Шрифт:
Увяселены маладым імпэтам і мяккай абрыкосаўкай, Дубоўка нагаварыў цэлую паэму кампліментаў чарнавокай студэнтцы з паляшуцкім узьлётам броваў, а калі праз колькі гадзінаў тая (яе звалі Наталя) зазьбіралася дамоў (выявілася, што жыла непадалёк інтэрнату і прыходзіла да сябровак абмяняцца кнігамі) – узрадаваўся й першым вызваўся праводзіць. Без «аглабельнай» іх адпусьціць адмовіліся, і ён скарыўся, на разьвітаньне нават прадэкламаваў тост – як уражаньне ад наведваньня старога Харкава:
Прылажы да долу вуха: аж зямля дрыжыць і стогне. Скогат, скарга, скелзы скрухі дасталіся на сягоньня… Дык няхай бражджыць навала, троп-у-троп, пакуль ня згасьнем. Нас бяда пасынкавала, гадавала перагаса. Жыць аднойчы давялося: налівай атруты корап! «Калупаць ня трэба ў носе», бо у вочы пальцам пораць.Разьвітваліся пад апладысьменты – як даўнія знаёмцы.
– Толькі ж не забудзь, што заўтра ранкам ад’язджаць да старога Кодака! – падкузьміў Сасюра. – Зрэшты, і Наталі нагадай, і яна ж з намі выпраўляецца…
Так, і заўтра Наталя будзе побач. Ад Старога Кодака пачыналася іхняя вандроўка па легендарных парогах Дняпра, і Наталіна прозьвішча – як паэтэсы-пачаткоўца – таксама было ў агульным экскурсанцкім сьпісе.
На вуліцы дашчэнту ўхмяліла вясновая сваволя. Яны яшчэ доўга хадзілі начнымі вулкамі, а затым, разьвітаўшыся, ён да самага ранку, блукаючы па незнаёмым горадзе, шукаў сваю гасьцініцу – і не пасьпеў прыдрамаць нават на хвілю. Зрэшты, спаць ня змог і па дарозе ў Стары Кодак: побач зноў была Наталя-Наля….
…Першы дуб – вялікая хваёвая лодка – ідзе на сярэдзіну Дняпра, паварочваецца і, падхоплены плыньню, выпрамляецца. Грабцы (ён, сасюра і два суправаджатых) узьнімаюць вёслы і напружваюцца, як перад бойкай. Наля са сваёй сяброўкай-студэнткай сядзела на карме і затоена ўзіралася наперад, дзе яшчэ не было відаць, але ўжо можна чуць кодаўскі парог. Ён – як недалёкі вадаспад – шуміць і грукоча на ўсю ваколіцу.
Сыра, холадна зранку. Высокія гранітныя берагі саступаюцца бліжэй, плынь мацнее; збоку, пад пасмамі туману, мільгаюць руіны замку, адзінокія таполі – і яму падаецца, што гэта яны (берагі, замак, дрэвы) адбягаюць ад страшнага ў сваім дзікім нораве парога, а лодка – зачапілася за штось і стаіць.
І раптам вада нібы ўзьвірыла ўверх, закіпела. Дуб ускочыў у самую бушу, шмаргануў дном аб парогавую закіп, задрыжэў. Пырскі гохкаюць у барты і заліваюць ногі. Яшчэ хвіля – і ўсё зьнікае. Парог гудзе ўжо за сьпіной, а яны – на аціхлай мутна-зялёнай роўнядзі.
Другі парог злаваўся збоку: калі берагі пачалі зноў звужацца і плынь паскорылася, яны павярнулі да абкладзенай гранітнымі глыбамі адводнай канавы. перад самым вялікім парогам – Ненасытцам – было дамоўлена зрабіць прыпынак.
Чакаючы астатнія дубы, яны расклалі агонь – і каб абсохнуць, і каб нагрэць вады.
– Хай тут дзяўчаты пагаспадараць, а мы давай разьведку Ненасытца правядзём, – прапанаваў Сасюра.
Да парога яны ішлі хвілін з дзесяць. З узвышша ім адкрылася велічная і страшная панарама: на сярэдзіне Дняпра, як аграмадныя клыкі, высіліся дзьве скалы. Вакол іх, набягаючы з ліхаманкавай хуткасьцю, віравала вада, бурштынілася на сонцы мільёнамі буйных пырскаў. Хвалі з загрыўкамі сьнежнай пены шалёна кідаліся ўніз, стагналі і біліся ў вясёлкава-туманную пыльцу.
– Пра гэтыя дзьве скалы ходзіць паданьне, – грукат вады быў настолькі моцным, што Сасюру даводзілася крычаць. – Сышліся на гэтым месцы на бойку два асілкі, казак і татарын. І кінулі адзін у аднаго гэтыя каменныя аграмадзіны. Казак быў дужэйшым – яго аскабалак даляцеў амаль да самага берага…
Яны спусьціліся з узвышку да каменнай грэблі і назьбіралі на беразе, пад пашчаманымі бярвёнамі, вядро аглушанай рыбы. Нізка над галовамі кружлялі злосныя чайкі.
– А адкуль тут столькі лесу? – Дубоўка паказаў на пашчаманыя бярвёны.
– З вашых краёў. На гэтым парозе разьбіваецца шмат плытоў, ня толькі рыба…
Калі дзяўчаты чысьцілі рыбу, Наля парэзала руку. Знайшлі бінт, туга абвязалі рану – і ўпраўляцца з рыбай пачалі хлопцы. І калі з берагу заўважылі другі дуб, акурат зварылася юшка.
…Ноччу, напрасіўшыся на начлег у ціхую прыдняпроўскую вёску, ён, успамінаючы мінулы дзень, і сам не заўважыць, як тыя згадкі пачнуць складацца ў верш – спавядальны, адкрыты:
Ты руку сваю забінтавала, маладая… як цябе і клікаць? Маё сэрца рвецца на кавалкі і сьціскаецца тугой вялікай. Вусны пацалую шчыра, моцна, прытуліся… Хай гавораць людзі: словы іх, як палыновы воцат, зьвінавацяць і мяне у блудзе. Ці ж я буду скардзіцца на крыўду: у душы паэта – чорт зламае карак. Плач душою, а часіны прыйдуць, сьлёзы завіюцца у каралі…Ён выйдзе да Дняпра – і зусім нечакана сустрэнецца з Наляй!
Разам яны прагуляюцца неспакойным берагам, зьвернуць у нізіну, дзе толькі-толькі пасьпела адшаргацець касавіца, сьцішацца на мяккім стажку, які – як тынам – абгароджвала шэрая пад поўняй сьцяна вясковага саду.
Ён абдыме яе за плечыкі і павольна прытуліць да сябе. Наля памкнецца прыўзьняцца, але ён схіліць яе голаў і прыпадзе да кунежных вуснаў. І адчуе, як зьлёгку ўздрыгне ейны станік, адчуе бурлівую віхуру ў сваіх скронях. І ўбачыць, як вышэй і вышэй узьнімацьмуцца з Наліных зрэнак нясьмелыя жаданьні.