Вход/Регистрация
Круг
вернуться

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Пра яго загаварылі і ў Вільні, і ў Менску: яшчэ 14 лютага 1923 года «Наша Будучыня» надрукавала водгук на «Строму» Навіны-Луцкевіча, а здвоены сшытак «Полымя» за сакавік-красавік – рэцэнзію Цішкі Гартнага. Маладога паэта пачалі заўважаць і тут, у Маскве.

Аднак тое, што дагэтуль напісалася ім, яму падавалася няроўным, расхрыстаным. Ён быў маладым, непахісным, непаддайным – і свае радкі хацеў бачыць такімі ж. А да ўсяго – вобразнымі, акрыленымі, узьнёслымі…

Пачалося з-пад хмар вандроўных, калі сонца закрылася змрокам. Вечар, плашч свой узьняўшы чароўны, атуліў ім прастор шырокі… Паляцелі вятры па-над нівай, вышывалі расою сцяжынкі. Выхадзілі, істужкай цьвятлівай, маладзіцы, дзяўчыны з дажынкаў…

8.

1 сьнежня 1923 года ў інстытуце адзначалі пяцідзесяцігоддзе рэктара. Брусаў намагаўся выглядаць упэўненым, вясёлым. Імправізаваў, разглядаючы прысьвечаны яму спецвыпуск студэнцкай насьценгазеты, напрыканцы выступіў з адмысловай лекцыяй – і гаварыў узьнёсла, натхнёна. Дубоўку нават падалося, што ў сваёй прамове Брусаў і спавядаўся:

– У паэзіі, мастацтве на першым месцы – асоба творцы! Яна сутнасьць. Усё іншае – форма. І сюжэт, і ідэя – форма. Усялякае мастацтва ёсьць лірыка, усялякая асалода мастацтвам – гутарка з душой мастака…

Да такога з цяжкасьцю пасавалі казённыя выступы прадстаўнікоў наркамата прасьветы і партыйцаў пра будучнасьць новай пралетарскай літаратуры.

З інстытута з дзясятак гасьцей – некалькі выкладчыкаў, хтосьці з мас­коўскага камісарыята, дыпламат і гісторык Платон Кержанцаў і два студэнты Клім Старшнёў і сакратар брусаўскага кабінета паэтыкі Ўла­дзімер Дубоўка – накіраваліся па вечаровай засьнежанай вуліцы да кватэры Брусава, дзе ўжо чакаў накрыты юбілейны стол.

Кватэра – палова двухпавярховага дома з выхадам у ціхі дворык – уразіла Дубоўку. Вялікая гасьцёўня, утульны, абстаўлены пад «стары» лад кабінет з кніжнымі стэлажамі на цэлую сьцяну, старымі карцінамі, – акурат як у колішняга агародніцкага князя.

– Што, і самому захацелася такі штаб мець? – усьміхнуўся, заўважыўшы Дубоўкаў сподзіў, гаспадар, – і ў адказ Дубоўка расказаў пра свае першыя «ўлазіны» ў падобны кабінет яшчэ босым хлапчуком – і вынік таго.

За сталом гасьцей было не пазнаць: куды падзеліся напускная дзела­вітасьць, важнасьць? Брусаў піў віно і больш слухаў. Да яды амаль не дакрануўся, і Дубоўка ня мог не адзначыць здрадлівых ямінак на ягоных схуднелых шчоках – перад імі адступала нават далікатная бародка. Гаспадар неяк зьніякавела выслухаў тост за сваё здароўе, манерна пагладжваў блішчастыя вусы і – як не весяліўся – зноў хмурнеў.

І раптам – бесцырымонны стук у дзьверы. Напачатку ўвайшлі двое мужчын у даўгіх саматужных кажухах – прывіталіся, унесьлі драўляную бочку, дыхнулі марозам, стыньню – і зьніклі. Затым у дзьверы вызірнула кучаравая галава Ясеніна. Скінуўшы лёгкі палітончык і блытаючыся ў доўгім вязаным шаліку, ён з грукатам падкаціў бочку да Брусава:

– Гэта – падарунак. Роўна пяцьдзесят літраў разанскай вішнёўкі. Па літру за год. Настоеная выдатна – сам выбіраў. То будзь здароў, Яклевіч! – і ўжо нібыта апраўдваючыся: – Я заблытаўся ў стылях: першага ці трынаццатага, думаў, віншаваць ісьці. Ажно не памыліўся…

Калі меркаваць па Ясеніну, вішнёўка і насамрэч абяцала быць выдатнай: чырванашчокі і ад марозу, і ад прадэгуставанага, ён сеў побач з Дубоўкам – дзе было вольнае месца, аднак ніхто, акром яго, ня мог адкаркаваць бочку, і Ясенін мусіў зноў вяртацца да юбіляра.

Сустрэча-віншаваньне расьцягнулася да ночы. Кержанцаў, таварышы з камісарыята і Старшнёў з паўгадзіны таму разышліся. Дубоўку ж трэба было ісьці пехам некалькі гадзін, і калі Брусаў прапанаваў застацца, ветліва пагадзіўся (бацькоў загадзя папярэдзіў, што затрымаецца).

Застаўся і Ясенін. Хоць і бачыў Дубоўку ўпяршынь, трымаўся як з даўнім знаёмцам. Падліваў у келіх, распытваў пра інстытут – а ўхмялеўшы мацней, загаварыў сам:

– Паважаю Яклевіча… Гэта ж нас яшчэ на сьвеце не было1 , а ён такое пісаў! – І, бліскаючы блакітнымі зрэнкамі, неяк урачыста і па-дзіцячы расьцяжна задэкламаваў:

Она в густой траве запряталась ничком, Ещё полна любви, уже полна стыдом…

А затым перакінуўся на іншае:

– Слухай, а навошта табе гэты інстытут, вучоба? Ты што, думаеш, паэзіі можна навучыцца?! – І ўважліва зірнуў на Дубоўку.

– Ды не… Я вучуся, каб чытаць. У інстытуце добрая бібліятэка.

– А-а-а… – Ясенін задаволена ўсьміхнуўся. – А якія яшчэ ў вас беларускія паэты? Акрамя Купалы.

– Ёсьць многа добрых… Першы з іх, думаю, Язэп Пушча.

– О! Якое выдатнае паэтычнае прозьвішча! – Ясенін ажно крутнуўся на стуле.

– Гэта псеўданім…

– Усё роўна! Пачытай што-небудзь ягонае…

Дубоўка ведаў на памяць толькі адзін верш Пушчы «Раніца рыкае», і прадэкламаваў яго.

– Ого… ­– Ясенін задумаўся, прыцмокнуў: – Гучыць! І як удала… які вобраз ёмісты – раніца рыкае! Малайцом… Паэт! Ды і мова ваша нейкая мяккая, далікатная. Не такая, як украінская… – ён зноў выпіў, соладка прыцмокнуў, пстрыкнуў пальцамі і гарэзна падагульніў: – Эх, ты голь еси… Выпил – закуси!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: