Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Як бачым, у выніку гэтага паходу была занята левабярэжная Літва і ўся Новагародская зямля. I хоць Міндоўг паслаў свайго сына пад Турыйск, хоць да гэтага часу яму ўдалося падкупіць яцвягаў, справа была прайграна, і ён папрасіў у Данілы міру. Аднак умовы, прапанаваныя Міндоўгам, былі, відаць, непрымальныя для Данілы Галіцкага. Мір быў заключаны пасля яшчэ аднаго паходу Данілы «на Литву, на Новогородок».
Чамусьці У. Пашута нічога не гаварыў пра гэты паход, магчыма таму, што гэтае месца летапісу ясна ўказвае на знаходжанне летапіснай Літвы паміж Пінскай і Новагародскай землямі. А менавіта гэты паход і вырашыў зыход справы і прымусіў Новагародак заключыць мір на ўмовах, прадыктаваных Данілам Галіцкім. Вось чаму нельга паказваць заканчэнне вайны 1248–1254 гг. як трыумф палітыкі і дыпламатыі Міндоўга, як гэта сцвярджаў У. Пашута, зазначаючы, што за Міндоўгам засталася Чорная Русь. Пры гэтым не растлумачыў, чаму ён змяніў свой ранейшы погляд, паводле якога гэты мір з’яўляўся перамогай Данілы, што больш адпавядае сапраўднасці. У. Пашута яшчэ пісаў: «Заваяваць Літву нікому не ўдалося». Але Літву і Новагародак ніхто і не хацеў заваёўваць. Мы бачылі, што галіцка-валынскія князі тры разы займалі Новагародскую зямлю і два разы Літву і кожны раз пасля «возвратишеся в дом свой». Для заваявання і асабліва ўтрымання ў сваіх руках Новагародскай зямлі і Літвы ў іх проста не было сіл: Галіцка-Валынская зямля на той час была занята барацьбой з татара-манголамі і вайной за аўстрыйскую спадчыну. Вайна 1248–1254 гг. была выклікана заваяваннем Літвы Новагародкам, што прывяло да пашырэння тэрыторыі і ўзмацнення Новагародскай дзяржавы. Таму галіцка-валынскія князі, якія вялі вайну з Новагародкам, мелі на мэце прымусіць яго адмовіцца ад Літвы. Яны гэтага дасягнулі. Міндоўг павінен быў здаволіцца толькі роляй князя Літвы, у той час як Новагародак узяў сабе другога князя — Войшалка, старэйшага сына Міндоўга.
Палітыка Войшалка i другое заваяванне Літвы
Як бачым, першая спроба заваявання Літвы Новагародскай зямлёй закончылася няўдачай. Галоўнымі праціўнікамі гэтага былі: знутры — літоўскія феадалы, а звонку — галіцка-валынскія князі. Гэтыя дзве сілы найбольш паслядоўна змагаліся за раз'яднанне Новагародка і Літвы і давялі сваю справу да канца.
Аднак, нягледзячы на першую няўдачу і спусташэнне, якое прынеслі тры паходы галіцка-валынскага войска на Новагародскую зямлю, яе феадалы не адмовіліся ад свайго намеру заваяваць Літву. Але яны ўлічылі горкі вопыт першай сваёй спробы, выканаўца якой — Міндоўг — аказаўся дрэнным, няўмелым палітыкам. Яго дзеянні выклікалі міжнародны канфлікт, цэлая кааліцыя дзяржаў выступіла супраць Новагародскай дзяржавы. Асабліва няўдалым палітычным манеўрам Міндоўга быў саюз з Ордэнам. Па-першае, гэта вельмі пашкодзіла балцка-літоўскім землям. Паводле гэтага саюзу, Міндоўг рабіў за кошт іх зямельныя ахвяраванні Ордэну і адмаўляўся ў дапамозе Жамойціі ў час барацьбы яе з немцамі. Рыцары, развязаўшы сабе рукі ўмовай з Міндоўгам, разгарнулі шырокае наступленне супраць Прусіі і Жамойціі. 3 другога боку, манеўр Міндоўга нічога не даў і Новагародку — не спыніў галіцка-валынскага наступлення, што і было галоўнай прычынай няўдачы.
Улічваючы праваслаўны фанатызм будучага новагародскага князя Войшалка, можна думаць, што прыняцце Міндоўгам каталіцтва выклікала незадаволенасць новагародцаў і ў шэрагу з іншым з’явілася прычынай пазбаўлення яго княскага пасада ў Новагародку.
Такім чынам, роля Міндоўга ў гісторыі яўна перабольшваецца. Ён фактычна не быў стваральнікам BKЛ, як гэта да апошняга часу тлумачыцца ў літаратуры. Не ён зрабіў сваёй сталіцай Новагародак, а Новагародак выбраў яго сваім князем. Не літоўскую ўладу ажыццяўляў тут Міндоўг, а быў выканаўцам дзяржаўных імкненняў Новагародка. Таму, не апраўдаўшы надзей новагародскіх феадалаў, ён і страціў новагародскі пасад.
Праўда, апошнім часам сцвярджаецца, што сталіцай Міндоўга быў не Новагародак, а Вільня. Аднак гэта супярэчыць пісьмовым крыніцам. Нельга ігнараваць і тапаніміку: у Навагрудку ёсць гара Міндоўга і гай Міндоўга. Вільня ж упершыню як сталіца BKЛ упамінаецца толькі ў 1323 г.
Мы не ведаем дакладна, калі Міндоўг пакінуў Новагародак, гэта, відаць, адбылося ў 1254 г., калі быў заключаны мір з галіцка-валынскімі князямі. Але ад імя Новагародка ў гэтай акцыі ўдзельнічаў не Міндоўг, а Войшалк.
Новагародскім феадалам, як і раней, патрэбны быў князь-ліцвін, які, захапіўшы Літву, мог бы з’явіцца там як наследны гаспадар. I гэта ў будучым спраўдзілася. Па-другое, ён меўся быць такім жа непераборлівым у сродках для дасягнення сваіх мэт, такім жа рашучым і вераломным, як Міндоўг. Будучыня паказала, што Войшалк у гэтых якасцях не толькі не ўступаў свайму бацьку, але і перасягаў яго. Па-трэцяе, патрэбны быў адначасова тонкі палітык і дыпламат, які б дзейнічаў больш дальнабачна і меў менш ворагаў, чаго не здолеў зрабіць Міндоўг. I тут новагародскія феадалы таксама не памыліліся. Нарэшце, князь гэты павінен быць больш прывязаны да Новагародка, больш дзейнічаць у яго інтарэсах. Міндоўг жа, як помнім, у асноўным помсціў за свае крыўды, ва ўсіх яго ўчынках бачна імкненне найперш задаволіць асабістыя інтарэсы. Ён больш прыстасоўваўся да адпаведных умоў, чым сам іх ствараў, сведчаннем чаго з’яўляецца яго пераход з язычніцтва ў праваслаўе, з праваслаўя ў каталіцтва, потым зноў у язычніцтва. Войшалк быў поўнай процілегласцю Міндоўга. Назаўсёды звязаўшы свой лёс з Новагародкам, ён быў праваслаўным фанатыкам. Сведчаннем апошняга асабліва з’яўляецца тое, што ён не пайшоў услед за Міндоўгам у прыняцці каталіцтва, а застаўся ў праваслаўі. Служэнне Новагародку і праваслаўю — вось тая спружына, якая рухала дзейнасць Войшалка. У гэтых адносінах ён нагадваў Даўмонта, які, нягледзячы на літоўскае паходжанне, верна служыў Пскову і праваслаўю, за што быў абвешчаны пасля смерці святым.
Вось такі чалавек стаў новагародскім князем. У той час яму было 32 гады (паводле Тацішчава, ён нарадзіўся ў 1223 г.). Першай буйной дзяржаўна-дыпламатычнай справай Войшалка было заключэнне міру з галіцка-валынскімі князямі. У летапісе сказана: «Потым же Войшелк створи мир с Данилом и выда дщерь Миндовгову за Шварна, сестру свою». Прыйсці да згоды было нялёгкай справай. Ён выступаў ад імя пераможанай і знясіленай краіны. У такім незайздросным становішчы трэба было заключыць выгадны для сябе мір. Войшалк добра разумеў галоўны пралік Міндоўга: захоп Літвы выклікаў варожасць галіцка-валынскіх князёў. Таму яго асноўнай задачай было перацягнуць былых праціўнікаў на свой бок і на пэўны час абапірацца на іх дапамогу. Гарантыяй гэтага стала выданне дачкі Міндоўга за сына Данілы Галіцкага. Трэба думаць, што на гэтым шлюбе настойваў і Даніла Галіцкі, каб у далейшым мець большыя магчымасці для ўмяшання ў справы Літвы. Дзеля гэтага ж і ён сам быў жанаты з сястрой Таўцівіла. Сама летапісная формула сведчыць, што ўсё было зроблена супраць волі Міндоўга. Праўда, апошні ў 1252 г. таксама разам з пытаннем пра мір ставіў і пытанне «о сватьстве», але, відаць, на іншых умовах, і таму зараз ужо не Міндоўг выдаваў «дщерь Миндовгову и свою сестру за Шварна». Аднак замацаванне міру ўступленнем у сваяцтва праз шлюб было звычайнай з’явай, якая ў большасці выпадкаў не гарантавала трываласці пагаднення. Таму Войшалк пайшоў на незвычайны ўчынак. Ён аддаў Новагародскую зямлю разам з Новагародкам, Слонімам, Ваўкавыскам і астатнімі гарадамі сыну Данілы — Раману. Такі дзіўны крок сучаснікі не маглі растлумачыць інакш як імкненнем Войшалка пастрыгчыся ў манахі. У сапраўднасці ж гэта быў вельмі тонкі і дальнабачны палітычны ход. Войшалк канчаткова ўваходзіў у давер да галіцка-валынскіх князёў. У. Пашута сцвярджаў, нібыта па ўмовах міру «Чорная Русь засталася за Літвой» і «што ў ёй правіў Войшалк», не тлумачачы і не аналізуючы таго факта, чаму патрэбна было Міндоўгу аддаваць Войшалку Новагародскую зямлю. Мы ўжо ведаем, што яна ніколі не належала Літве, а ўсё было наадварот. Больш таго, У. Пашута гаварыў, што Міндоўг пакінуў за сабой Новагародак, а Войшалк перадаў Раману Новагародак ад імя Міндоўга, а Ваўкавыск, Слонім і іншыя гарады — ад сябе. Гэта як быццам пацвярджаецца словамі летапісу: «…вдасть… Новогородок от Миндовга и от себе и Вослоним и Волковыеск и все городы». Але гэты тэкст летапісу дае падставы для розначытанняў у залежнасці ад таго, куды аднесці словы «и от себе» — да Новагародка ці да астатніх гарадоў. Затое летапісны запіс пад 1257 г. ясна гаворыць, што Войшалк ад сябе, а не ад Міндоўга перадаў Раману Новагародак: «Воишелк бе дал Новогородок Романови». Як бачым, тут летапіс не згадвае Міндоўга. Чаму ж ён фігуруе ў папярэднім тэксце? Войшалк мог прадбачыць, што ў яго адсутнасць Міндоўг мог прэтэндаваць на Новагародак і ўсю зямлю і пры зручным выпадку вярнуцца туды. Забягаючы крыху наперад, скажам, што пільнасць Войшалка не была лішняй. Хто-хто, а ён ведаў свайго бацьку. Сапраўды, апошні, выхваляючыся, неўзабаве паабяцаў Данілу Галіцкаму, падбіваючы яго ісці на татараў (ён не мог ім дараваць нападу Бурундая на яго зямлю ў 1258 г.): «Пришлю к тобе Романа с новогородце». Відаць, ён і хацеў, карыстаючыся адсутнасцю Рамана з войскам і занятасцю галіцка-валынскіх князёў барацьбой з татарамі, нейкім чынам вярнуцца ў Новагародак. Звычайна даследчыкі ўказваюць на прыведзеныя вышэй словы Міндоўга як на сведчанне залежнасці яго Новагародка і пры Рамане. Але яны не ўлічваюць, што новагародцы аказаліся непаслухмянымі, і Міндоўгу прыйшлося пасылаць сваё войска, у той час як Раман прывёў «мало людий».
Вось чаму Войшалк прымусіў Міндоўга пацвердзіць і ад сябе перадачу Новагародскай зямлі, таму ўпамінанне тут Міндоўга гаворыць не аб прыналежнасці яму гэтай тэрыторыі, а пра канчатковае і прымусовае адрачэнне ад яе, у той час як Войшалк аддаваў яе, як убачым, толькі да часу.
Тое, што Войшалк без хістанняў аддаваў Новагародскую зямлю галіцка-валынскім князям, сведчыць пра яго дальнабачнасць. Ён добра разумеў, штo Новагародская зямля з’яўляецца для галіцка-валынскіх князёў адным з самых прывабных кавалкаў, валоданне якім адчыняе ім дарогу да літоўскіх і полацкіх земляў. Ён таксама бачыў тыя ўнутраныя і знешнія супярэчнасці, у якія пападала Галіцка-Валынская зямля, і таму прадбачыў яе немінуючае аслабленне, у выніку якога яна не толькі не зможа ўтрымаць за сабой Новагародскую зямлю. але і сама стане аб’ектам захопу суседзяў. Вось чаму Войшалк пайшоў на такую смелую палітычную камбінацыю, як перадача Новагародскай зямлі галіцкаму князю. Апроч таго, гэта забяспечвала яго Новагародчыне мірнае жыццё на пэўны час.
Варта ўвагі і тое, што Войшалк перадаў Новагародскую зямлю не Шварну, а Раману. Шварн, жанаты з сястрою Войшалка, меў бы ў выпадку перадачы яму Новагародскай зямлі законныя правы на яе. Іншая справа з Раманам. Няўдалы прэтэндэнт на аўстрыйскую карону, ён мог быць задаволены становішчам новагародскага князя і не прад’яўляць ніякіх прэтэнзій на Новагародскую зямлю як яго законную спадчыну. Распальванне супярэчнасці паміж сынамі Данілы Галіцкага ў іх дамаганнях на Новагародскую зямлю, як мы пабачым далей, стане пастаянным элементам палітыкі Войшалка і з'явіцца нават прычынай яго смерці.