Шрифт:
«Дык пра гэта ж гаварылі мы з Кураглядавым, калі той забіраў Адама… — успомніў ён. Жахнуўся. — Божа мілы, чаму ты тады засляпіў ад крыўды мой розум? Чаму ты не адняў тады мой язык?»
— Бачыце: нам усё вядома?!
— Вам гэта нагаварыў наш старшыня сельсавета… — прамовіў ён.
— Дык гэта — праўда ці не?
— Не.
— Як — не? — нібы на кручку, трымаў яго лейтэнант. — Вы маеце іншую, добрую, думку пра СССР?
— Каб нешта пэўнае гаварыць, трэба нешта пэўнае ведаць. Я ж не жыў там, дык добра ўсяго не ведаю.
— А ў прынцыпе?
Францішак Грыгарцэвіч запнуўся, спытаў:
— Выбачайце, пра што вы пытаеце?
— У прынцыпе вы «за» альбо «супраць» ідэй марксізму-ленінізму, Кастрычніцкай рэвалюцыі, сацыялізму?
— Я не такі адукаваны, каб пра такое гаварыць, — пасміхнуўся ён.
— Пытанне стаўлю ў іншым ракурсе: чаму, як вы кажаце, многага і вялікага не ведаючы, тым не менш заўзята дыскрэдытуеце СССР, сацыялізм? Вы робіце гэта на падставе нянавісці, атрыманай спачатку ў буржуазнай Польшчы, а пасля ў фашысцкай Германіі? Ці з падбухторвання тых, хто ў лесе?
Грыгарцэвіч змаўчаў. Раптоўна закружылася галава, вочы засланіў нібы туман. Здаецца, паплыла пад нагамі зямля. Ён душой адчуў: не столькі трапіў ў сетку, як на яго шыю ўжо бязлітасныя рукі накінулі пятлю. Пайшла гутарка пра палітыку, і пра палітыку вялікую. А дзе вя-лікая палітыка, там для простага чалавека — не толькі неразбярыха, але часам і згуба. Бо палітыкай займаюцца не толькі адукаваныя, разумныя, але і хітрыя ды жорсткія людзі.
— Падказваю, — канечне, адчуўшы яго душэўную разгубленасць, наступаў лейтэнант, — добраахвотнае прызнанне змякчае віну. Так што, грамадзянін Грыгарцэвіч, вам лепш не маскіравацца, не ўпірацца ды выкручвацца, а сумленна прызнацца ва ўсіх сваіх грахах.
— У якіх?
— Слухай! — лейтэнант імгненна наліўся чырванню, бухнуў па стале кулаком. — Хопіць прыкідвацца святой авечкай альбо прастачком! Я наскрозь цябе, кулака, бачу! Усё тваё звярынае нутро!
— Звер ёсць звер. I не кожны звер — драпежнік альбо людаед.
— Хопіць! — ужо зароў гаспадар пакоя. — Хопіць, такую тваю, папоўскіх пропаведзей! Мне трэба іншае. Мне трэба, каб ты, хутаранская, кулацкая поскудзь, шчыра і сумленна расказаў пра сваю скрытую варожую дзейнасць, пра агітацыю супраць Савецкай улады, супраць самага перадавога і гуманнага ў свеце гаспадарання — супраць калгасаў…
— Я, яшчэ раз кажу вам, не паліцік, — прамовіў Грыгарцэвіч. — Калі, бывае, што скажу, дык я на тое жывы чалавек, каб думаць і гаварыць, запытаць пра тое-сёе ў людзей.
— Дык усё ж — думаеш, гаворыш? Агітуеш? — загарэліся ў таго дагэтуль жаўтаватыя, а цяпер нейкія незвычайна ўзбуджаныя, злосныя вочы. З хвіліну памаўчаў, свідруючы яго гнеўным позіркам, а пасля, мусіць, сам супакоіўшыся, зноў «завыкаў»:
— Калі, дзе, з кім гаварылі ў апошні час?
— З Кураглядавым. У сваёй хаце.
— Дзе, з кім яшчэ?
«Назаві каго — пацягнуць і таго…»
— Нідзе і ні з кім.
— Няшчыры, абманшчык вы ў такім паважаным узросце! Мы ж добра ведаем: вы разам са сваім пляменнікам, кавалём, — зірнуў на паперку перад сабой, — Сцяпанам Грыгарцэвічам, збіраецеся на тайных, хутаранскіх, антысавецкіх сходках і бэсціце Савецкую ўладу, замышляеце супраць яе варожыя, тэрарыстычныя акты. I хочаце ажыццявіць іх, пачаўшы з ідэйна адданага, нядаўняга партызана таварыша Кураглядава. Адпаведна, падрываючы аўтарытэт, уладу прадстаўніка Савецкай улады, вы скіроўваеце ўдар супраць марксізму-ленінізму, супраць пралетарыяту, сацыялізму і асабіста супраць таварыша Сталіна.
«Што яму, таму Сталіну, зраблю, калі ён далёка і высока? Але ясна адно: скажы хоць слова супраць Сталіна, ты — нелюдзь… Вораг усім людзям, усяму свету. А што гэта значыць? А гэта значыць тое, што яны, тыя, што сядзяць высока, не любяць нас, баяцца нашага праўдзівага слова… Даюць волю трэсці нас…»
— Ну, — падагнаў лейтэнант, — прызнавайцеся!
— У чым?
— Кінь, такую тваю, міраед! — зноў грукнуў па стале кулаком той. — Ёсць неабвержаныя доказы, што якраз вы са сваім пляменнікам трымаеце ў сваіх руках усю вёску, фарміруеце яе антысавецкі погляды.
— Бажуся вам, ніякія мы не падбухторшчыкі!
— Гэта — па-вашаму. А па-нашаму, вы ўсімі адкрытымі і патайнымі сродкамі перашкаджаеце ўсталёўваць іншую свядомасць, новы, савецкі лад.
— Дарослы чалавек, але такое гаворыце, — усміхнуўся Грыгарцэвіч. — Хіба двум па сіле стаць на дарозе ўладзе?
— Канечне, удвух вы не стрымаеце Савецкай улады, рукі кароткія ў вас, — працадзіў скрозь зубы вайсковец. — Але, паўтараю, у сваёй вёсцы вы, зламыснікі, адпаведны, нелаяльны, клімат ствараеце.