Вход/Регистрация
Фаўст
вернуться

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Мефістофель

Каб то на Брокене, клубок я гэты Разблытаў бы. А тут паганец-грэк, Варожы духам, вольнасцю сагрэты, Такі салодкі тут, панадны грэх, А мы, па сутнасці,— аскеты. Дык што рабіць?

Гамункул

Здаецца мне, Не лішне будзе зуху-сатане Да фесалійскіх ведзьм пазаляцацца.

Мефістофель (пажадліва)

А што? Даўно хацеў да іх дабрацца — Такіх вось прыгажух — ды мне! Хоць я не надта каб ахвочы Ў амуры бавіцца штоночы, Ды як жа чорт не рызыкне Дзеля знаёмства, для спадобы, Як той казаў, для першай пробы…

Гамункул

Тады здымай свой плашч з плячэй І ахіні ім Фаўста! І хутчэй Ляцімце ў элінскі вясёлы край! Я буду вам свяціць!

Вагнер (спалохана)

А я?

Гамункул

А ты бывай! Твары, даследуй, вывучай пачаткі, Накладвай на пергаменты пячаткі, Абдумай Як, абдумай Што як след, А я пайду ў шырокі свет Шукаць прыгод сабе, тады Пастаўлю кропачку над «і»{159} І дасягну сваёй вышэйшай мэты. За працу гэтую, за ўчынак гэты Здабуду славу, шмат дабра, Ступень вучоную. Ну, нам пара! Бывай!

Вагнер (скрушліва)

Бывай! Ці скора ўбачу Цябе я зноў? Мне цяжка, сэрцам плачу.

Мефістофель

Хутчэй к Пенею! Пан жаніх — Пад’едзе к паням з кутасамі.

(Ad spectatores){160}

Так мы залежым кожны міг Ад крэатур, якіх стварылі самі.

Класічная ноч Вальпургіі

Фарсальскія лугі{161}

Цемра.

Эрыхта{162}

Ізноў на фэст начны, на свята жудасці Прыйшла і я сюды, Эрыхта змрочная; Аднак не гэткая ўжо я злавесная, Як незычлівымі людзьмі апісана, Якія меж у пахвале не ведаюць І ў лаянцы… Гляджу, ужо бялеюцца Унізе ў лагеры шатры ваенныя, Бы пробліскі ў начы хімернай, прывіднай Як часта ўсё, як часта паўтараецца І часта паўтарацца будзе ў вечнасці! Ніхто ніколі сілаю здабытую Уладу не аддасць самохаць іншаму. Ён з ёю не расстанецца, ён мерыцца Падмяць суседа і над ім узвысіцца. Тут бой кіпеў, ён стаў найлепшым прыкладам Таго, як гвалт гвалтоўніка адольвае, Як са свабоды рвуць вянец расквечаны, Як лаўр святы карону ўлады ўвенчвае. Калісь Пампей тут прагнуў славы — Велічны, І Цэзар з ім за ўладу сілай дужаўся. Мы вынікі змагання добра ведаем. Агні гараць бівачныя… барвяняцца… І дыхае зямля крывёй пралітаю. І звабленыя ззяннем ночы змрочнае, Злятаюцца істоты міфаў элінскіх, Героі бітваў колішніх збіраюцца, Ад вогнішча праносяцца да вогнішча. І месячык, над полем бітвы ззяючы, Лагодны бляск навокал распраменьвае; Шатры знікаюць… Стыне жар на вогнішчах… А нада мною?.. Метэор праносіцца. Ён асвятляе штось целападобнае. Жыццём павеяла! Цяпер няварта мне Жывых вітаць, бо я нясу пагібель ім; І так я ўжо наветамі зняслаўлена… Пайду… Зніжаецца яно… нязнанае…

(Знікае.)

У вышыні аэранаўты.

Гамункул

Абляцім, панаглядаем Вогнішчы, прастору свята: Над шырокім гэтым краем Духі бавяцца заўзята.

Мефістофель

Дома я, у родным Гарцы, Шмат нагледзеўся ўсяго, І тутэйшыя паганцы, Можа, прымуць за свайго.

Гамункул

Бачыш, хтось даўгі, як посах, Бегчы кінуўся ў кусты.

Мефістофель

Нас угледзеўшы ў нябёсах, Даў са страху — лататы.

Гамункул

Хай бяжыць, калі баіцца. Ты лепш рыцара спускай — Марыў ён перарадзіцца, Зведаўшы антычны край.

Фаўст (дакрануўшыся да зямлі)

Дык дзе ж яна?

Гамункул

І сам не знаю, Але ў тубыльцаў распытаю. Калі ў душу табе запала, Дык сам шукай з усім запалам, Бо ўсякі страх адолеў ты, Пабыўшы ў царстве пустаты.

Мефістофель

Ну, тут я маю свой інтэрас. Давайце лепей праз і цераз Мясціну паасобку пройдзем, Глядзіш, прыгод якіх і знойдзем. Калі ж абрыдне ўсім Фарсал, Падасць Гамункул нам сігнал.
  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: