Вход/Регистрация
Круг
вернуться

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

І загойдаецца ўсё навокал, замітусяцца іскрынкі зорак над імі. І абваліцца тын саду, і ўсё нябеснае мора хлыне на іх. Усё бязьмежжа – на іх! А затым цёплыя сузор’і – як зіхоткія касякі рыб – выплывуць з-пад стога і памкнуцца ўдалеч, да зманлівых бяскрайяў – на волю…

Калі ж раніца абмые нябеснае зрэб’е і на Уладзімеравым пераносьсі стануць відны рассыпаныя – як на цецеруковым яйку – кропелькі рабаціньня, яна пацалуе яго ў лоб і ўпэўнена скажа:

– Пайду будзіць нашых. Дняпро ня любіць соняў.

11.

Хоць з аднаго боку прывідным шыхтом паўставалі горы, а з друго­га – ад мора – раньнімі зялёнымі шатамі ганарыліся гонкія кіпарысы й карункавыя акацыі, – сонца прабівалася і на гэты шэрхлы грудок зямлі пад выцьвілым крыжам. Скраю – друз ламанага каменьня, далей, наў­круг, такія ж непрыглядныя магілкі, такая ж нясьмелая трава на сухім дыване леташняга пырніку.

Колькі яны стаялі моўчкі над магілай – і самі ня ведалі. Час, здалося, застыг, перастаў існаваць-валадарыць. Здрадліва падбіралася ўсьведамленьне марнасьці ўсяго зямнога, інакш чаму нават самым акрыленым і апантаным – такі скон: згарэць зьнічкай і застацца на гэтай неспачувальнай зямлі адно такім забытым размытым грудком… Ды і ці дакладна сваім? Гаспадыня «белага дома ля сіняй бухты» апісала гэтае месца вельмі падрабязна, аднак…

Зрэшты, ці мае тое якое-кольвек значэньне для сапраўднай вечнасьці? Песьня ж застаецца па-над усім гэтым – як чыньканьне крымскіх цыкадаў, як посьпеў марскога ветру ў блізкіх горніх лабірынтах.

Так і Максімавы песьні, думалася яму, застаюцца па-над зямнымі мітусьнёю-мітрэнгамі, і засталіся яны ля беларускіх васільковых ніў, а сюды, уліўшыся ў сонечную вясну, даляталі паглядзець, як варушыліся пад пяшчотным ветрам зялёныя сьвечкі кіпарысаў…

Фурман, які прывёз іх на гэтыя могілкі, не прысьпешваў, нібыта адчуўшы патаемную балеснасьць гэтых беларускіх юнакоў, – хоць, пэўна ж, меў яшчэ шмат клопатаў.

Да мора спусьціцца было немагчыма: за могілкамі пачыналіся паколатыя скалы, і хвалі стомлена біліся недзе зьнізу, нібыта пад зямлёй.

– Трэба будзе ў Менску паклапаціцца, каб паставіць на магіле годны помнік, – першым абудзіўся Александровіч. Яму штось адказаў Ажгірэй, а Дубоўка – як і ня чуў сяброў: задуменна ўзварушваў свой кароткі «вожык» (падстрыгся яшчэ ў Харкаве), хмурыў сакратаўскі – з аграмадную даланю – лоб і ўзіраўся ў ледзь бачную роўнядзь мора, чамусь ня сінюю, як уяўлялася дагэтуль, а шэрую. Пад скалістай стромай біліся аб камяні хвалі, і яму здавалася, што пачаў адчуваць тое рытмічнае гохканьне сваім целам. А яшчэ падумалася, ці не надакучае гэты хвалябой Максіму, ці ня будзіць ягоны зямны спакой?..

Маўчаў ён і ўсю гадзінную дарогу ў цэнтр Ялты. Трэба было неяк зноў дабірацца да чыгункі, каб вяртацца ў Менск. Іхняя сябрына, пэўна, ужо даехала з Харкава дамоў. Ён жа захацеў затрымацца ў вандроўцы яшчэ на які тыдзень: каб пабачыць мора, горы, крымскае сонца – і пакланіцца Максімавай магіле. Прапанаваў Александровічу, і той ахвотна згадзіўся, а ў вандроўную кампанію з’агітаваў яшчэ і Ажгірэя.

У Менск разам з узьнёслымі згадкамі, гаркавымі пачуцьцямі й камянём-талісманам з Максімавай магілы прывёз яшчэ адзін верш – «На магіле Максіма Багдановіча»:

Нават мора зьмяніла свой колер: стала ня сінім, шэрым. Пырскі салёныя носіць наўкольле, з іх жалоба снуе свой вэлюм… <…> Плач жа, сэрца, сьціскайцеся, грудзі, не зязюля – цыкады сьвіргочуць. Над табою – сьцюдзёнае груддзе, хараства больш ня бачаць вочы…

Тая паездка ў Ялту праз гады пачала ўяўляцца яму рамантычным паломніцтвам у паэтычную Меку. Над магілай Багдановіча, свайго першага і непераўзыдзенага куміра, ён раптоўна адчуў, што пасталеў. Пасталеў і ў жыцьці, і ў літаратуры. Час вучнёўства выбраны ім дарэшты. Наперадзе – час Паэзіі…

Праз некалькі дзён выявілася, што з Ялты ён прывёз і тое нябачнае, невыказальнае, неацэннае: упэўненасьць і натхнёнасьць паэта. Ён нібыта прычасьціўся ўзьнёслым, узвышаным – пад крымскім вясновым сонцам, ля Багдановічавай магілы, нібыта пераняў страчанае там Максімам, адшукаў і ажывіў.

Пачалі пісацца вершы – густа, лёгка. За тыдзень склалася паэма, назва якой прыйшла яшчэ перад горнымі ўзвышшамі: «Там, дзе кіпарысы». Сама сабою, без вымогаў і штучнага пазёрства, яго асьвяціла мастакоўская вера, мацнейшая, як думалася, за ўвесь гэты няпэўна-непрадказальны сьвет, вера, законы-скрыжалі якой яму б хацелася ўпісваць кожным радком сваіх вершаў, кожным словам: толькі калі зямны чалавек гаворыць з небам – ён Чалавек; некалі на сьвеце жылі адны паэты, яны не гаварылі, а сьпявалі свае думкі й пачуцьці вершамі; Адам прамаўляў да Евы чатырохстопным ямбам – самым узьвеўным і лёгкім паэтычным памерам; спакваля людзі адышлі ад паэзіі, спусьціліся з неба – і загаварылі загрувашчанай, цяжкай, хмурай прозай; гармонія зьнікла, асела лёгкай аблачынкай на ўзвышшах міфічнага сёньня Парнаса. Толькі сімвалы, толькі вобразы, толькі песьні могуць выказаць і самае патаемнае, і самае сутнаснае, толькі паэзія…

Дык ці ж не настаў час усё пачаць наноў?..

У тым жа 1924 годзе ён скончыў Літаратурны інстытут і – атрымаўшы дыплом са сьпецыяльнасьцю «мастак слова» – пачаў працаваць адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР. Рэдагаваў беларускі тэкст «Весьніка ЦВК, СНК і СПА СССР». Працаваў у Крамлі – у Саўнаркаме.

Туды 9 кастрычніка і прыйшла нечаканая жалобная вестка – памёр Брусаў.

Пахаваньне зрабілі ўрачыстым. Над труною прамаўлялі дзяржаўныя службоўцы, чытаў верш Ясенін.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: