Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Тое, што ўтварэнне ВКЛ суправаджалася заваяваннем балцка-літоўскіх земляў (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцверджанне, што ўзнікненне гэтай дзяржавы дыктавалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. Цікава, што Э. Гудавічус у сваім артыкуле пра маю кмігу «Па слядах аднаго міфа», змешчаным у некалькіх нумарах часопіса «Voruta» за 1994 г., сцвярждае, што я пад міфам разумею тое, што ў той час сучасная Літва таксама называлася Літвой. Гэта пытанне я закранаў па ходу майго даследавання, аднак галоўная мая ўвага была ўдзелена выкрыццю міфа аб літоўскім заваяванні Беларусі. I зрабіў указаную падмену Э. Гудавічус невыпадкова. Аспрэчваючы мой тэзіс аб адсутнасці літоўскага заваявання, ён павінен быў бы прывесці факты яго, а іх то і няма. I таму Э. Гудавічус і рашыў замаўчаць гэта пытанне. Паколькі ўтварэнне ВКЛ было найперш вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб’яднання беларускіх земляў, то гэты гістарычны працэс быў у інтарэсах беларускіх феадалаў. Таму становіцца зразумелым, чаму ў ВКЛ пануючае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова. Усё адзначанае поўнасцю адхіляе вельмі пашыраны ў навуковай літаратуры тэзіс аб уваходжанні Беларусі ў склад ВКЛ. Нічога падобнага не было, бо менавіта адна з тэрыторый Беларусі — Верхняе Панямонне — і была ядром утварэння ВКЛ.

Час Трайдзеня

Недастатковая інфармацыя крыніц да канца XIII ст. дала глебу для з’яўлення вельмі супярэчлівых сцверджанняў аб сутнасці і характары паасобных падзей у гэтай новай дзяржаве. Найперш нам нічога не вядома пра час у прамежку 1268–1270 гг. паміж амаль адначасовай смерцю Войшалка і Шварна і ўкняжэннем Трайдзеня. Б. Антановіч лічыў, што гэты час быў запоўнены барацьбой літоўска-язычніцкага элемента з руска-хрысціянскім і перамогай першага над другім, улада якога працягвалася звыш 20 гадоў. Аднак гэтая думка грунтуецца на непаразуменні. Справа ў тым, што мы фактычна не ведаем, адкуль узяўся Трайдзень, ці паходзіў ён з роду Міндоўга, ці належаў да іншага роду. Праўда, у «Хроніцы Быхаўца», як і ў іншых беларускіх летапісах XVI ст., ён і лічыцца сынам вялікага князя Рамана, ці Ромунга, які ў сваю чаргу нібыта быў сынам вялікага князя Гілігіна. Аднак у гэтых крыніцах гісторыя Трайдзеня вельмі заблытаная і ўяўляе сабой «сумесь падзей, якія адбываліся ў розныя часы, і ўласных домыслаў складальнікаў летапісаў». І ўсё ж некаторыя з іх заслугоўваюць таго, каб іх адзначыць. Гэта найперш тое, што Трайдзень да таго, як стаў вялікім князем у Новагародку, быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі к гэтаму часу сваіх князёў і лёгка паддаліся яго ўладзе. Трайдзень, стаўшы вялікім князем яцвяжскім і дайноўскім, збудаваў над р. Бобр горад, які назваў Райгорадам. Найперш гэта можа быць сведчаннем таго, што ўжо ў 60-я гг. XIII ст. да Новагародка была далучана частка яцвягаў, якія жылі па р. Бобр, а гэта значыць, што новая дзяржава пашыралася і на захад, што ў далейшым і прывяло да сутычак з польскімі князямі. Па-другое, тое, што Трайдзеню прыпісваецца заснаванне горада з яскрава славянскай назвай, побач з іншым, аб чым мы будзем гаварыць ніжэй, абвяргае сцверджанне, што Трайдзень быў літоўцам і язычнікам і што, наогул, укняжэнне яго азначала перавагу літоўска-язычніцкага пачатку ў новай дзяржаве, што было рэакцыяй на ранейшую перавагу руска-хрысціянскага пачатку. Трэба зазначыць, што імя «Трайдэн», з якім гэты князь фігуруе ў навуковай літаратуры і якое ў немалой ступені дае нам уяўленне аб ім як літоўцу, не адпавядае крыніцам, дзе гэтае імя мае розныя формы (Тройдзень, Трондень, Troidzien, Траждень), але сярод іх няма формы «Трайдэн». А ўсё гэта таксама сведчыла аб славянскім паходжанні Трайдзеня. Дарэчы тут нагадаць, што гэты князь у некаторых беларускіх летапісах лічыцца сынам вялікага князя Рамана. Сапраўды, прыкладна з 1254 па 1258 г. новагародскім князем быў Раман, але ён з’яўляўся сынам галіцкага князя Данілы, а не міфічнага Гілігіна, аб чым ужо гаварылася вышэй.

У язычніцтва Трайдзеня таксама цяжка паверыць, калі ўлічыць, што ўсе яго браты Борза, Сірпуцый, Лесій і Свелкеній (усе імёны славянскія) былі хрысціянамі. У. Пашута не меў рацыі, калі лічыў, што адмоўная характарыстыка Трайдзеня як язычніка, які па сваёй жорсткасці параўноўваўся з такімі біблейскімі асобамі, як Антыох, Ірад і Нерон, узята з «Літоўскага летапісу», аўтар якога быў нібыта незадаволены ўсталяваннем у Новагародскай дзяржаве ўлады язычніка Трайдзеня. Усё, як убачым далей, было наадварот. Асабліва незадаволенымі Трайдзенем былі галіцка-валынскія князі, якія шмат ваявалі з ім, і таму іх летапісец і даў яму такую знішчальную характарыстыку. Менавіта так і растлумачыў гэта пазнейшы летапісец, адзначаючы, што Трайдзень атрымаў такое непаважлівае параўнанне з лютымі людзьмі, што быў «окрутный и валечный» (ваяўнічы). Зазначым, што ў тыя часы было звычаем сваіх ворагаў называць беззаконнымі, паганымі, нехрышчонымі, язычнікамі незалежна ад таго, былі ці не былі яны такімі. Напрыклад, Пскоўскі летапіс паганымі называў нямецкіх крыжакоў і ўсіх лацінянаў.

Усё сказанае дае падставу меркаваць, што з Трайдзенем у Новагародскай дзяржаве запанавала новая княская дынастыя, якая ў адрозненне ад папярэдняй Міндоўгавай была славянскага паходжання. I гэта заканамерна. Цяпер, калі Літва была заваявана і супраціўленне яе феадалаў было канчаткова зломлена Войшалкам, Новагародку не было больш патрэбы ў князях літоўскага паходжання. Цяпер можна было мець свайго князя, і ім стаў Трайдзень.

У крыніцах зусім мала звестак аб унутранай палітыцы Трайдзеня. Але і тое, што ёсць, паказвае, што ён, як і Войшалк, клапаціўся аб далейшым унутраным умацаванні Новагародскай дзяржавы. Калі Літва змірылася са сваім падначаленым становішчам, то гэтага, відаць, не было ў іншых балцкіх землях, заваяваных Войшалкам, у прыватнасці ў Нальшчанах, дзе ўслед за Войшалкам Трайдзень працягваў руйнаваць апорныя пункты праціўнікаў адзінства дзяржавы. Калі ад Войшалка ўцёк князь Даўмонт у Пскоў, то ад Трайдзеня — буйны феадал Суксе ў Рыгу. Канчатковае падначаленне Нальшчанаў асабліва было важна для дзяржавы, бо іх тзрыторыя адгароджвала астатнія балцка-літоўскія землі ад Новагародка і Полацка. Такім чынам, па-ранейшаму супраціўленне дзяржаўнай уладзе адбываецца з боку феадалаў балцкіх земляў, тым часам як гэта не заўважаецца з боку феадалаў беларускіх земляў. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што і Трайдзень дзейнічаў у інтарэсах апошніх.

Зусім беспадстаўнай з'яўляецца думка У. Пашуты, што «палітыка ўрада Трайдзеня ў паўднёва-заходняй Русі была накіравана на захоп і ўтрыманне Чорнай Русі» і што «яго ўлада пашыралася на Гродна і амаль на ўсю Чорную Русь». Як бачым, тут Чорная Русь выступае не цэнтральнай дамінуючай часткай дзяржавы, а залежнай ад Аўкштайціі (усходняй часткі сучаснай Літвы), выразнікам інтарэсаў феадалаў якой і паказаны Трайдзень. Як мы ўжо ведаем, усё было наадварот. Невядома, адкуль даследчыкам узята, што Чорная Русь была заваявана, як можна зразумець, галіцка-валынскімі князямі. Перадача Войшалкам княжання Шварну — сыну Данілы Галіцкага — ніколькі не азначала гэтага, бо ў такім выпадку яна не выклікала б такой бурнай адмоўнай рэакцыі ў галіцкага князя Льва Данілавіча, які і забіў за гэты ўчынак Войшалка. Чорная Русь заставалася па-ранейшаму свабоднай ад заваявання краінай, тэрыторыя якой з’яўлялася дамінуючай у дзяржаве. Доказам асаблівых клопатаў Трайдзеня аб ёй можа быць факт пасялення ім тут беглых прусаў і борцяў, якія ўцякалі з Памор’я ад нямецкага наступлення. Гэтым самым ён павялічваў насельніцтва гэтай зямлі, а разам з тым і рост яе прадукцыйных сіл і асабліва, як убачым далей, абароназдольнасці.

Незразумела таксама, чаму У. Пашута лічыў, што сталіцай Трайдзеня ў 70-х гг. XIII ст. быў Кернаў. Тое, што, паводле Лівонскай Рыфмаванай хронікі, Кернаў у 1273–1279 гг. упамінаецца як горад, што ляжаў у зямлі Трайдзеня, яшчэ не характарызуе яго як сталіцу. Сам жа У. Пашута, гаворачы аб падзеях 70-х гг. XIII ст., зазначыў, што ў іх «Новагародак выяўляецца для данай пары як асноўны цэнтр літоўскай улады». 3 разгледжанага вышэй відаць, што і раней, і тым больш пры Трайдзені ніякай літоўскай улады ў Новагародку не было і не магло быць.

Значна больш засталося ў крыніцах сведчанняў пра знешнія абставіны дзяржаўнага жыцця Новагародка ў гэты час. Паколькі Новагародская зямля была ядром, а гэта значыць і дамінуючай часткай дзяржавы, то натуральна, што і знешняя палітыка мела перш за ўсё на мэце абарону тэрытарыяльных інтарэсаў Новагародка. Гэта тым больш зразумела, што як і пры ўтварэнні BKЛ, так і цяпер галоўнымі праціўнікамі яго засталіся галіцка-валынскія князі. Таму і барацьба з імі складала галоўны змест вайсковай дзейнасці Трайдзеня.

Паколькі першае паведамленне аб пачатку яго княжання ў Галіцка-Валынскім летапісе з’явілася пад 1270 г. і тут жа дадзена вядомая ўжо нам зласлівая характарыстыка Трайдзеня, то можна думаць, што ўжо раней, не будучы вялікім князем, ён вёў барацьбу з галіцка-валынскімі князямі. I сапраўды, з паведамлення гэтай самай крыніцы пад 1274 г. мы даведваемся, што ў войнах з валынскім князем Васількам (ён памёр у 1271 г.) загінулі тры браты Трайдзеня. Менавіта гэтым летапісец і тлумачыў, чаму Трайдзень не хацеў мірыцца з валынскім князем Уладзімірам, бацька якога забіў яго трох братоў. Зразумела, што ўказаная летапісцам прычына гэтай барацьбы не галоўная. Большае значэнне мела тое, што Валынская зямля знаходзілася бліжэй да Новагародскай, і таму аслабленне яе шляхам частых нападаў на яе невялікімі атрадамі было найбольш важным для Трайдзеня. А каб вынікі гэтай барацьбы былі больш паспяховымі, ён жыў у вялікай згодзе з галіцкім князем Львом, перасылаючыся з ім дарамі і гэтым самым раз’ядноўваючы адзінства Валынска-Галіцкай зямлі. Аднак гэта цягнулася нядоўга. Трайдзень, «забыўшы любоў Львову», парушыў мір з апошнім, напаўшы ў 1274 г. на Вялікдзень сіламі гараднянаў на Драгічын, знішчыўшы шмат яго жыхароў «от велика до мала». Летапісец тут упамінае нейкага Трада, які добра ведаў Драгічын і як лепш яго захапіць. Магчыма, што гэта быў галіцкі перабежчык, пакрыўджаны на радзіме, за што і адпомсціў ёй. Вядома, тут ідзе гаворка пра Драгічын на Падлессі. Вось з-за гэтай вобласці і разгарэлася цяпер барацьба паміж Трайдзенем і Львом Галіцкім. Відаць, апошні і ператварыў Драгічын у апорны пункт для ўмацавання ў Падлессі. Становіцца зразумелым, чаму Трайдзень менавіта гараднянаў паслаў на Драгічын. Бо гэта было найперш у інтарэсах Горадзенскага (Гродзенскага) княства, якое непасрэдна межавалася з Падлессем і ў валоданні якім яно было найперш зацікаўлена. I вось тут напрошваецца адно меркаванне: а ці не быў Трайдзень да таго, як стаць вялікім князем, князем у Горадне. На гэтую думку наводзіць тое, што, як адзначалася вышэй, у беларускіх летапісах XVI ст. ён паказваўся яцвяжскім князем. А ім лягчэй за ўсё было стаць з Горадна. Таму не выключана, што, калі Трайдзень стаў вялікім князем, яго месца ў Горадне заняў брат Сірпуцый. Што Горадзен быў прадметам асаблівых клопатаў Трайдзеня, гаворыць і тое, што ён сяліў у гэтым горадзе беглых прусаў. I ўсё гэта невыпадкова. Велікакняскае становішча не здымала з Трайдзеня клопатаў аб сваёй вотчыне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: