Вход/Регистрация
Круг
вернуться

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

За чырвонымі манастырскімі сьценамі, пад голымі ліпамі яны доўга моўчкі ўзіраліся на жоўты грудок пад драўляным крыжам.

– Гэта я вінаваты ў яе сьмерці… – прашаптаў Гаўрыла.

– Не кажы так, ты ж добра ведаеш, праз каго так сталася.

Зноў маўчалі, пакуль Гаўрыла не разгарнуў укладзеныя ў газету аркушы. «СТРОМА. Сьветлае памяці Ганулі Гарэцкай, як вяночак на магілу ў чужыне, прысьвячаю. Аўтар», – было надрукавана на першай старонцы.

– Гэта твой зборнік? – расчуліўся Гаўрыла, і ў ягоных вачах бліснулі сьлёзы.

– Так.

– Дзякуй. Дзякуй і за яе… – абняў Дубоўку, горычна прызнаўся: – Ведаеш, я ўжо і не спадзяваўся назад вярнуцца. Мяне да высылкі рыхтавалі. А затым на допыт да Мянжынскага павялі – і вызвалілі. Пэўна, прачулі пра няшчасьце. Сваёй сьмерцю яна мяне выратавала…

Чакаючы рамізьніка, ён прачытаў увесь машынапіс Дубоўкавага зборніка – сямнаццаць вершаў, падзеленых на тры нізкі: “На чужыне”, “Летуценьні” і “Адраджэнцам” – і ўздыхнуў:

– Толькі ж як такое зараз выдаць?.. Бальшавікі ж гэтую для нас чужыну хочуць нам бацькаўшчынай зрабіць, а адраджэнцы нашы ім як костка ў горле…

– Выдадзім. Я ўжо ведаю, як, – запэўніў сябра Дубоўка.

Зімовы дзень у горадзе прачынаецца позна – і рана адыходзіць на спачын. Увесь сьветлы час Дубоўка праседжваў над кнігамі. Трашчаў за вокнамі інстытуцкай бібліятэкі мароз, а ён, накінуўшы на плечы паліто, грэючы рукі кубкам непадсалоджанай гарбаты, штудыяваў працы Берка, Канта, леціўся паэзіяй французскіх парнасцаў: Гацье, Бадлера, Банвіля, Ліля. Большасьць кніг прыносіў яму Брусаў – і на кожную даваў сваю арыгінальную анатацыю.

Уладзімера палохала беднасьць і ўласных вершаў, і ўсёй маладой беларускай паэзіі: і ў тэмах, і ў вобразна-фармальным насычэньні. Не было і сваіх крытычных прац агульнаэстэтычнага плану: большасьць зводзілася да звычайных пераказаў, расшыфроўваньня мастацкіх тэкстаў ці расповедаў пра жыцьцёвы і творчы шлях пісьменьніка.

Паланяла, прызнацца, ідэя, якая не стасавалася з думкамі аб «пралетарскай» культуры і па сутнасьці сваёй утылітарнымі ў адносінах да мастацтва высновамі бальшавіцкіх правадыроў – Троцкага і Леніна. Аднаго разу ён нават арганізаваў наконт усяго гэтага дыскусію, цытаваў і рамантыкаў Шлегеля («Паэзію можна крытыкаваць толькі з дапамогай паэзіі»), Арніма («Усё, што адбываецца ў сьвеце, адбываецца дзеля паэзіі»), Шэлі («Паэты – непрызнаныя заканадаўцы сьвету»), – імкнучыся вывесьці ўсёчасную формулу паэзіі, знайсьці яе «aqua vitu» – «жывую ваду». Сапраўдны паэт – вышэй аднадзённых часавых зрухаў, – па-максімалісцку спрабаваў даводзіць ён, – а таму і паэзія, якая хоча перажыць сёньняшні дзень, мусіць узвысіцца над ілюстрацыйнасьцю, мусіць перастаць быць адно агітатаркай палітыкі і дзяржавы.

Большасьць сяброў «кабінета паэтыкі» яго і не зразумела, і не падтрымала. І тады ён агучыў свой апошні козыр – верш самога Брусава з цыкла «Мы»:

В мире широком, в море шумящем, Мы – гребень встающей волны, Странно и сладко жить настоящим, Предчувствием песни полны. Радуйтесь, братья, верным победам! Смотрите на даль с вышины! Нам чуждо сомненье, нам трепет неведом, – Мы – гребень встающей волны.

«Спасьцігаць далячынь можна толькі з узвышша, сімвалічную далячынь – з сімвалічнага узвышша», – гаварыў ён, аднак у той вечар адзінадушша так і не было выяўлена, без агаворак не падтрымаў яго і сам Брусаў. Брусаў, які з дваццаць гадоў таму, яшчэ гімназістам, зачытваўся тымі ж французскімі парнасцамі, перакладаў Верлена, Бадлера, Малармэ, Рэмбо, складаў і выдаваў іхнія вершаваныя нізкі як «хрэстаматыі паэтычных узораў».

Назаўтра Брусаў прынёс яму кнігу Пляханава і параіў прачытаць артыкул «Мастацтва і грамадскае жыцьцё» – якраз на тэму іхняй дыскусіі.

Эстэтычныя рознагалосьсі ў мастацтве Пляханаў тлумачыў класавай барацьбой, што – на Дубоўкаў неўтаймоўны розум – аніяк не магло раскрыць уласна-мастацкіх таямніцаў. Ён бачыў, вывучаючы працу рэвалюцыйнага марксіста, пэўную аднабаковасьць, зацыкленасьць. Неадназначна ўспрымаў высновы – кшталту: «Склонность художников … к искусству для искусства возникает на почве безнадёжного разлада их с окружающей их общественной средой». Цалкам падтрымаў толькі адно: «…всякая данная политическая власть всегда предпочитает утилитарный взгляд на искусство… Да оно и понятно: в её интересах направить все идеологии на служение тому делу, которому она сама служит».

Пляханаву ён быў удзячны за іншае – за мноства цытатаў, недасяжных яму (бо ня мог свабодна чытаць па-французску ці па-нямецку). А тут, у цытатах, амаль рэзюмэ тога недасяжнага. З Тэафіля Гацье, які аспрэчваў абаронцаў утылітарных поглядаў на мастацтва: «Нет, глупцы, нет, зобастые кретины, из книги нельзя приготовить желатиновый суп, из романа – пару сапог без швов… Нет и двести тысяч раз нет…», з Лекона дэ Ліля, Тэадора дэ Банвіля, Лапрада…

Ня мог ён зразумець і логікі марксістаў ад мастацтва, якія крытыкавалі «буржуа», узвышалі пралетарыяў – а самі, як той жа Пляханаў, ці Горкі, жылі ў сонечных сан-Рэмо ці Капры і былі, па сутнасьці, тымі ж «буржуа». А таму высновы бацькі-чыгуначніка былі яму больш блізкімі, карыснымі. Да ўсяго з цяжкасьцю ўспрымаў ён і стыль пляханаўскай працы – стыль хутчэй эканаміста, фінансіста, а ня знаўцы мастацтва. Куды больш арганічным бачыўся Дубоўку стыль артыкулаў Бялінскага – эсэістычны, узьвеўны: «…терпи гонения злых, ешь хлеб, смоченный слезами, и не своди задумчивого взора с прекрасного, родного тебе неба»…

…А лекавалі ўсьнежаныя вулкі старой Масквы, абклеены сьлюдзяніста-цукровым ільдом парк за інстытуцкім будынкам, згадкі пра сонныя цяпер родныя вазёры – і прадчуваньні новай вясны, пра якую яму першымі паведамяць маладыя салаўі ў пухматых бэзавых прысадах на Малой Грузінскай.

Вясна прынесла, да ўсяго, і новыя знаёмствы, новыя сустрэчы. У сакавіку ён атрымаў з ужо далёкай Вільні дзесяць экзэмпляраў свайго першага зборніка «Строма» (дапамаглі ў выданьні супрацоўнікі тамтэйшай газеты «Наша Будучыня»; машынапіс «Стромы» праз савецка-польскую мяжу быў перавезены нелегальна). Падпісаў некалькі кніг сябрам, Брусаву, асобнік падараваў інстытуцкай бібліятэцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: