Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Атрымаўшы дапамогу Шварна і Васілька, Войшалк не менш жорстка расправіўся з феадаламі Дзяволтвы і Нальшчанаў і, далучыўшы гэтыя вобласці да сваіх уладанняў, вярнуўся «восвояси», г. зн. у Новагародак. Такім чынам, утварэнне ВКЛ суправаджалася амаль пагалоўным вынішчэннем феадалаў балцка-літоўскіх земляў. Усё гэта лішні раз пярэчыць тым сцверджанням, што ўтварэнне гэтай дзяржавы вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў.
Усе гэтыя відавочныя факты поўнасцю адхіляюць канцэпцыю А. Краўцэвіча, выкладзеную ім у кнізе «Стварэнне BKЛ» (Мн., 1998), паводле якой гэта дзяржава ўзнікла ў выніку мірнага саюзу славянскіх і балцкіх земляў.
Нельга пагадзіцца і з тым, што «Войшалк не рабіў замаху на язычніцтва ў Літве». Галоўнай мэтай пасля заваявання Літвы Войшалк лічыў хрышчэнне яе. Для таго і быў заснаваны ім Лаўрышаўскі манастыр. Але, відаць, магчымасцей гэтага апошняга дзеля хрышчэння Літвы было недастаткова. Таму Войшалк у 1265 г. увайшоў у зносіны з пскоўскім князем, які абяцаў яму прыслаць святароў з Пскова, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы. Войшалк, вядома, не атрымаў іх, бо ў 1266 г. пскоўскім князем стаў Даўмонт, былы нальшчанскі князь, які ўцёк у Пскоў, ратуючыся ад Войшалка. Вось чаму хрышчэнне Літвы ці, магчыма, нейкай часткі яе зацягнулася да 1405 г., калі толькі верыць Т. Нарбуту, звесткі якога не заўсёды вызначаюцца праўдзівасцю.
Захоп Новагародкам Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў і сваю апору ў гэтых землях. Каб карыстацца і ў далейшым матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай літоўска-балцкіх земляў, Полацк павінен быў прызнаць волю Новагародка. У гэтым і заключаўся стратэгічны план Войшалка. Падначаленне Полацка Новагародку, відаць, адбылося ў 1265 г. Грамата полацкага князя Гердзеня, напісаная 22 снежня 1264 г., не гаворыць пра залежнасць Полацка і Віцебска ад Войшалка. Затое грамата полацкага князя Ізяслава, напісаная крыху пазней, ужо сведчыць пра гэта. У ёй сказана, што гэты князь знаходзіўся «у волі боскай і Вайшэлгова».
Летапісныя крыніцы нічога не гавораць пра тое, ці заваяваў Войшалк Жамойцію. Магчыма, каб ажыццявіць гэту мэту, дзеля чаго патрэбна была новая дапамога галіцка-валынскіх князёў, ён аддаў сваё княства Шварну, а сам зноў пайшоў у Галіцкую зямлю. Цікава падкрэсліць, што ў 1254 г. Войшалк не пажадаў аддаць княства яму, бо асцерагаўся, што, жанаты з яго сястрой, той будзе мець законныя правы на яго ўладанне. Зараз жа ён не баяўся гэтага, бо Шварн не меў дзяцей, значыць у выпадку яго смерці княства не пераходзіла ў спадчыну яго нашчадкам. Перадача гэта не спадабалася брату Шварна — галіцкаму князю Льву Данілавічу, які хацеў сам валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі, злучанымі зараз у адзінае цэлае. Вось чаму гэты князь і забіў Войшалка, «завистью оже бяшеть дал землю Литовськую брату его Шварнови». Аднак, паводле іншых крыніц, што, магчыма, болей праўдзіва, Шварн памёр раней за Войшалка, і апошні зноў вярнуўся ў сваё княства. Пасля ён прыехаў на перагаворы з Львом Данілавічам, які лічыў Літоўскае княства сваёй спадчынай пасля смерці брата Шварна. Войшалк не згадзіўся на прэтэнзіі Льва і за гэта быў забіты. Але запозненая помста Льва не дала ніякіх вынікаў для яго. Вялікім князем літоўскім стаў Трайдзень, які працягваў палітыку Войшалка.
Аб’яднанне Войшалкам Новагародскай, Пінскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву было фактычна трывалым пачаткам утварэння ВКЛ. У гэтым і заключалася важнейшая гістарычная заслуга Войшалка. Але калі далучэнне балцкіх земляў Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Гэтаксама пазней да ВКЛ далучаліся і іншыя беларускія вобласці. Такое аб’яднанне было вынікам гістарычнага працэсу эканамічнага, палітычнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у басейнах рэк Дзвіны, Дняпра, Нёмана, на аснове чаго ішло фарміраванне тэрыторыі Беларусі. Вырашальную аб’яднаўчую ролю ў складванні і пачатковай гісторыі ВКЛ меў найперш Новагародак. Нездарма ж і герб гэтага горада — коннік з мячом у руцэ — стаў дзяржаўным гербам ВКЛ. І хаця пазней, у пачатку XIV ст., Новагародак страціў сваё цэнтральнае значэнне, аднак яшчэ доўга жыла памяць аб ім як сталіцы. Вось чаму ў летапісах XVI ст. яшчэ гаворыцца аб «Новогородской державе, над Немном лежачее», якая прасціралася «ад Вилии аж до жродел Неменовых, где ся за Копылем пять миль починается».
Уласна літоўскія (у сучасным значэнні гэтага слова) землі ў гэтай дзяржаве займалі толькі дзесятую частку тэрыторыі, і з прычыны гэтага яны, вядома, не маглі мець дамінуючага значэння. Звычайна ў старой гістарыяграфіі факт пашырэння ў ВКЛ славянскай мовы, культуры тлумачыўся тым, што, маўляў, літоўскія князі заваявалі славянскую тэрыторыю і таму, каб кіраваць такім вялізным абшарам, павінны былі прыняць славянскую мову і культуру як пануючыя ў дзяржаве. Як мы бачылі, ніякага літоўскага заваявання нават у самым пачатку гісторыі ВКЛ не было. Славянскі характар ВКЛ быў ужо прадвызначаны, як мы бачылі, пры ўтварэнні гэтай дзяржавы ў сярэдзіне XIII ст.
Падсумоўваючы ўсё сказанае, мы прыходзім да наступных высноў.
Ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання Чорнай Русі і іншых беларускіх земляў, што нібыта і паклала пачатак утварэнню ВКЛ. Такое сцверджанне ўзнікла, з аднаго боку, у Маскоўскай дзяржаве, якая прэтэндавала на захоп беларускіх і ўкраінскіх земляў, якія нібыта былі захоплены літоўскімі князямі. 3 другога боку, жамойцкія вярхі, каб узвысіць сваё становішча ў BKЛ, сталі прыпісваць сваім князям захоп славянскіх земляў і тым самым утварэнне BKЛ. Гэтая версія цераз «Хроніку» М. Стрыйкоўскага перайшла ў многія кнігі па гісторыі, пазней была некрытычна прынята шмат якімі даследчыкамі і, стаўшы традыцыйнай, доўгі час не пераглядалася.
Значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння BKЛ з’яўляецца атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Літвы. Аднак гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад уласна Літвой у XI–XIII стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і якая побач з імі з’яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Менавіта яна была далучана да Новагародка спачатку ў 50-х гадах XIII ст. літоўскім перабежчыкам Міндоўгам, а пасля ў 60-х гадах XIII ст. канчаткова яго сынам Войшалкам. Гэта было першым звяном у пашырэнні ўлады Новагародка, які дасягнуў к таму часу значнага эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, на іншыя беларускія і балцка-літоўскія землі. Толькі гэтым і можна вытлумачыць, чаму Новагародак стаў першай сталіцай ВКЛ. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, пайшла назва новай дзяржавы як Літоўскай. Трэба таксама памятаць, што першая яе сталіца — Новагародак быў заснаваны князем Яраславам Мудрым пасля заваявання ім у 1044 г. Літвы, г. зн. на яе тэрыторыі, і таму па традыцыі лічыўся літоўскім горадам. У свой час М. Надзеждзін вельмі трапна адзначыў, што перамагла не Літва, а імя Літвы. А такія выпадкі ў гісторыі не рэдкія, што было бачна на прыкладзе Прусіі.