Вход/Регистрация
Райскія яблычкі
вернуться

Астравец Сяргей

Шрифт:

Я ўвайшоў, ужо калі сеанс пачаўся. У чорнай зале нябачныя былі браты па зброі. Зелянковая маса з чорнымі пагонамі, з марамі пра жанчын і дэмбель. А тут сярэдневечная карціна. Адно з самых захапляльных месцаў з падручніка па гісторыі. Ветразёвыя караблі на вуліцах. Сярод спічастых сабораў, вежаў, званіц, замка, палацаў, ратушы, кляштараў, купецкіх дамоў і гандлёвых радоў. Гёзы апаноўваюць затоплены горад. Ілюзія была глыбокай. Я трапіў нават не ў кіно, а ў іншае, кранаючае жыццё, адрознае ад майго цяперашняга абсалютна.

Я не бачыў, як гасла святло, не бачыў цітраў, пагатоў абавязковага перад фільмам “тэлечасопіса” — з традыцыйным Брэжневым, з пенсіянерамі Палітбюро, з героямі пяцігодак і малайцавата-засяроджанымі ахоўнікамі Айчыны ад агрэсіўнага НАТО. Я апынуўся адразу ў тым часе. Я быў калі не сярод намаляваных людзей, дык перад карцінамі фламандскіх майстроў, якія ажылі, зрабіліся рэчаіснымі. Да войска я жыў у прыбалтыйскім горадзе. Ён быў чужы мне, з яго мовай, нават шрыфтам вулічных шыльдаў, з яго жыццём і гісторыяй. Але бадай не таму, што ён мне не падабаўся, было хутчэй наадварот. Папросту чужы і ёсць чужы. Калісьці тамака жмогусы пабілі крыжакаў. Высозная званіца гатычнага касьцёла дамінавала. Каменны салдат з “ппш” — “воін-пераможца”, згодна двухмоўнаму подпісу. Вялікі помнік незразумелым тады паўстанцам 1863-га. Непадалёк ад нашай школы.

Хто памятае той фільм, мяне зразумее. Вялікая была спакуса у фільмоўцаў. Яны гэтую карціну Брэйгеля са сляпцамі ператварылі ў кінасцэну. Атрымалася з надзвычайнай сілай. Акторы ажывілі старое палатно, надалі рух персанажам, узбагацілі дзеянне, працягнулі ў часе. Падабенства ўражвала. Той жа краявід, фарбы, знаёмыя постаці. Каб гэта ўбачыў сам Брэйгель...

Я адразу звярнуў увагу ў кнігарні на рэпрадукцыю. Дасканала выкананы друк. Фарбы, кожная рыса. Дыхтоўная рама, шкло. Усё бліскуча. Доўга я хадзіў глядзець на яе. Пакуль кошт не зменшыўся ў паўтара раза, грошы абясцэньваюцца. І ўрэшце яна знікла. Вось вісела-вісела, непарушна. Але знікла. Нехта купіў. Не я. За такія грошы я ўжо гатовы быў, хаця жонка не хацела заакцэптаваць. Яна скептычна прапаноўвала: уяві сабе такую досыць жудасную сцэну ў сваім пакоі. Канечне, зроблена выдатна, хоць усяго толькі рэпрадукцыя. Мой знаёмы мастак Грын-ч мне расказваў пра Сарагосу, дзе карціны не толькі ў банках і ўстановах, але ў кавярнях і барах. Часам гэта рэпрадукцыі, але дасканала выкананыя. Але жонка рэпрадукцыі ўспрымала без энтузіязму. Магчыма, ад аскоміны колішніх савецкіх часоў, з тыражаванымі Шышкіным і Васняцовым. Шкада. Няма ў мяне рэпрадукцыі Брэйгеля.

Няма альбома з выявамі твораў. Якіх толькі няма альбомаў! Але толькі не Брэйгеля. Быў выпадак, я разглядаў сціплы, у мягкай вокладцы. У адной сталічнай кнігараньцы. За гэткія грошы ды такую кніжачку. Я вырашыў пашукаць лепшага, пачакаць калі што. Чакаць я ўмею. Марна. Брэйгеля не тыражуюць.

Я вяртаўся са сталіцы найапошнім аўтобусам. Дзяўчына побач запытала, калі ён будзе ў Беластоку. Я адказаў прыблізна. Ля самай гарадской мяжы аўтобус збочыў на панямунскую запраўку. Затрымка хвілін на пятнаццаць. Ноч. Каля паловы трэцяй. Штосьці я сказаў суседцы наконт панямунскай сядзібы апошняга караля. Дом з калонамі захаваўся. Партрэты. Марчэла Бацярэлі. Кароль за столікам: чарніліца, пяро, рукапіс. Далонь на клепсідры, вадзяным гадзінніку. На левым мезеным пальцы круглы сыгнэт. Кароль у шлафроку з футраной аблямоўкай. Рамантычна глядзіць убок і некуды ўгору. Альбо іншы партрэт, пэндзля Вігі-Лябруна. У строі прыблізна стагоддзя ХVІ-га з карункавым каўнерам. На грудзях на ланцугу бляха з цьмянай выявай. Капялюш з шыкоўным страўсавым пяром. Кароль са свежым адкрытым тварам, з прыхаванай у вуснах усмешкай. З левай рукой, зухава ўпертай у бок. Калісьці такі партрэт вісеў у панямунскім палацыку.

Што я ёй яшчэ там сказаў? Ці не пра маўклівы сойм? Я, які ніколі не загаворвае сам, не распытвае, не заляцаецца ў дарозе. Ніколі. Што са мной здарылася? Аўтобус прытармазіў перад мостам, і яна выйшла следам за мной. Я падумаў, што яна ўпершыню едзе ў Беласток, бо яе пытанне... Але чаму яна падумала, што я туды еду? Апроч партфельчыка, як звычайна, у мяне нічога больш не было.

Павячэраць у тры гадзіны ночы і потым рана ўстаць. Адная прыемнасць: разарваць новы пачак кавы. Зачытаешся красамоўствамі. Фірма нямецкая. Мова польская. Вельмі велягурыстая. Паэзія ў прозе. “Ужо больш за стагоддзе захапляльны водар Jacobs з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця цэлых народаў і людзей самых розных пакаленняў. Найлепшае зерне Арабіка, традыцыі і тэхналогіі Jacobs, цудоўны водар — усё гэта незабыўны смак змолатай кавы Jacobs”. Зверху налепка — “Навінка!” — “Цяпер вашая ўлюбёная кава стала яшчэ болей духмянай. Пры выкарыстанні найноўшай тэхналогіі Jacobs зерне кавы перад змолваннем замарожваецца, і вы можаце атрымліваць задавальненне ад выдатнага водару яшчэ даўжэй”. Бяру ў кішэню дыктафон. На вуліцы спёка і сумёты тапалінага пуху.

Наперадзе стаяць мужчыны, на жэрдках два ліхтары і крыж. Самі яны ў кароткіх накідках чырвоных, за імі хлопчыкі — у белых, далей дзяўчынкі ў камізэльках, як быццам нацыянальных польскіх, у вяночках са стужкамі. А следам пяць дзяўчат у блакітных доўгіх сукнях з блакітнымі вяночкамі трымаюць вялізны ружанец. Адна — у цэнтры з крыжам аберуч, да якога ружанец мацуецца. Часткі ружанца накшталт вялізных гуркоў або дыняў.

Звоніць ручны званок... Дзяўчаты нясуць падушачкі, харугвы з жоўтымі стужкамі. Матка Боская. Яе трымаюць на плячах чатыры дзяўчыны ў доўгіх белых сукнях. У туфліках. Сукні з накідкамі, аблямаваныя чырвоным. Увесь час звоняць у званок. Далей зноўку дзяўчаты гэтак жа на плячах нясуць выяву Маткі Боскай. Мужчыны. Харугвы. Зноў выява Маткі Боскай. Чатыры пажылыя жанчыны ў белых хустках. Яшчэ харугва. Звоніць званок. Нейкі святы. Званок, дзіцячыя галасы, гоман. Звоніць таксама звон. Побач мяне — шоргат падэшваў. (Эфект праслухоўвання гуказапісу падобны, як падчас прагляду відэазапісу. Ты заняты адлюстраваннем выявы, падрабязнасцяў. Або імкнешся вачыма запомніць чым паболей, розныя дробязі і пераказаць максімум на стужку. У абодвух выпадках ты заклапочаны відэашэрагам, а потым дзівішся паліфаніі гукаў, запісаных адначасова, але якіх ты амаль не памятаеш).

Чатыры жанчыны такую цяжкую нясуць Марыю, што трымаюць яе на ўзроўні ніжэй за пояс. Дзіцячыя галасы. Звоніць звон у бліжэйшым касцёле. Хлопчыкі аберуч трымаюць вялікі ружанец, адзін з іх зусім маленькі, гадкі два. У белых шатах з чырвонымі накідкамі. Гукі жаночых абцасікаў. Жаночы спеў. Святар з “уокі-токі”, ахоўнікі таксама. Яны ў чорных гарнітурах. Аператар са штатывам, з маленькай відэакамерай. Харысты з паперамі ў руках. Мужчына — гучнагаварыльнік. Чатыры рупары за спінай, счацвяроныя званочкі ў руках. Адначасова ён чалавек — званіца. Следам самі біскупы без шапачак. Адзін з іх пад балдахінам з цяжкім круцыфіксам у руках. Ахоўнік з “уокі-токі”. Напоўніцу спяваюць птушкі.

Пад парасонам старая манашка з кіёчкам. Кх, пх... “У нашым горадзе існуе ініцыятыўная група падтрымкі прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Пал Палыча Манькоўскага. Група налічвае (далей — называецца лічба). Учора пачалі працу сваю. Першае ўражанне такое, што людзі прыхільна ставяцца да асобы Манькоўскага. І цяперашні прэзідэнт у асобе нашага прэтэндэнта мае вялікага суперніка. Групы невялікія існуюць і ў раённых цэнтрах. Спадзяванні такія, што свае подпісы людзі аддадуць за Манькоўскага і неабходную колькасць, безумоўна, ён набярэ”. “А слоньцэ высоко-высоко сьвеці пілётом в очы, огжэва неструдзэні зімнэ небеске пшэстшэні… Чэкам на вятр, цо розгоні цемнэ зглэмбёнэ заслоны. Встанэ втэды на раз зэ слоньцэм тважом в тваж,..” — запісваю на паперы са слыху. Мая ўлюбёная Кора. Дыктафонныя запісы — сведкі таго гарачага прэзідэнцкага, але марнага лета.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: