Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Імператар (пасля роздуму, Мефістофелю)

Што скажаш ты? Ідзі у сведкі.

Мефістофель

Што я скажу? Аслеп ад бляску, Прымаючы тваю, манарша, ласку. Не веру я, што гэтакую ўладу Давесці можаш ты да заняпаду, А розум твой і войска ў акурат Заўсёды падтрымаюць добры лад. О не, як можа пахіснуцца сіла, Калі рулюе божае свяціла!

Гоман натоўпу

Вось дык трапло, знайшоўся зух! Ён блазен спрытны, не лапух! Ён ашуканец, хітры ліс — Падсуне нам рэформаў спіс.

Мефістофель

Усім сваё баліць на белым свеце! І вас, напэўна, грошы падвялі? Хай не валяюцца яны, як смецце, Разумны іх дастане з-пад зямлі. У тайніках, у рудах залатых Багацця хопіць вам на ўсіх. Ды толькі хто яго ў казну паложыць? Мудрэц, што сілу духам і прыродай множыць.

Канцлер

Прырода, дух — пад’юджвае нячысты! Заплацяць нам за гэта атэісты! — Занадта распладзіліся яны. Прырода — грэх, а дух — ад сатаны! І ў плод яднання іх уліта Сумненняў зло, бы кроў гермафрадыта. А ў нас ёсць, дзякуй богу, свой закон. Ёсць дзве апоры пад дзяржаўны трон — Царква і рыцарства; ад шкоды Яны ўбароняць нас заўсёды; Не дзіва, што законы нашы і правы Шануюць гонар ордэна й царквы. А мудрацы, як чэрнь, ім волю дай — Ідэямі ўзбунтуюць цэлы край. Яны — адступнікі і ведзьмары, Уладу ганяць, бэсцяць алтары; Ты — блазен толькі, не раўня нам, Жартуй сабе, ды будзь рахманы, Ты блізкі і душой і сэрцам Схізматыкам, плебеям, іншаверцам.

Мефістофель

Фантанам плешча ваша мудрасць, пан! Чаго не ведаеце — тое зман, Чаго не мацалі — без ліку тое, Чаго не схопіце — усё пустое, Чаго не ўзважылі — усё мана, А хто без грошай — грош таму цана.

Імператар

Нам казань і велікапосны плач Не кампенсуюць стратаў і нястач. Абрыдла мне спрадвечнае пытанне — Не радца той, хто грошай не дастане!

Мефістофель

Зраблю, што ўмею: гэтай ношай Я не намуляю плячэй — Такую штуку ўрэзаць найлягчэй, Але без працы не дастанеш грошай. Вось уявіце: ў час вайны, бывала, Калі чужынец сеяў смерць і жах, Усе, каго навала ўпрочкі гнала, Сваё дабро хавалі ў тайніках. Не кожны змог да лепшых дзён дажыць. А скарб сабе цалюсенькі ляжыць З часоў старога, спаленага Рыма — Належыць Вашаці зямля з грашыма.{132}

Скарбнік

Хоць дурань, а сказаць разумна ўмее! — І сапраўды ж — царова прывілея!

Канцлер

Намовы сатаны амаль у кожным слове! Нядобра, брыдка думаць так, панове.

Кашталян

Мне ўсё адно, ў каго браць грошы — Ці то ў нячыстага, ці то ў святошы.

Военачальнік

Разумны дурань бачыць сутнасць свету: Салдату горш за ўсіх — гані манету!

Мефістофель

Вы мне не верыце? Ну што ж, тады — Спытайцеся ў вучонай барады: Астролаг тут жа вычытае з зорак Багацце вам, галечу і паморак.

Гоман натоўпу

І той, і гэты — звадыяш. Як бобам сыпле дурань наш! Адзін у песенькі канец — Ля трона дурань і мудрэц.

Астролаг (гаворыць з падказкі Мефістофеля)

Найбольшы скарб — то Сонца залатое;{133} Вястун Меркурый — прагны; ды затое Венера не жадае людзям злога, Уцешыць і старога, й маладога; Цнатлівы Месяц спакушае нас; Ваеннай сілай пагражае Марс; Юпітэр прыгажосцю цешыць вока; Сатурн халодны ад душы далёка: Ён як метал, не надта дарагі — Хоць вельмі цяжкае вагі. Найлепш, як Сонца з Месяцам да пары! Тады хутчэй збліжаемся да мары, Бо двор, сады, жанчын, палац з дабром Аплаціш золатам і серабром І гэтым ключыкам адчыніш дзверы Ва ўсе замкнёныя кругі і сферы.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: