Шрифт:
– Узмужнеў, але й пахудзеў… – падрахаваў бацька, а ён зьдзівіўся: наадварот жа, здавалася, раздабрэў, асабліва пасьля таго, як у Невелі пачаў кватараваць у бязьдзетнай жонкі пазалотніка – гаспадыня ахвотна згадзілася гатаваць і абед, і вячэру…
– Вылюднеў, кавалерам стаў… – гэта зноў бацька.
А ён на тое адно ўсьміхнуўся. «Як жа, кавалер, – падумаў, – памялом нават частаваны…»
Гэта было ўжо з паўгода таму, пасьля семінарскага вечара. Чыталі вершы, сьпявалі, танцавалі. Дырэктар запрасіў і гімназістак, а па заканчэньні – цёмным восеньскім вечарам – наказаў вучням правесьці дзяўчат дамоў.
Ягоную спадабанку звалі Ленай. Хударлявы, але з румянцам твар, тонкі носік… А прозьвішча якое мела! Багдановіч! Пазнаёміўся яшчэ на пачатку вечара, разам і таньчылі, а пазьней дапамог ёй апрануць паліто – і па дарозе (васьміхвілінны шлях адолелі толькі праз паўгадзіны) гаварылі пра ўсё: пра настаўнікаў і сяброў, вучобу, нават пра каханьне. Узышоўшы на ганак, ён ужо высьпеў быў да пацалунка… як на яго, «кавалера», і апусьцілася тое памяло…
– Ах вы саплівікі, абдымацца?!
Гэта была Леніна маці, якую ня ўлітасьцівілі нават ягоныя тлумачэньні пра дырэктараў наказ.
– Дам і твайму дырэктару, – сказала гнеўна, але, як ён пасьпеў заўважыць, усьміхнулася.
З Ленай ён сустракаўся і потым, пасябраваў і з ейнай маці. Учора зранку нават бегаў да іх разьвітацца – у невялікую хату непадалёк ад вакзала, з якога ён у Маскву і прыехаў.
…– Ну як вы тут? – спытаў Уладзімер. Бацька як не весяліўся, выглядаў хмурым.
– Ды нічога… Месяц брыгадай стараліся, а ледзь на трыста рублёў зрабілі. Месяц назад чатырыста атрымалі. На майстра штось найшло: дае рамантаваць горшыя вагоны, лепшыя, пэўна, знаёмым падводзіць… Аднак не паскардзішся: табе работу абяцаў. А сёньня адгул папрасіў… – бацька ўздыхнуў і ўсё ж ня вытрымаў: – Вось так. Улада, як запэўніваюць, працоўных, ды рабочым ані на каліва не лягчэй. Былі батракамі і засталіся, як раней рабавалі, так і цяпер дзяруць… Ды што ж рабіць: немец, кажуць, Менск заняў.
І вось – іхняя маскоўская кватэра. На адзін вялікі пакой, трыма вокнамі – у ціхі дворык. Няроўнымі вагоннымі дошкамі бацька адгарадзіў «кухню». Самаробную сьценку абклеілі газетамі. Каля вакна – «буржуйка» (бацька зрабіў яе з жалезнай бочкі). Цяпер такая печка грэла жытло. На яе паставілі разаграваць кашу.
– Вось так, Уладка, і жывём. Адно, дзякаваць Богу, не хварэем. І далей не паехаць: вайна за вайною… – наболены голас маці.
– А дорага кватэру наймаць? – пацікавіўся сын.
Адказаў бацька:
– Ды не, наша ў сорак рублёў абыходзіцца, адно сорамна гаспадыні ў вочы глядзець… Раней жа ёй плацілі, а цяпер – у гэтае казначэйства…
Дэкрэтам народных камісараў яшчэ ў сьнежні 1917-га была «адменена» прыватная ўласнасьць. Уся маёмасьць, якая пераўзыходзіла 25 000 рублёў, абвяшчалася народнай, і кватэранаймальнікі мусілі плаціць не гаспадарам, а дзяржаве. За невыкананьне ж дэкрэта пагражалі тры месяцы турмы ці штраф ажно на 3 000 рублёў.
– Даражэй крыху, чым некаторыя плоцяць, затое ж прасторная, без клапоў.
Пакуль гаварылі, маці выставіла на стол кансервы, хлеб, масла – прызапасіла, каб пачаставаць сына.
Прачнуўся ён яшчэ перад раньнем – ад холаду. Распаліў «буржуйку», адагрэўся. З кватэры выйшаў разам з бацькам: бацька – на працу, ён – пазнаёміцца з горадам. Пехам – да Сухаравай вежы. Агледзеў невялікі кірмаш. Затым сеў на трамвай і вывучаў Маскву праз намерзлае шкло: Тэатральная плошча, гарадская Дума, гатэль «Метраполь», каменныя дамы, шэрыя сьцены з паадбіванай атынкоўкай: месцы ад куль, сьведкі пра барацьбу з чорнай сотняй і контррэвалюцыяй. Дахі дамоў, тратуары – у маладым сьнезе…
Так і праехаў за восемдзесят капеек усю Маскву – у два бакі.
Некалькі месяцаў ён працаваў з бацькам. Разам абсталёўвалі звычайныя цягнікі пад вайсковыя. Работа доўжылася з васьмі раніцы да чатырох дня. Абедалі ў дэпоўскай сталоўцы. За рубель трыццаць капеек – капуста і грэчневая каша бяз хлеба.
Адвячоркам жа сядаў за кнігі – рыхтаваўся паступаць у Маскоўскі універсітэт. Ажно правучыцца там ня лёсіла: праз два месяцы ад матэрыяльнай нястачы (страшэнна ўсё падарожала: за пуд мукі трэба было плаціць дзьвесьце пяцьдзесят рублёў) мусіў кінуць свой гісторыка-філалагічны факультэт і па прапанове тульскага школьнага інсьпектара паехаў настаўнічаць у Навасільскі павет.
У Маскве ж на пачатку лета (яшчэ пасьпеў пабачыць) распачыналіся мітынгі і хваляваньні. Рабочыя выказвалі незадаволенасьць савецкай уладай – з нагоды дарагоўлі. Некалькі цэхаў Аляксандраўскага паста нават не працавалі.
– На вёсцы прасьцей, – падахвочваў бацька. – А там, можа, і мы б да цябе перабраліся…
Уладкаваўся ён у вясковую школку, вызначыўся з планамі і задачамі – і да пачатку вучобы зноў прыехаў да бацькоў. Прывёз бульбы, мукі.
11 жніўня па ўсёй Маскве быў абвешчаны «ваенна-навучальны дзень». Усім рабочым горада належала зьявіцца на чырвоную плошчу а чацьвёртай дня. І ён напрасіўся з бацькам.