Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Міндоўг бачыў усё гэта і вырашыў у барацьбе з жамойцкімі і нальшчанскімі феадаламі выкарыстаць такі ж прыём, што і ў 1248 г. у барацьбе з Таўцівілам, Едзівідам і Вікінтам. Ён паслаў многіх з іх, у тым ліку і Даўмонта, ваяваць за Дняпро, пад Бранск, мяркуючы расправіцца са сваімі ворагамі. Аднак змоўшчыкі перахітрылі яго. Даўмонт вярнуўся з дарогі назад, дагнаў Міндоўга, забіў яго і двух ягоных сыноў. Так бясслаўна закончылася жыццё Міндоўга. Яго значэнне ў гісторыі як стваральніка ВКЛ выключна перабольшана. Прыведзеныя намі гістарычныя сведчанні паказваюць, што ён быў толькі наёмнікам Новагародка, які выкарыстаў яго для заваяванмя пакінутай ім Літвы, з чым ён не справіўся. Жамойція выкарыстала яго таксама як наёмніка для барацьбы з крыжакамі. Але калі Новагародак адпусціў яго жывым, то па жаданні Жамойціі ён быў забіты. Вось гэта толькі і звязвае Міндоўга з сучаснай Летувой. I таму ён беспадстаўна ўслаўляецца тут як яе выдатны гістарычны дзеяч. Забойства Міндоўга азначала крах справы аб’яднання ўсіх балцка-літоўскіх земляў вакол летапіснай Літвы.

Стаўшы князем «во всей земле Литовской и Жемоти», Транята не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Новагародку сядзяць такія ж самыя, як і ён, законныя спадкаемцы Літвы. Таму ён вырашыў расправіцца паасобку з Таўцівілам і Войшалкам. Першага ён выклікаў да сябе пад выглядам запрашэння дзяліць «землю и добыток Миндовгов». Намер быў просты: забіць Таўцівіла, захапіць полацкіх баяраў, якія прыехалі з ім, і, карыстаючыся гэтым, навязаць Полацку сваю волю і князя. Усім балцка-літоўскім землям, аб’яднаным пад уладай аднаго князя, гэта было цяпер пад сілу.

Таўцівіл паехаў да Траняты з такім самым контрнамерам: забіць Траняту, завалодаць яго княскім пасадам і далучыць Літву да Полацка. План гэты быў, бясспрэчна, прадыктаваны Таўцівілу полацкімі феадаламі. Дзеля гэтага яны ўзялі яго да сябе. Не дзіўна, што Таўцівіла суправаджала цэлая світа полацкіх баяраў, каб трымаць яго пад сваім кантролем і дапамагчы ў ажыццяўленні забойства Траняты. Аднак гэтаму плану не суджана было збыцца: Транята апярэдзіў. Намер Таўцівіла выдаў полацкі баярын Пракоп. Таўцівіл быў забіты, а полацкія баяры захоплены. Рабілася спроба захапіць і забіць сына Таўцівіла, які знаходзіўся ў Полацку, але палачане дапамаглі яму ўцячы ў Ноўгарад. Гэты факт пацвярджае меркаванне, што Таўцівіл у свой час не быў пастаўлены ў Полацку Міндоўгам, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, а быў добраахвотна выбраны полацкім вечам, якое лічыла яго законным князем, і таму палачане не выдалі яго сына.

Палачане, апынуўшыся ў складаным становішчы, павінны былі пайсці на часовую ўступку Траняту і прыняць ад яго князя. Наўгародскі I летапіс, адзіная крыніца, якая паведамляе пра гэта, не называе імя стаўленіка Траняты ў Полацку. Выказвалася меркаванне, што гэтым князем быў Гердзень, сын полацкага князя Давыда Расціславіча. Значыцца, Транята фактычна пасадзіў у Полацку не літоўскага князя, а полацкага князя. Гэта магло б быць яшчэ адным сведчаннем на карысць таго, што палачане нават у цяжкі момант сваёй гісторыі не бралі да сябе князёў іншых дынастый. Аднак катэгарычна сцвярджаць, што гэтым князем быў Гердзень, нельга, бо ў крыніцы аб гэтым не сказана.

Забойства Таўцівіла вывела Полацк з далейшай барацьбы за літоўскую спадчыну. Цяпер была чарга Войшалка. Але той аказаўся больш хітрым і дальнабачным, каб за нішто ісці ў рукі Траняты. Прачуўшы аб забойстве Міндоўга, «Воишелк убоявся того же и бежа до Пинська и ту живяшеть». Гэтыя словы летапісу сведчаць, што Войшалк разгадаў намер Траняты. Але не адзін толькі страх і не ён перш за ўсё гоніць Войшалка ў Пінск, што і паказалі будучыя падзеі. Перацягнуўшы на бок Новагародка пінянаў, якія ўжо даўно адчувалі на сабе цяжар залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў, Войшалк уважліва сачыў за падзеямі ў Літве, не спяшаючыся з адкрытым умяшаннем у яе справы. Ён добра разумеў, што феадалы Літвы не будуць мірыцца з жамойцкім панаваннем, і, можна думаць, раздзімаў гэтыя супярэчнасці, што і дало свае вынікі. Транята быў забіты конюхамі-парабкамі Міндоўга. Смерць Траняты азначала крах намераў жамойцкіх феадалаў аб’яднаць балцка-літоўскія землі вакол Жамойціі.

Наўрад ці можна пагадзіцца з думкай, што падзеі пасля смерці Міндоўга «зноў пацвердзілі ўнутраную цвёрдасць Літоўскай дзяржавы». Наадварот, падзеі да і пасля смерці Міндоўга пацвердзілі ўнутраную слабасць Літвы. Галоўнай прычынай гэтай слабасці быў непераадольны антаганізм паміж Літвой і Жамойціяй. Менавіта ў кароткі перыяд 1260–1263 гг. канчаткова паказала сваю нежыццяздольнасць ідэя аб’яднання балцка-літоўскіх земляў як вакол Літвы, так і вакол Жамойціі.

Войшалк быў адным з тых людзей, якія разумелі ўсю марнасць асобнага аб’яднання балцка-літоўскіх земляў ад славянскіх. I таму назаўсёды звязаў свой лёс з Новагародкам. Паміж Жамойціяй і Літвой не было і не магло быць трывалых эканамічных сувязей. Апроч таго, летапісная Літва, акружаная амаль з усіх бакоў славянскімі землямі і ўсеяная славянскімі калоніямі, вядома, не магла быць прыцягальнай для Жамойціі з яе кампактнай тэрыторыяй і аднародным язычніцкім насельніцтвам. Феадалы Літвы і Жамойціі не мелі дастатковых сіл, каб узяць верх адных над другімі. Усё гэта не пацвярджае меркавання, што Літва ў выніку ўсталявання ў ёй манархічнай улады Міндоўга мацнела. Наадварот, як мы бачылі, манархічная ўлада Міндоўга выклікала яшчэ большы антаганізм паміж Літвой і Жамойціяй. Дзеля аб’яднання іх і іншых балцка-літоўскіх земляў патрэбны быў іншы цэнтр, якім і стаў Новагародак.

3 Новагародка і прыйшла сіла, якая стала аб’ядноўваць у адзінае цэлае Новагародскую, Пінскую, Літоўскую, Полацкую землі. Войшалк, даведаўшыся, што Транята забіты, а Літва і Жамойція ў стане разгубленасці і безначалля, вырашыў, што прыйшла пара дзейнічаць. Гэтага ён толькі і чакаў. Ён распачаў непасрэдную рэалізацыю той мэты, якую не ўдалося здзейсніць Міндоўгу, калі той быў новагародскім князем, — поўную і канчатковую заваёву Літвы. У. Пашута, грунтуючыся на паказаннях Наўгародскага I летапісу, сцвярджаў, што апорай Войшалка былі «вои отца и приятели». Аднак галіцка-валынскі летапісец, які, бясспрэчна, лепш ведаў сапраўднае становішча ў суседніх землях, сведчыў пра іншае: «Воишелк поиде с Пиняны к Новогороду и оттоле поя за собою Новогородце и поиде в Литву княжить». (Гэта яшчэ адно сведчанне, што тагачасная Літва адначасова межавалася з Новагародскай і Пінскай землямі, г. зн. знаходзілася ва ўказаным намі месцы.) Вядома ж, ні ў Пінску, ні ў Новагародку вояў Міндоўга не было. Войшалк у заваяванні Літвы абапіраўся толькі на сілы Новагародка і саюзнага з ім Пінска. Паказальна, што У. Пашута ў сваёй кнізе не прывёў гэтага летапіснага сведчання. Тое ж самае мы бачым і ў сучаснага даследчыка Э. Гудавічуса, які, робячы мантаж з летапісных звестак 1263–1265 гг., не ўключыў у яго ўпомненага паведамлення. У дадзеным выпадку важна ўжо не тое, што паказваецца, а тое, што замоўчваецца. Замоўчваецца ж галоўнае: Войшалк заваёўваў Літву і іншыя балцкія землі з Новагародка сіламі пінянаў і новагародцаў. Такім чынам, тое, што было крыху зацемнена ў дачыненні заваёвы Міндоўгам Літвы з Новагародка, тут, у дачыненні Войшалка, ужо выступае адкрытым тэкстам. Тым не менш нельга адкідваць і прыведзенае вышэй сведчанне Наўгародскага I летапісу, бо яно можа высветліць тое, што і Міндоўг гэтак жа заваёўваў Літву, як і Войшалк. Сапраўды, воямі Міндоўга маглі быць толькі новагародцы, а яго прыяцелямі таксама піняне. Што Міндоўг меў дачыненне да Пінска, красамоўна сведчыць тое, што ў гэтым горадзе была вуліца Міндоўга, а недалёка ад яго курган Міндоўга (Поболь Л. Д. Древности Белоруссии в музеях Польши. Мн., 1979. с. 112). Як сведчыць далей летапіс, «Литва же вся прияше и с радостью своего господинича», г. зн. прыхільна сустрэла Войшалка як свайго законнага гаспадара. На гэта і разлічвалі новагародскія феадалы, калі бралі Войшалка сваім князем. Але, відаць, прыязна ставіліся да Войшалка толькі ў «Літве Міндоўга», тым часам як астатняя Літва аказала супраціўленне Войшалку. У летапісе пад 1264 г. чытаем: «Воишелк же нача княжити во всей земле Литовской и поча вороги свои убивати, нзби их бессчисленное множество, а друзии разбегошося камо кто видя». Характэрна, што і гэта месца апусціў Э. Гудавічус, а У. Пашута далучыў яго да заваявання Войшалкам Нальшчанаў і Дзяволтвы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Войшалку супраціўляліся літоўскія феадалы, што яны былі галоўнымі ворагамі ўтварэння ВКЛ і што Войшалк, будучы правадніком палітыкі новагародскіх феадалаў, жорстка расправіўся з літоўскімі феадаламі, большасць якіх была знішчана, а частка разбеглася.

Але моцы Новагародка і Пінска хапіла Войшалку толькі для заваявання Літвы. Бачачы гэта, ён зноў пайшоў на саюз з галіцка-валынскімі князямі. Магчыма, ён бярог уласныя сілы і хацеў грэбці жар чужымі рукамі. Войшалку нялёгка было ўвайсці зноў у давер да галіцка-валынскіх князёў, і ён сыграў на іх слабай струнцы — імкненні валодаць Новагародскай зямлёй і Літвой.

Войшалк прызнаў вярхоўную ўладу над сабой князя Васілька, якога «нареки отцом себя и господина». Аддаўся менавіта пад уладу Васілька, а не галіцкага князя Льва Войшалк таму, што першы з іх быў ужо старым чалавекам і са смерцю яго траціў усялякую сілу заключаны з ім саюз. Пасля гэтага Войшалк атрымаў ад галіцка-валынскіх князёў вайсковую дапамогу для заваявання іншых балцка-літоўскіх земляў. Няма чаго казаць, што яны дзейнічалі недальнабачна, трацячы свае сілы на заваяванне таго, што ім не магло належаць. Галіцка-Валынская зямля і без таго была аслаблена залежнасцю ад татараў, пасля смерці Данілы Галіцкага ўжо абазначыўся яе распад. Вось чаму так смела пайшоў Войшалк на знешняе падначаленне яе князям.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: