Мележ Іван
Шрифт:
— Каяцца позна, а падумаць пра гэта можа i не лішне, — сказаў Марцін. — Трэба дбаць не толькі пра сябе. Не адна ты ў калгасе. Даражыць трэба, адным словам, сям’ёй нашай…
Наперадзе ў дзіўным месячным прыцемку шырокі i модны голас усіх жней, падтрымаўшы ласкавы задумлівы альт, журыўся:
Шэры гyci, ой, шэры гyci дый на моры начуюць. Ой, шэры гyci дый на моры начуюць. Яны мае, ой, яны мае дый усё горачка чуюць.Насця таксама заспявала ціха, легка, але без пачуцця. Раптам яна сціхла:
— Пра сям’ю ты правільна гаворыш, Марцін… Каб думала я пра яе, не стала-б я ўзводзіць на Алену такое без доказу… i жняярку не ўзяла-б…
Яна абняла сяброўку.
— Шчаслівая ты, Настуля, — прамовіла раптам з тугою i задуменнасцю Алена. — У сарочцы нарадзілася. I прыгожая, i ўдачлівая. I чалавек жывы… Усюды ты шчаслівая!..
— От нашла што казаць! Дык ты прыйдзеш, Алена…
— А як-жа, прыйду…
1946 г. Глінішча
Павел прыехаў
Насця толькі што вярнулася ў хату, правёўшы кагосьці з гасцей. У пакоі стала прасторна i ціха, — пайшлі госці i панеслі разам з сабою i шум, i крыкі. За сталом сядзелі адны Павел ды Марцін.
Насця зморана апусцілася на лаўку, паклала абедзве рукі на ўскрай стала, нібы ёй самой цяжка трымаць ix, спакойна акінула чорнымі, зацененымі бяссонніцай вачыма таварышаў. Марцін хрыплым пасля песень i гарэлкі голасам апавядае пра нейкую партызанскую засаду. Правая Марцінава рука ляжыць на Паўлавым плячы, пальцы трымаюцца за пагон; здаецца, што Марцін толькі што абымаў таварыша. Павел слухае з цікавасцю, у вузкіх шэрых яго вачах час-ад-часу ўспыхваюць неспакойныя агеньчыкі…
Колькі-ж гэта яны будуць апавядаць адзін аднаму пра свае баі i засады, напэўна, канца не будзе іхняй размове, а на дварэ пачынае світаць. Насця знарок шырока пазяхнула i сказала:
— Пілі, елі, маладую бачылі? Пара i чэсць ведаць…
— Як тэта? — нібы не зразумеў Марцін. У кутках яго вуснаў затрапятала затоеная ўсмешка.
— А так — трэба ўставаць з-за стала.
— А-а, вунь што, загадваеш, значыцца, эвакуіравацца…
Марцін падняўся, падзякаваў Паўлу i Насці за пачастунак.
— Мусіць, i добра, што загадала, бо мы, пэўна, яшчэ сядзелі-б тут, сядзелі, ліха яго ведае колькі… Глядзі, Павел, ужо ноч сыходзіць?!.
На развітанне працягнуў Паўлу руку. Той рукі не падаў, прамовіў, зашпільваючы каўнер кіцеля:
— Я цябе правяду.
I вось — яны ідуць па маўклівай, зацягнутай ранкавым прыцемкам вуліцы, два шчырыя сябры, Марцін i Павел. Ідуць разам — упершыню за доўгія гады ростані. На вуліцы ні аднаго чалавека. Пад нагамі шамрыць прамочаны начной вільгаццю пясок.
Міма праходзяць ціхія хаты, сочаць за таварышамі соннымі, чорнымі вокнамі. Каля хат цёмныя здані дрэваў, што прыселі да зямлі ад цяжару галля, — сады; ад ix патыхае водарам налітых вострым сокам яблык.
Здалёку, з тока, даходзіць ціхае мармытанне. Малоцяць. Павел слухае гэтую гаворку, i ў сэрцы яго трымціць нешта напоўзабытае, як успамін маленства.
Сябры ідуць і, паддаючыся маўклівасці раніцы, маўчаць. Абодва адчуваюць, што яны сягоння блізкія i дарагія адзін аднаму, як браты. Каля хаты, у якой жыве Марцінава сястра, спыняюцца.
— Ідзі, Насця там чакае, не дачакаецца, — штурхае Марцін сябра ў бок, потым дадае з таварыскім дакорам. — Ты так i не расказаў нічога пра той бой за Берлін.
— Раскажу калі-небудзь… Цяпер, браце, у мяне не тое на душы — усё ніяк не нагляджуся на маіх партызанаўцаў… не надыхаюся, як пахне ў нас «спасаўкамі».
Павел шумна i прагна, на поўныя грудзі, увабраў ранішнюю свежасць, настоеную пахам яблык.
— Эх, каб ты ведаў, што мы адчувалі, калі вярнуліся з лесу, — успомніў Марцін. — Поўсяла, як пустыня, толькі попел ды галавешкі… Сэрца крывавымі слязьмі абліваецца… A ўсё роўна, ведаеш, радаваліся звароту…
— Хораша ў нас, Марцін, — шырыня, прастор… Там, у Нямеччыне, — неяк цесна, вузка, гняце ўсё… Кожны аддзяляецца каменнаю сцяною. Толькі за свой куток ды свой шнурок дрыжыць — дзіка мне ўсё гэта было. Я табе калі-небудзь пад настрой раскажу абавязкова… Прыехаў дамоў, дык лягчэй уздыхнуў. Шырыня, прастор!..
— А мне сягоння, прызнаюся, больш за ўсё да сэрца музыка. — Марцін змоўк, прыслухаўся. — Чуеш?
Павел, які ўвесь час мімаволі прыслухоўваўся да шуму малатарні, адказаў:
— Чую…