Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Ужо будучы віцебскім князем, ён прадаўжаў пачатую яшчэ Гедзімінам даўнюю полацкую палітыку ў адносінах да Пскова і Ноўгарада, а таксама да Смаленска. Падзеі 1345 г. прыпынілі на нейкі час яго дзейнасць у гэтым кірунку. Але, стаўшы вялікім князем і абапёршыся на ўсю моц дзяржавы, Альгерд накіроўвае намаганні на пашырэнне межаў Княства, што і прынесла яму надзвычай вялікія поспехі.

Праўда, яны не ўсюды былі аднолькавыя па сваіх выніках. У першую чаргу гэта адносіцца да Пскова. Мы ўжо ведаем, што ў час падзей 1342–1345 гг. тут пачаў князяваць сын Альгерда Андрэй. Аднак у хуткім часе ён стаў полацкім князем, а ў Пскове пакінуў сваіх намеснікаў, што і выклікала незадаволенасць яго жыхароў, якія хацелі мець поўнаўладнага князя. Тут, вядома, адыграла сваю ролю палітыка балансавання Пскова паміж Полацкам і Ноўгарадам, бо, адмаўляючыся ад улады Андрэя, пскоўцы адразу ж аднавілі саюз з Ноўгарадам. Зазначым, што гэтая падзея ў крыніцах храналагічна заблытана: у Пскоўскім I летапісе яна паказана пад 1343 г., а ў Пскоўскім II — пад 1349 г. Відаць, другая дата больш правільная. В. Антановіч абазначыў яе 1348 г.

Зразумела, учынак пскоўцаў не мог не выклікаць незадаволенасці як у Андрэя, які вельмі разгневаўся, так і ў Альгерда, які, з аднаго боку, папракнуў жыхароў горада ў няўдзячнасці за тыя вялікія ахвяры, якія панесла яго войска, дапамагаючы ім у барацьбе з крыжакамі, а з другога боку — зрабіў рашучыя захады супроць пскоўскіх купцоў, што знаходзіліся ў Вялікім княстве, загадаўшы затрымаць іх і канфіскаваць іх маёмасць. Толькі пазней яны былі адпушчаныя за вялікі выкуп.

Андрэй у 1350 г. зрабіў набег на Вараноўскую воласць Пскоўскай зямлі. Па ўсім відаць, паміж Полацкай і Пскоўскай землямі разгарэлася жорсткая барацьба, бо ў 1358 г. пскоўскі князь Астафій з войскам хадзіў да Полацка і парабаваў яго воласці. Мабыць, такія ўзаемныя паходы былі б часцейшыя, каб не паморкі, якія ахоплівалі Пскоўскую зямлю ў 1352 і 1360 гг. Не выключана, што ад гэтага пацярпела і Полацкая зямля. Як бачым, барацьба Полацка за свой уплыў у Пскове не была паспяховай, аднак тым не менш яна, не заціхаючы на доўгі час, зноў і зноў аднаўлялася.

Зразумела, што, праводзячы актыўную супроцьпскоўскую палітыку, Альгерд ужо толькі гэтым не мог не закрануць і Ноўгарад, што, як і Пскоў, знаходзячыся ў сферы полацкіх інтарэсаў, меў з ім шэраг агульных рысаў. Як Пскоў, абараняючы сваю самастойнасць, балансаваў у сваёй палітыцы паміж Полацкам і Ноўгарадам, так і Ноўгарад, забяспечваючы сваю незалежнасць, балансаваў паміж BKЛ і Масквой. Як у Пскове існавалі полацкія і наўгародскія партыі, ад кожнай з якіх залежаў саюз з тым ці іншым процілеглым бокам, так і ў Ноўгарадзе існавалі так званыя літоўскія і маскоўскія партыі, перамогі якіх ва ўзаемнай барацьбе таксама вызначалі кірунак палітыкі ў гэтай зямлі.

Менавіта ўзаемная барацьба названых наўгародскіх партый і вызначала дзеянні Альгерда ў адносінах да Ноўгарада. Пасля таго як у 1346 г. маскоўскі князь Сімяон Іванавіч (нагадаем, што ён быў жанаты з дачкою Гедзіміна Анастасіяй, што зусім не перашкаджала яго антылітоўскай палітыцы) на просьбу наўгародскага ўладыкі Васіля прыйшоў у Ноўгарад, дзе тры тыдні «седе на столе своем», пасля вярнуўся ў Маскву і паставіў сваіх намеснікаў, стала відавочнай перамога маскоўскай партыі і паражэнне «літоўскай». Дайшло да таго, што наўгародскі пасаднік Астафій Дваранішчаў назваў Альгерда «псом». Падрыў пазіцыі ВКЛ у Ноўгарадзе занепакоіў Альгерда: маглі пайсці марна шматвяковыя намаганні. I таму Альгерд пасля адыходу Сімяона адразу ж пачаў вайсковыя дзеянні супроць Ноўгарада, заявіўшы перад гэтым у сваім пасланні: «Хачу битися с вами». Яго войска пачало спусташаць наўгародскія землі па Шалоні і Лузе і ўзяло выкуп з Порхава і Апочкі. Наўгародцы, хаця і пайшлі ў бок Лугі, аднак, не ўступіўшы ў бой, вярнуліся назад. Сабранае ў гэты час веча віноўнікам усіх бедаў абвясціла пасадніка Астафія Дваранішчава, які тут жа і быў забіты за тое, што наклікаў вайну. Як бачым, перамога «літоўскай» партыі, як раней і маскоўскай, абумоўлівалася ўмяшаннем адпаведнай знешняй сілы. I хаця ў наступным годзе быў заключаны мір ВКЛ з Ноўгарадам, гэта з’явілася толькі чарговай вяхой у складаных узаемасувязях ВКЛ з Ноўгарадам.

З поўначы на ўсход

Такі ж самы характар, як «пскоўская» і «наўгародская», мела і «смаленская» палітыка Альгерда, аднак яна была больш паспяховай. I гэта зразумела. Ва ўмовах, калі ўтварыліся два цэнтры сцягвання ўсходнеславянскіх земляў у дзве ўзаемнаварожыя дзяржавы — Літоўска-Полацкую і Маскоўскую, Смаленск, гэтак жа як Пскоў і Ноўгарад, апынуўся на мяжы інтарэсаў новых палітычных утварэнняў. Таму, каб захаваць сваю самастойнасць, ён таксама павінен быў праводзіць палітыку лавіравання.

Альгерд быў выразнікам інтарэсаў беларускіх земляў і найперш Полацкай, што на працягу стагоддзяў вяла актыўную палітыку падначалення сабе Смаленска. Усведамляючы даўнюю полацкую палітычную традыцыю і разумеючы значэнне падначалення Смаленскай зямлі сваёй уладзе ў супроцьдзеянні аб’яднаўчай палітыцы Масквы, Альгерд надаваў гэтаму вялікую ўвагу, яшчэ не будучы вялікім князем. Нам ужо вядома, што ўжо ў 1341 г. ён выступаў на баку Смаленска ў барацьбе за адабраны Масквою Мажайск.

Аб далейшым збліжэнні Смаленска з Літоўска-Полацкай дзяржавай сведчыць удзел смаленцаў у бітве з крыжакамі на р. Стрэве ў 1348 г. I ўжо сапраўдным абаронцам Смаленска выступае Альгерд у 1352 г., калі маскоўскі князь Сімяон Іванавіч з вялікім войскам пайшоў у напрамку да гэтага крывіцкага горада. Аднак на мяжы Смаленскай зямлі яго сустрэла пасольства ад Альгерда. Вынікам перамоваў было спыненне далейшага прасоўвання маскоўскага войска, якое было распушчана. А трохі пазней Сімяон Іванавіч даў Смаленскай зямлі мір, сустрэўшыся з яе пасольствам на р. Угры. Аднак, пазбавіўшыся пагрозы Масквы, смаленскі князь Іван Аляксандравіч не мог не бачыць пагрозы падначалення Альгерду, што і прывяло да ўзаемных варожых дзеянняў. У 1355 г. Альгерд пад выглядам дапамогі Смаленскай зямлі захапіў горад Ржэў, які ляжаў на мяжы з Цвярскім і Маскоўскім княствамі, ад якіх вялікі літоўскі князь нібыта і бараніў суседзяў-смаленцаў.

Аднак, відаць, прычынаю было не толькі гэта. Варта паглядзець на карту, каб убачыць, што Ржэў знаходзіцца на самым узмежжы пашырэння беларускіх гаворак на паўночным усходзе. Такім чынам, ужо ў той час выразна бачылася беларуская этнічная мяжа, што ў ліку іншага і давала Альгерду падставу далучаць да тэрыторыі сваёй беларускай дзяржавы менавіта Ржэў. Можна меркаваць, што Альгердава акцыя выклікала з боку смаленскага князя дзеянні ў адказ і гэта прымусіла вялікага князя літоўскага той жа восенню ісці да Смаленска. 3 кожным годам непрыязнасць у адносінах BKЛ і Смаленска нарастала. У 1357 г. з дапамогаю цвярскіх і мажайскіх войск Ржэў быў вернуты Смаленску. У наступным годзе самі смаленцы зрабілі спробу (праўда, няўдалую) вярнуць сабе захоплены раней у іх горад Белы. I гэта не прайшло для смаленцаў дарэмна. У наступным, 1359 г., Альгерд са сваім войскам увайшоў у межы іх зямлі і далучыў да сваіх уладанняў Мсціслаў, што з’явілася значным крокам у працэсе аб’яднання беларускіх земляў у агульнай дзяржаве. 3 свайго боку Андрэй Полацкі ў тым жа годзе вяртае Ржэў, дзе размясціў свае гарнізоны. Гэта яшчэ раз пасведчыла, дзе знаходзіліся ў тагачасным разуменні межы нашага народа.

Наколькі важнае значэнне надавалася Ржэву, сведчыць і той факт, што сам Альгерд наведаў гэты горад, які стаў пасля апірышчам далейшага наступу Андрэя Полацкага на Смаленскую зямлю з паўночнага ўсходу. У выніку ў 1367 г. ім была занята частка яе тэрыторыі з гарадамі Хорвая і Родня. Гэта адпавядала намаганням Альгерда, які, заняўшы Северскую зямлю з Бранскам, тым самым замацаваўся на заходніх і паўднёвых межах Смаленшчыны. Хоць яна яшчэ не была фармальна далучана да Вялікага княства, аднак ужо цалкам залежала ад апошняга. Яскравым сведчаннем такога становішча было тое, што смаленскі князь Святаслаў Іванавіч павінен быў у 1368, 1370 і 1372 гг. удзельнічаць у паходзе Альгерда на Маскву, якая стала яго галоўным праціўнікам. Таму ён сурова караў тых, хто намерваўся дапамагаць ёй. Так было ў 1374 г., калі адзін са смаленскіх князёў, Іван Васільевіч, дапамог Маскве ў яе паходзе на Цвер. Альгерд уварваўся ў Смаленскую зямлю, паваяваў яе прыгарады і захапіў вялікі палон. Масква добра разумела ўсю небяспеку залежнасці Смаленска ад BKЛ і таму рабіла спробы супрацьдзейнічаць гэтаму, як было ў 1368 г., калі яна паваявала частку Смаленскай зямлі. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі) усведамляў важнае стратэгічнае значэнне Ржэва і таму ў 1375 г. паслаў туды войска, аднак, спаліўшы пасад, узяць горада яно не змагло.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: