Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Пра паход Віценя супроць Польшчы гаворыцца і пад 1293 г., калі ён стаў вялікім князем. Уварваўшыся з вялікім войскам у Сандамірскую зямлю, ён спачатку меў вялікі поспех, захапіўшы багатую здабычу і тысяч шэсць палону, але пасля адыходу пацярпеў паражэнне.

Ужо адзначалася, што ў ВКЛ беглі, ратуючыся ад крыжакоў, прусы, дзе іх прымалі і сялілі найперш у раёне Горадна. Так, напрыклад, адзін з апошніх прускіх старэйшын Скурда з усімі сваімі людзьмі пакінуў радзіму. Для рассялення іх каля Ліды была адведзена зямля (в. Кержышкі). Вось гэтым і тлумачылася, чаму Прускі ордэн і пачаў свае набегі на Гарадзенскую зямлю. У 1284 г. рыцары і напалі на яе. Яны аблажылі Горадзен, пасля жорсткага бою авалодалі яго акольным горадам (самога цэнтра не змаглі ўзяць), пабілі безліч людзей і пасля са здабычай, якую нарабавалі па навакольных вёсках, вярнуліся назад. Гэта быў толькі пачатак. Шматпакутная Горадзеншчына цярпела ад нападаў рыцараў у 1295,1296,1305,1306 (двойчы), 1311 (тройчы), 1314, 1324 і 1328 гг.

Аднак не ўсе гэтыя паходы прыносілі ўдачу агрэсару. У 1314 г. крыжакі нечакана рушылі на Новагародак, узялі яго і спалілі, а пасля сталі штурмаваць замак. I вось тут упершыню вызначыўся выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч і палкаводзец Давыд Гарадзенскі. Гэта быў чалавек, надзелены незвычайнай энергіяй, прадпрымальнасцю і вайсковымі ведамі, таму карыстаўся высокай пашанай і займаў пасля вялікага князя першае месца ў дзяржаве. Нездарма ж пасля Гедзімін аддаў за яго замуж адну са сваіх дачок. Будучы гарадзенскім старастам, ён займаў адно з ключавых месц у абароне дзяржавы з боку Мазовіі і Тэўтонскага ордэна.

Палкаводчы талент Давыда Гарадзенскага ўпершыню яскрава выявіўся пры абароне Новагародка ў 1314 г., калі ён са сваім войскам з’явіўся на выручку крэпасці, якую аблажылі крыжакі. Ён авалодаў іх лагерам, перабіў у ім варту, захапіў коней і харчовыя прыпасы. Крыжакі вымушаны былі адступіць, але на зваротным шляху яны не знайшлі ў пэўных месцах сваіх складоў з правіянтам, бо яны былі загадзя разбураны Давыдам. Крыжацкае войска, церпячы голад, рассыпалася і амаль загінула ў непраходных лясах.

Цяжка сказаць, ці быў яшчэ ў гэты час Новагародак сталіцай дзяржавы. Пісьмовыя крыніцы пра гэта маўчаць. Праўда, у летапісах XVI ст. гаворыцца, што Гедзімін стаў княжыць «на прастоле бацькі свайго Віценя ў Кернаве». Аднак гэтаму цяжка паверыць, бо пасля мы даведваемся, што Гедзімін княжыў у Вільні, і таму значэнне Кернава як сталіцы дзяржавы пасля Новагародка не мае пад сабой падставы. Але незалежна ад таго, ці знаходзіўся Віцень у Новагародку, дамінуючая роля яго і яго зямлі ў дзяржаве стала відавочна падаць. Найперш прычынай гэтага былі вельмі неспрыяльныя знешнія ўмовы. Калі ў 50–70-х гг. XIII ст. Новагародскай зямлі прыносілі разбурэнні і спусташэнні галіцка-валынскія войскі, то пачынаючы з 80-х гг. яна становіцца аб’ектам узмоцненых нападаў прускіх крыжакоў, што не магло не падарваць эканоміку, а разам з тым і палітычнае значэнне зямлі. Трохразовы захоп, абрабаванне і разбурэнне Новагародка ў 1274, 1277 і 1314 гг. таксама не маглі не падзейнічаць адмоўна на лёс яго як сталіцы дзяржавы.

У той час як роля Новагародскай зямлі ў дзяржаве паніжалася, усё больш узрастала зноў значэнне Полацкай зямлі. На жаль, інфармацыя аб ёй пасля яе аб’яднання з Новагародкам таксама вельмі бедная. 3 гэтага часу да пачатку XIV ст. захаваліся толькі лічаныя і разрозненыя звесткі аб полацкай гісторыі.

Адным з такіх сведчанняў з’яўляецца невялікі літаратурны твор пад назвай: «Семена епископа тферского наказание». Змест яго вельмі важны і выразны, і мы таму яго прывядзём поўнасцю і ў арыгінале: «Константин князь Полоцкий, нарицаемы Безрукий у собе в пиру, хотя укорите тивуне своего о чем, рече попу пред всеми: владыко, где быти тивуну на оном свете? Семен поп отвечае: где и князю. Князь же не улюбив того, молвит попу: тиун неправду судит, мзду емлет, люди продает, мучит, лихое все деет, а аз что даю? И рече поп: аще будет князь добр, Богобоин, жалует людей, правду любит, избирает тиуна или коего волостеля мужи добре и богобойне, страха божия помне, разумна, праведна, по закону божию всё творяша и суд ведуша — и князь в рай и тиун в рай. Будет ли князь без Божия страха христиан не жалует, сирот не милует и вдовицам не печалуется, поставляет тивуна или коего волостеля — человека зла, бога не бояшася и закона Божия не ведуще, и суда не разумеюще, только того деля, абы князю товара добывал, а людие не шадил, аки бешена человека пустил на люди, дав ему меч, тако и князь, дав волость лиху человеку избити люди, — князь во ад и тиун с ним во ад».

Гэты твор з’яўляецца адзіным сведчаннем пра полацкага князя Канстанціна. Паколькі тут выведзены Сімяон, які з’яўляўся цвярскім епіскапам з 1271 па 1289 г., то гэта можа арыенціровачна ўказваць на час, калі княжыў Канстанцін. Відаць, Бязрукім яго празвалі таму, што ён быў у сапраўднасці такім, хутчэй за ўсё ў выніку ўдзелу ў вайне. Не выключана, што ў яго асобе мы маем таго ж самага Канстанціна, які княжыў у Полацку ўжо раней, перад Гердзенем як стаўленік Траняты і прыйшоў зноў да ўлады пасля Ізяслава.

Хоць твор напісаны ў форме размовы князя з епіскапам, мае багаслоўскі характар, тым не менш ён — адзін з вельмі рэдкіх дакументаў, у якіх знайшлі сваё адбіццё сацыяльныя парадкі таго часу, у прыватнасці сваволле цівуноў, якія, атрымаўшы ўладу ў воласці, «не па праўдзе судзяць, бяруць хабары, людзей прадаюць, мучаць, ліхое ўсё дзеюць», і ўсё гэта толькі дзеля таго, каб «князю прыбытак здабыць, а людзей не літаваць». Што ж, даволі дакладная замалёўка грамадскага зла, тыповага не толькі для Полацкай зямлі, як лічыў В. Данілевіч, але і для ўсіх земляў, дзе панавалі феадальныя парадкі. I ўжо калі тыя цівуны-ліхадзеі былі ў такога унікальнага на той час князя, якім з’яўляўся Канстанцін Бязрукі, то можна ўявіць, якімі былі яны ў іншых князёў, дзеля карысці якіх найперш і тварыліся бясчынствы. Можна думаць, што калі Канстанцін не абмяжоўваўся толькі нараканнем на несправядлівасць такіх парадкаў, а імкнуўся іх выкараніць, то наўрад ці мог ён доўга сядзець на княскім пасадзе. Роля белай вароны яўна не пасавала князю, і ўсе тыя цівуны-валадары, якіх ён так асуджаў, не маглі не паставіць яго перад выбарам: або змірыцца з тым, што яны тварылі, або развітацца з княскім пасадам. Магчыма, што апошняе і адбылося з Канстанцінам, і ён апынуўся ў Віцебску, дзе пазней быў князем, як можна меркаваць, яго сын Міхаіл Канстанцінавіч.

Была выказана думка, што дзесьці ў другой палове XIII ст. полацкім князем мог быць Яраслаў Ізяславіч, грамата якога Барысаглебскаму манастыру захавалася. Сапраўды, такі князь мог быць, даводзячыся сынам Ізяславу, які княжыў у Полацку пасля Гердзеня. I ўсё ж гэтае меркаванне адпадае, бо ў грамаце ясна сказана, што яна дадзена ў 1396 г.

Але самай цёмнай і заблытанай з’яўляецца гісторыя, што захавалася ў нямецка-лацінскіх крыніцах і ў М. Стрыйкоўскага аб князю, імя якога засталося невядомым і які нібыта быў у Полацку недзе ў канцы XIII ст., і аб падзеях, што адбыліся пасля яго смерці. Тут паведамляецца, што гэты князь з'яўляўся язычнікам, г. зн. літоўцам, але, захапіўшы Полацк, прыняў каталіцтва і паколькі быў бяздзетным, то завяшчаў Полацкую воласць крыжакам, і яны пасля смерці яго ў хуткім часе нібыта захапілі Полацк, наваднілі яго рознымі каталіцкімі служкамі, якія прымушалі пераходзіць у іх веру праваслаўных палачанаў, што ў дадатак да гэтага цярпелі ўціск і ад лівонскіх рыцараў. Усё гэта вывела палачанаў з цярпення, і яны нібыта звярнуліся каля 1307 г. да літоўскага князя (імя яго не называецца) з просьбай дапамагчы ім вызваліцца ад улады немцаў, на што ён ахвотна згадзіўся і лёгка расправіўся з крыжакамі, карыстаючыся тым, што яны былі ўцягнуты ва ўзаемную барацьбу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: