Мальдзіс Адам
Шрифт:
Чым жа вытлумачыць такую папулярнасць твораў Сыракомлі? Перш за ўсё тым, што ён пісаў не для выбранага арыстакратычнага чытача, а для народа. У праграмным вершы Сыракомлі «Прысвячэнні літвінам народных гутарак», гаворыцца:
Сэрца, жыццё я аддаць гатовы, Пяю табе, мой народ шарачковы, Толькі з табой спадзяванні злучаю, Смутак і радасць, хвіліны адчаю. Подых палёў тваіх лашчыць аблічча, Песні я ў птаства твайго пазычу. Моваю сэрца хай думы бруяцца, Музыкай жніва, касцоваю працай. Хай пад страхою жабрацкай хаціны Верш прачытаюць браты-літвіны, Калі адчуюць брата ў паэце, Значыць, не марна жыў я на свеце. (Пераклад М. Лужаніна.)Паэзія Сыракомлі была даспадобы шматлікім чытачам, таму што яны пазнавалі ў ёй саміх сябе, бачылі ў ёй адлюстраванне ўласных радасцей і нягод. «Водар штодзённасці, адчуванне жыцця ў яго паўсядзённых праявах, суровая праўдзівасць дэталей, гарачае спачуванне крыўдзе і страсны сацыяльны пратэст — вось тыповыя рысы творчасці Сыракомлі, творчасці рэаліста і грамадскага дзеяча»,— сцвярджае сучасны польскі даследчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ПНР за 1968 год Вацлаў Кубацкі.
Са сказанага зусім не вынікае, што Сыракомля быў нейкім прыземленым бытапісцам. Наадварот, яго творчае аблічча складвалася пад моцным уздзеяннем польскіх рэвалюцыйных рамантыкаў, у першую чаргу Адама Міцкевіча. Ад рамантызму ідзе пільная цікавасць паэта да народнага жыцця і народнай паэзіі, да гістарычнага мінулага сваёй краіны. Ад рамантычнай балады вядзе сваю радаслоўную славутая сыракомлеўская «гавэнда» (гутарка), дзе апавяданне часцей за ўсё вядзецца ад імя прадстаўніка народных мас, які многае пабачыў і многае разумее. Рэальнае, бытавое ў «гавэндах» прымхліва спалучаецца з нерэальным, казачным, народжаным народнай фантазіяй. Такім чынам, трэба пагадзіцца з польскім даследчыкам А. Драгашэўскім, што «паэзія Сыракомлі была рамантычнай, але без вулканічных пачуццяў і паднябесных узлётаў; гэта быў рамантызм, але ён не ведаў выключнага або складанага стану душы, рамантызм, які моцна трымаўся зямлі...».
І яшчэ адна рыса сыракомлеўскай паэзіі прываблівала чытачоў — яе страсны патрыятызм. Гэты патрыятызм быў не польскім ці літоўскім, а «лакальным», г. зн. беларускім. Паэт знаходзіў сваю затоеную прыгажосць у наднёманскіх краявідах, якія бліжэй яго сэрцу, чым праслаўленыя краявіды Францыі, Італіі, Швейцарыі («Музыка»), Любоў да айчыны супрацьпастаўлялася ўсяму чужаземнаму, касмапалітычнаму («Лялька», «Школьныя часы»), У гістарычным мінулым Беларусі і Літвы паэта прываблівалі тыя падзеі, якія сведчылі аб патрыятызме нашых продкаў у іх барацьбе з чужаземным ворагам, аб іх імкненні ахвяраваць сабой у імя вызвалення краіны («Маргер», «Марцін Студзенскі», «Вяльможы і сірата» або другая назва — «Соф'я, княжна Слуцкая», «Каспар Карлінскі» і інш.).
Жывучы ў Залучы, так хораша апаэтызаваным у вершы «Пра маю старую хатку», Сыракомля яшчэ бліжэй пазнаёміўся з беларускім фальклорам. Асабліва захапіў паэта тонкі лірызм беларускіх народных песень. Пад іх уздзеяннем з'явіліся вершы «Варыянт простанароднай песні», «Крук», «Доля», «Народная песня з ваколіц Вільні» і інш. Сучаснікаў паэта будзе ўводзіць у зман слова «літоўскі», якое стаіць у падзагалоўках гэтых твораў. Яны стануць здзіўляцца, чаму ім не ўдаецца адшукаць адпаведныя літоўскія песні. Загадка ж тлумачыцца проста: як ужо сказана вышэй, Сыракомля разумеў Літву толькі як гістарычнае паняцце і таму беларускія песні таксама адносіў да літоўскіх. Дарэчы, сённяшнія фалькларысты ўжо могуць указаць, якімі беларускімі крыніцамі карыстаўся паэт, пішучы названыя вышэй вершы.
Відаць, пад уплывам беларускай народнай песні Сыракомля і сам пачаў пісаць на беларускай мове. У 1848 годзе да Залуча дайшлі звесткі аб рэвалюцыйных падзеях у Францыі, аб сялянскіх паўстаннях у Галіцыі. Усхваляваны паэт адгукнуўся на іх беларускім вершам «Добрыя весці», які пазней, напярэдадні паўстання 1863 года, увайшоў у нелегальную брашуру. Аўтар цалкам салідарызуецца з тымі, хто «робіць вольных людзей з мужыкоў» — робіць рэвалюцыю:
Заходзіць сонца пагоднага лета, І веець вецер з заходніх нябёс, Здароў будзь, вецер! З далёкага света Добрыя ж весці да нас ты прынёс! Здаровы ж будзьце, эй, добрыя весці! Там, на Заходзе, праліваюць кроў, Б'юцца для славы, свабоды і чэсці І робяць вольных людзей з мужыкоў! Гудуць вясёла і песні і танцы У добрым жніве на шчаслівы год. Годзе вам, годзе, вы, цары-паганцы, Таптаць з балотам хрышчоны народ! Годзе вам, годзе ў яснай карэце — Годзе, чыноўнікі, ды ездзіць у двор! Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці, З хаткі астаткі браць на пабор!Побач з рэвалюцыйнымі настроямі ў «Добрых весцях» яскрава праявілася дробнашляхецкая абмежаванасць паэта, ён падзяляў пашыранае тады ўяўленне, што дзеля перамогі над царскім самаўладствам трэба аб'яднаць усе сілы грамадства — і сялян, і шляхту:
Мужык і шляхціц засядзе па лаве, Каб весці раду аб сваёй зямлі; Як трэба думаць аб грамадскай справе, На адно мейсца, як браты, прыйшлі. А як урадзім вайну на грамадзе: Бараніць дзеткі і зямлю і дом, Мужык і шляхціц на каня ўссядзе Касіць касою, рубіць тапаром.Салідарыстычныя ілюзіі бачны і там, дзе Сыракомля вызначае рысы грамадства будучага. Сацыяльная праграма паэта — праграма утапічная:
Ручыць рукою худоба ў хаце. Паны мужыцкіх слёз не забяруць. Мужык з панамі стаіць за пан-браце, Рука за руку, грудзі за грудзь! Пяром па карце ды сахой па ніве Адзін другому роўнасць засцярог, Эй, у свабодзе зажывём шчасліве, Мы будзем дзеткі, а наш бацька — бог!І ўсё ж, нягледзячы на супярэчнасці, верш «Добрыя весці» — адзін з найбольш яскравых вершаў Сыракомлі ў залучанскі перыяд яго творчасці. У творы выразна праявіліся рэвалюцыйныя, антысамадзяржаўныя перакананні аўтара. І выказаны яны на беларускай мове, мове народа, які быў для паэта заўсёды блізкім і родным.
З Залуча Сыракомля часта выязджаў у Мінск, дзе, як ён сам пісаў, знаходзілася бліжэйшая кнігарня. Па дарозе ўважліва прыглядаўся да навакольных краявідаў, да жыцця шляхты і сялян. Свае ўражанні занатоўваў у тоўсты сшытак. Так нарадзіліся «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», якія выйшлі з друку ў 1853 годзе. «Фальварак Залуча», «Дарога ў Мір», «Хроніка мінулага Нясвіжа», «Дарога ў Свержань», «Стоўбцы», «Койданаў» — вось назвы асобных раздзелаў гэтай рэдкай сёння кнігі.
«Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» багаты звесткамі аб мінулым заходняй часткі былой Мінскай губерні, аб побыце яе жыхароў. Гэтыя звесткі і сёння маюць цікавасць для этнографаў, фалькларыстаў, гісторыкаў і проста чытачоў. Аўтар падрабязна апісвае звычаі, вопратку, ежу, жыллё беларускага селяніна, са спачуваннем ставіцца да яго нядолі, з павагай — да яго сумленнасці і народнай мудрасці. «У вёсках народ убогі,— піша Сыракомля пра наваколле Залуча.— Працуе ён на нёманскіх плытах або на полі — сваім і панскім; у двары — пан арандатар або аканом, на пясчаных нівах — часцей за ўсё неўраджай. Часам больш ранні разліў Нёмана, эпідэмія, спякотнае лета, марозная зіма, карысныя або шкодныя для гаспадаркі дажджы — вось і ўсе факты мясцовага мінулага, захаваныя ў народнай памяці».