Шрифт:
— У кожнага свой розум. Кожны сам бачыць: дзе — дабро, а дзе — зло.
— Мацёры аднаасобнік-уласнік! Ты, хітруга, можа, з абрэзам не пойдзеш. Ты — двудушны, са змяіным джалам. Ты, гад, супраць калгасаў.
— Чаму вы гэтак смела гаворыце за мяне? — запытаў ён.
— Я, такую тваю, нутром адчуваю. Класавым чуццём! А па-другое, у трыццатыя гады нагледзеўся на вас, кулакоў! Я, — сціснуў кулакі, — як арэхі, расколваў багатых і варожых! Знішчаў, як драпежнікаў!
— Выбачайце, — ціха прамовіў Грыгарцэвіч. — Вы — хто? З рабочага люду альбо з вёскі?
— Якое гэта мае значэнне? Я — чэкіст! Камуніст-інтэрнацыяналіст!
— Глядзіце, — уздыхнуў Грыгарцэвіч. — Паклічуць некалі і вас на Страшны суд!
— Не палохай, — звузіў вочы лейтэнант. — Пакуль нехта, дык мы вас забралі на наш праведны суд!
— Які ён праведны, калі вы гвалтам хапаеце, без віны вінаватым робіце!
— Невінаватых і сумленных не чапаем. Бяром за хобат такіх, як вы.
— Надта не палохайце, скажу я вам, — абурыўся стары, верачы, што яго, невінаватага, рана-позна адпусцяць дадому, а гэтаму прыдзіраку наківаюць пальцам за грубасць. — Вялікай віны за мной не было і няма. Ні перад людзьмі, ні перад вамі. Я ніколі нікога не абакраў, не забіў, не ссільнічаў і не абылгаў. I ў паліцыі альбо старастам не быў. Я працую на гаспадарцы, мала падымаю галаву ад зямлі, дзяцей і ўнукаў на ногі стаўлю. Калі трэба, дык і суседу памагу.
— Ай-яй-яй! — закруціў той галавой. — Сама святасць!
— Я не святы, просты чалавек, але, кажу, не злодзей, не бандыт.
— Не, стары хітрун, — заківаў лейтэнант пальцам. — Нас не падманеш. — Падсунуў да яго паперы. — Падпішы.
Пакуль ён учытваўся, разбіраў, што напісаў следчы, той узяўся званіць па тэлефоне. Дазваніўся.
— Таварыш капітан, гэта я — лейтэнант Сідарцоў.
Паслухаў крыху.
— Так, дапрасіў, — сказаў потым. — Як і трэба было чакаць, гэты хутаранін з антысавецкімі замашкамі ніякай сваёй віны не прызнае, маскіруецца і вешае лапшу на вушы. Ёсць, затрымаць і адправіць у КПЗ.
Грыгарцэвіч так і не дачытаў нязграбна напісанага пратакола; неўзабаве выкліканыя вайскоўцы ўвапхнулі яго, ашаломленага, у змрочную прысадзістую машыну-будку, у закратаваную загарадку (насупраць сеў адзін з узброеных салдат), і яго павезлі пад вартаю, як злачынцу.
17
Праз паўгадзіны, калі яго перадалі таўсматаму злому старшыне, калі той запісаў «дадзеныя», даў яму нумар 207, абмацаў з ног да галавы, адабраў сцізорык, грошы і рэмень, Грыгарцэвіч упершыню ў сваім жыцці апынуўся ў «казённым доме» — КПЗ.
У камеры было паўзмрочна ўжо (яна была на большую палову ў зямлі, выкладзеная цэглай, на двор выходзіла толькі невялічкае закратаванае, з ма-тавымі тоўстымі шклінамі акенца) — здаецца, за палякамі тут быў мясны склад гандляра Рабіновіча. Але цяпер патыхнула не саланінай ды вяндлінай — холадам, чалавечымі адыходамі: пры самым парозе, як адразу ўчуў, а потым і ўбачыў, стаяла напалову напоўненая ражка. Уздоўж сцен — два паверхі дашчаных нараў. На іх — здаецца, з дзесятак маладых і пажылых мужчынаў. Некалькі (у кажушках, валёнках) — вясковыя, астатнія (у куртках ды паліто) — гарадскія.
— Заходзь, баця, не бойся, — пачуўся знарочыста бадзёры голас з дальняга, малабачнага палка. — Міласці просім у нашу святую абіцель, да нашай пачэснай кампаніі.
Ён збянтэжана патаптаўся: вольны быў толькі бліжні верхні палок. Пры дзвярах, гэта значыць на скразыяку, і паблізу гэтай смярдзючай бадні. На ўсіх іншых палках, выцягнуўшы ногі, ляжалі людзі.
— Дзяньдобры вам, — павітаўся, нагінаючы галаву. Усе ж такія няшчасныя, як і ён.
Адказалі на розныя галасы:
— Дзяньдобры.
— Здраствуй, дзед.
— Прывет.
Паўзіраўся: можа, ёсць хто са знаёмых. Не, здаецца, усе чужыя.
— Займай, баця, вольнае, ганаровае для навічка месца, — прагучэў той жа малады голас. — Калі яшчэ прыбудзе папаўненне, то ўжо яно будзе мець гонар легчы на доле.
Ясна: тут свой лад, свае начальнікі і падначаленыя. Грыгарцэвічу хацелася, каб калматы чалавек у пакамечаным плашчы і брудных чаравіках, які ляжаў на ніжнім палку, падцягнуў ногі, дазволіў прысесці, памог асвойтацца ў незнаёмым, загадкавым для яго месцы, але той, ходь і адчуваў ягонае жаданне, нават не па-варушыўся.
З верхняй кутняй лаўкі скінуў ногі, споўз долу чала-век. Не то падлетак, не то нізкі малады мужчына. У ботах, у доўгім чорным паліто і нацягнутай на вочы кепцы. З касмылямі за вушамі і на шыі, аброслы шчэццю. Значыць, дарослы ўжо чалавек. Вочкі — свярдзёлкі. Грэбліва зірнуў на яго валёнкі, прагна агледзеў кажушок.
— Грыша, — тыцнуў яму невялікую брудную руку, схапіў ягоную. Паспрабаваў сціснуць, але не змог як след абхапіць яго шырокую, як лапатка, далонь, тоўстыя пальцы. — А цябе, баця, як зваць-велічаць?