Шрифт:
Мегера
Калі ж яны асмеляцца пабрацца, Дык столькі я ў іх шлюб улью атруты, Пякучай жоўці і сямейнай смуты, Што праз жыццё ім будзе адрыгацца. Што знаю я ў людскім метамарфозе? Няма граніцы чалавечым марам: Здабыты скарб аддаць вам могуць дарам, Пагрэўшыся, сумуюць па марозе. Найбольш за ўсё люблю губіць людзей я, Калі яны адно другому ў пару, Бо тут не цяжка напусціць кашмару Ад дэманічнай страсці Асмадзея{143}.Тысіфона
Што атрута? Злыя пашчы? Здрады напушчу заразу! Хто кахае дзвюх адразу, Той ужо зусім прапашчы. За пацехі і забавы Прыйдзе, прыйдзе час расплаты — Будзе гонар твой распяты Горкай славаю няславы. Хто даруе зло, падманы Або выкажа спагаду? Нават рэха ганіць здраду: Паўтарае: «Згінь, паганы!»Герольд
Рассуньцеся! Яшчэ адной грамадзе Дарогу высцелем на маскарадзе, Вунь слон ідзе — сапраўдная гара. Якія вушы, біўні, ногі-ступы! Я дам вам ключ разгадкі гэтай групы: На спіне пасярэдзіне шатра Сядзіць жанчына, незалежна, ўладна, І тоненькім кіёчкам далікатна Дарогу ўказвае; між тым другая Рукою ўсіх гасцей вітае. А па баках, закутыя ў кайданах, Дзве паланянкі крочаць на арканах; Адна, як пліска, спуджана трасецца, Другая страху не бярэ да сэрца. Дык, можа, самі пані зробяць ласку І ўрэшце здымуць з твару маску?Апаска
Лямпы, свечкі і паходні Мігацяць ужо з смугі. Уцякла б я з гэтай сходні,— Не пускаюць ланцугі. Блазны, дурні, скіньце маску! Прэч адгэтуль! Я дрыжу! Рупіць вам забіць Апаску, Загубіць маю душу. Тут злачынцаў цэлы табар; — Глянеш — проста зубаскал, Нават твой, здаецца, сябар, А пад маскаю фіскал. Як пабегла б я з палаца, Ды трымаюць кайданы,— І нідзе не ўратавацца Ад пагроз і ад труны!Надзея
А як скончыцца гулянне, Як уранні сонца ўстане, Я і сёстры здымем маску, Каб паўстаць у поўным бляску. Мы тады па добрай волі Пагуляем на прыволлі, Будзем цешыцца, смяяцца, Красавацца, мілавацца, Будзем песціцца, кахацца Без турбот за маскарады — Будуць людзі ўсе нам рады, Будуць мары ўсе збывацца. Верыцца заўсёды мне — Шчасце нас не абміне.Мудрасць
Ад Надзеі і Апаскі Ўсе няшчасці і заганы, Бо і ў масцы і без маскі Нам яны касуюць планы. З-за слана-калоса з ношай Непакоюся я мала, А сясцёр з душой варожай Кайданамі я скавала. У шатры ў слана на спіне Едзе, горда ўзняўшы крылы, Найсвятлейшая багіня, Ў німбе смеласці і сілы. Бляск — яе вянчае справы, Хто яна — спытай любога: Барацьбы багіня, славы, А імя ёй — Перамога.Заіла-Тэрсіт{144}
О, як дарэчы! Зараз вам Брыдотнай лаянкі паддам. Той Перамозе на слане Паддам я нават удвайне. Заганарылася, задрала нос: Я ж бо Вікторыя, калос! — Жадаючы, каб люд усіх дзяржаў Прад ёю кленчыў і дрыжаў! Ахвотніц славы, перамог — У воз саміх бы я запрог. Адно мне толькі па нутры: Карціць — нагамі дагары Перавярнуць усё падрад: І лоск, і пыху, і парад — Вось гэта быў бы маскарад!Герольд
Я на цябе, пракляты сметнік зла, Не пашкадую і свайго жазла! Дзе ж гэты гад? Ён сціснуўся ў камяк. Стуліўся, ссунуўся, абмяк — Няма… вось толькі яйка… Яйка тое Расце і пухне, як жывое… І на вачах збялелых дам Са шкарлупы палезлі блізнюкі: Кажан і змей. І нацянькі — Кажан на крылах, змей уплаз — Хутчэй пакінулі палац, Каб зліцца зноў і разам жыць. Я б не хацеў там трэцім быць!