістофель
Але ж не бачыце вы ў рэчы Сапраўднай вартасці яе. А трэба розумам далегчы — І ўжо яна карысць дае. Ты маеш ногі, рукі, зад, Жыві, паплёўваючы ўгору, І карыстайся ўсім падрад, Сабе не робячы дакору. Тры пары жарабцоў запрог — Іх сілай ці ж не я ўладаю? Два тузіны здаровых ног Замест сваіх уласных маю. Глядзі на рэчы весялей! Развагі прэч! За мной смялей! Скажу табе: разумнікі ўсе вашы — Як тое быдла; ўлева-ўправа Злы дух іх водзіць па стаптанай пашы, Хоць навакола свежая атава.Фаўст
З чаго ж пачаць мне?Мефістофель
Свет багаты. Хадзем, пакінь свае пенаты: Не бачу сэнсу ў тым, каб ты Капаўся ў сметніку лухты. Сусед пузаты ў вашым кабінеце Няхай вучонае зграбае смецце Ў парожнія галовы блазнюкоў. Адзін такі ў размовах споры — Таўчэцца, чую, тут у калідоры.Фаўст
Я да сустрэчы гэтай не гатоў.Мефістофель
Чакаў так доўга ён. Хлапца Шкада пакінуць без слаўца. Ану, давай сваю мне шапку і хламіду, Адзенуся — і за цябе я выйду.(Пераапранаецца.)
Цяпер майму даверся спрыту! Спектакль наладзіць — мне не праца! Займу яго, а ты ідзі збірацца.Фаўст выходзіць.
(Мефістофель у адзенні Фаўста.)
Глумі навукі, веды — толькі ў іх Праклятыя вытокі сіл людскіх. Дух адмаўлення, тлену і хлусні, З дарогі розуму ахвяру адкасні Прынадамі зласлівасці і здрады. Сюды да Фаўста лёсам я пасланы; Малым уцехам ён не рады, Удалячынь імкне, як апантаны. Што ж, пагружу цябе ў жыцця глыбіні, У свет мізэрны, пошлы, ніклы, Каб, ненажэрны, пазбіваў ты іклы, Каб плыў, ныраў і захлынаўся ў плыні, Каб ты, дзівак несамавіты, Уяўнай ежаю быў сыты; Каб, як апошняй літасці, благаў Збавіцельніцу-смерць і не канаў. Ты, Фаўсце, чалавек зусім прапашчы — Ці тут канец табе, ці ў чорта ў пашчы.Уваходзіць вучань.
Вучань
Прабачце, што прыходжу рана З павагай шчыраю да пана, Турбуючы для кансультацый Асобу, вартую авацый.Мефістофель
Я вашай ветлівасці рад, Такіх, як вы, у нас няшмат. Ці выпадала вам вучыцца?Вучань
О, я хачу да вас прасіцца. З сабою я прынёс здалёк Натхненне, розум, кашалёк; Бацькі мне дома не давалі волі — Хачу вучыцца ў вашай школе.Мефістофель
Тады візіт як нельга больш дарэчы.Вучань
Сказаўшы праўду, хочацца мне збегчы З муроў глухіх і з гэтае каморкі, З двара, што без травы, без дрэў, Дзе праклінаў бы лёс я горкі Альбо праз дзень-другі здурэў. Пустыя сцены, цвіль і змрок Мне думкі душаць, гасяць зрок.Мефістофель
Нішто, прывыклі б пакрысе. Ці ж бо не гэтак цяжка і дзіцяці Прывыкнуць з першых дзён да маці? Пасля, глядзіш, са смакам, прагна ссе.— Так ад грудзей навукі, прыйдзе час, Ніхто не адарве і гвалтам вас.Вучань
Прыпаў бы я да мудрасці грудзей, Але парайце мне, шукаць іх дзе?Мефістофель
Кіруючыся ў навуковы свет, Які ж сабе абралі факультэт?Вучань
Мне імпануе тып універсала І прыдалася б ваша дапамога: Хачу, каб думка меж не знала,— Навукі знаць хачу, прыроду, бога.Мефістофель
Тады знайшлі вы ўсё на вашы густы. Аднак прашу — без гуляў, без распусты.Вучань
Вучобе я аддам і дух і плоць, Сябе трымаць гатовы ў чорным целе. Вы ж, думаю, не будзеце супроць Вакацый летніх, свята і нядзелі?Мефістофель
Цаніце час найболей з усяго! Карысць бярыце поўніцай з яго. Таму ваш першы крок у людзі Collegium logicum{30} хай будзе. Там духу вашаму дадуць работы: Душу ў гішпанскія абуюць боты{31}, Каб вы пасля абачліва маглі Ступаць па сцежках думкі і зямлі, Навучаць вас, што і такі працэс, Як есці, піць, усякі траціць сэнс, Калі камандай «раз-два-тры» здавён Не вымуштроўваецца ён, Не кажучы пра думак цёмны лес, Бо фабрыкуюць іх усё адно, Як ткач на кроснах палатно, Калі сюды-туды чаўнок пускае І ніткі бердам падціскае. Так і філосаф вам дакажа, Як знітавана думка наша: Як першая спрычыніла другую, Другая — трэцюю, а тую Як у чацвёртай адшукаць, Каб вывады лагічна ткаць, І што без першай і другой Не мае сэнсу ўвесь навой. Так вучні ўсе на кроснах ткалі, Але не ўсе ткачамі сталі, Бо іншы рэч жывую спазнае — І выганяе дух жывы з яе, Усе канцы ў руках сваіх трымае, А як у вузел іх звязаць — не знае. У хіміі encheiresis naturae{32} то завецца — Так хімія сама з сябе смяецца.