Шрифт:
Фаўст
Ах, лепш бы не радзіцца мне.Мефістофель (з’яўляецца ў дзвярах)
Ідзем. Альбо дваім турма! Вы не вагайцеся дарма! Чакаюць коні на двары, Прачнецца варта на зары.Маргарыта
Хто гэта вылез з цемнаты? Ён! Ён! Гані яго!.. Што хоча ён у міг святы? Жыцця майго?..Фаўст
Жыць павінна ты!Маргарыта
Я аддаюся божаму суду!Мефістофель (Фаўсту)
За мной, інакш адзін пайду!Маргарыта
Іду, гасподзь, іду! Ратуй мяне! Анёлы, вы пры божым троне Не адмаўляйце ў абароне! Ты, Генрых, страшны мне.Мефістофель
Яна асуджана!Голас зверху
Уратавана!Мефістофель (Фаўсту)
За мною!(Знікае з Фаўстам.)
Голас з цямніцы (заціхаючы)
Генрых! Генрых!Другая частка трагедыі{126}
Акт першы{127}
Прыгожая мясціна
Фаўст ляжыць на лузе сярод кветак, стомлены, неспакойны; хоча заснуць. Досвітак. Навокал кружацца грацыёзныя духі-эльфы.
Арыель (спявае пад эолаву арфу)
Па зіме, як толькі кветкі Амалодзяць стылы свет, Нашы пашы і палеткі Зноў адзенуцца як след,— Зноўку лёткія малыя Эльфы роем наляцяць, Людзі добрыя і злыя Могуць ласку іх прыняць. Вы, што лунаеце над Фаўстам сонным Чароўна-эльфаўскім надземным сонмам, Суцішце боль агорклае нуды, Развейце ў сэрцы роспач ад дакору, Злагодзьце дух яго, здыміце змору, Каб ён забыў былое назаўжды. Закалышыце ласкай і пяшчотай, Скрапіце забыццёваю вадой, Каб сіл набраўся ён душой, істотай Да новай рызыкі, да маладой. Зрабіце дзіва з чараў і дзівос, Каб Фаўст нарэшце сон атрос.Эльфы (паасобку, па двое, хорам)
Цёплы ветрык ціха вее, Дзень згасае, вечарэе, Лёг на поле волкі змрок. Накалышам сон на вочы, Каб турбота адплыла, І зачынім браму ночы Ад праменнага святла. На бязмежжы, на прасторы Чорнай поўначы пячаць. У бяздонным небе зоры Запаліліся, зіхцяць І на луг, на гай чароўны Сыплюць іскры, прамяні. І плыве ўрачыста поўны Месяц горды ў вышыні. Адышлі ў нябыт суровы Шчасце, боль і пачуццё. Будзь бадзёры і здаровы, Вер у новае жыццё. На прыгорках, у далінах — Квецень, свежасць, пышны май: І калышацца на нівах, Даспявае ўраджай. Каб убачыць лёс жаданы, Глянь у ясную вясну, Прэч шпурні свае кайданы І адкінь лушпінне сну. Уставай жа, неўтаймоўны, Будзь нядрэмны між людзей І ваюй, натхнення поўны, За трыумф сваіх надзей!Гучны грукат абвяшчае ўзыход сонца.
Арыель
Чуйце, як спяваюць Оры{128}! Абвяшчаюць духаў хоры Узыход свяціла скоры. Ўжо грукоча брама неба, Ўжо туркочуць колы Феба, Сонца нам яны вязуць! Граюць трубы, барабаны Гімн узнёслы, нечуваны — Хоць не ўсім яго пачуць. Шпарка, шпарка, эльфы-дзеткі, Пахавайцеся за кветкі, Хто ў траве, хто пад скалой! — Хто змарудзіць, згіне той!Фаўст
Ты зноў, жыццё, мне сілы ўзварушыла, Мяне лагодная вітае ціша! Зямля! Ты боль мой горкі патушыла, І ўжо душа мая вальготна дыша, І я адчуў прыліў натхнення свежы: Яно мае імкненні раскалыша І пазаве ў жыццёвыя бязмежы. Прачнуўся свет, адолеў морак цесны, Акрыў туманам гор наўкольных вежы, Развесіў мглы срабрыстыя павесмы На шумны бор, на вольныя даліны; Праменіцца ў святле ўвесь край нябесны,— Вось п’юць жыццё лісточкі і галіны, І ўжо блішчаць наўкол расы каралі, І досвітак яснее штохвіліны, Прадметы ўсе з імглы павыплывалі… Дзівосная карціна! Рай! Світае! Угору глянь! — Вяршыні горда ўсталі, На схілах іх святло іскрыста грае. Вы, кручы і заснежаныя пікі, Вы першыя, хто сонца сустракае І адбівае радасныя блікі Адвечнага нябеснага свяціла На край нізін, прыцішаны, вялікі. Яно ўзышло! Мне вочы асляпіла! Я не магу глядзець на зыркасць гэту! Вось так і ў нас не раз палала сіла І асвятляла велічную мэту. Ды раптам, адчыніўшы мараў дзверы, Ты спынішся, бо іскарка імпэту, Разгубленасці, страху, марнай веры Не можа распаліць агонь жыццёвы, Калі наўкол агністыя хімеры! Любоў? Нянавісць гэта? Гнеў суровы? — Баліць ад шчасця нам і ад пакуты У моры вогненным, і мы гатовы Зноў на сябе надзець зямныя путы,— І мара новая нас прывітае. Зірну навокал я: жыццё усюды! Вось вадаспад, грукочучы, спадае. Я радасна гляджу, як ён з разгону Распырскваецца, скалы залівае І рве каменныя муры палону, Грымучы, люты, пеністы, шыпучы, У ярасці нястрыманага звону! У пырсках перагнулася на кручы Вясёлка яркая: то загарыцца, То зноў рассеецца, як пыл бліскучы, То фарбамі празрыстымі зальсніцца, Рассыпле каляровыя асколкі. Угледзься лепш: вось так жыццё іскрыцца, Як гэты водбліск радасны вясёлкі.