Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Пасля смерці Грыгорыя ў 1472 г. у Новагародку (такім чынам ён быў, па сутнасці, цэнтрам беларускага уніяцтва) кіеўскім мітрапалітам быў выбраны смаленскі епіскап Міхаіл, з якога і пачынаецца шэраг самастойных праваслаўных мітрапалітаў у BKЛ, якія менш залежалі ад велікакняжацкай улады, паколькі яна не была праваслаўнай.

Трэба зазначыць, што ідэя царкоўнай уніі аказалася непрымальнай не толькі для Масквы, але і для Польшчы. Менавіта пад напорам польска-каталіцкіх колаў Казімір, узмацняючы націск на праваслаўнае насельніцтва, зноў узнавіў забарону будаваць новыя і паднаўляць старыя праваслаўныя храмы і бярэ напрамак на непасрэднае акаталічванне праваслаўнага насельніцтва. I гэта зразумела, бо унія фактычна была і сродкам абароны ад акаталічвання, якое з’яўлялася галоўным кірункам польскай экспансіі на Беларусь. Вось чаму нельга паказваць царкоўную унію як толькі хітрую польска-каталіцкую задуму з мэтай больш паспяховага акаталічвання і апалячвання праваслаўных. Не, царкоўная унія была адначасова небяспечнай як Маскве, так і Польшчы, кожная з якіх па-свойму супраціўлялася яе ажыццяўленню. Гэтым і тлумачыцца, чаму працэс заключэння царкоўнай уніі зацягнуўся аж на два стагоддзі.

Гэтак жа як Гедзімін, Альгерд і Вітаўт, Казімір працягваў спрадвечную полацкую палітыку ў адносінах Ноўгарада, што ўжо выявілася ў 1444 г., калі быў зроблены паход на гэты горад, які ўжо ў значнай ступені залежаў ад Масквы, і таму паход не ўдаўся, паколькі ў адказ на гэта маскоўскі князь Васілій Цёмны накіраваў татараў на Смаленскую зямлю, што і прымусіла Казіміра адступіць з Наўгародскай зямлі. У наступным 1445 г. Казімір, помсцячы за гэту сваю няўдачу, уступіўу межы Маскоўскага княства, але таксама на р. Сухадрэве пацярпеў паражэнне.

Гэтыя, хоць і няўдалыя, але рашучыя дзеянні супроць Масквы Казімір прадпрымаў будучы толькі вялікім князем, але справа зусім змянілася, калі ён адначасова стаў і польскім каралём і для яго інтарэсы BKЛ адышлі на другое месца. У выніку гэтага ён упусціў вельмі спрыяльныя моманты, калі б Ноўгарад мог далучыцца да яго дзяржавы. Рэч у тым, што наўгародцы, напалоханыя небяспекай поўнасцю падпасці пад уладу Масквы ў 1457 г. паслалі да Казіміра пасольства з мэтай шукаць у яго абарону. Але Казімір вельмі неахвотна вёў перамовы, і яны зацягнуліся аж на дзесяць гадоў. У 1469 г. быў падпісаны дагавор, паводле якога Казімір абяцаў наўгародцам абараняць іх, а яны абавязваліся быць яго падуладнымі. У Ноўгарад нават быў пасланы намеснікам Міхаіл Алелькавіч (праўнук Альгерда). Аднак у Маскве вялікім князем у 1462 г. стаў Іван ІІІ, чалавек абачлівы, але рашучых дзеянняў. У 1471 г. ён нападае на Ноўгарад і поўнасцю яго сабе падпарадкоўвае. На просьбу наўгародцаў дапамагчы ім Казімір не адгукнуўся і нават парваў падпісаны ім дагавор. Гэтак жа сама не пайшоў Казімір ў 1480 г. на дапамогу татарскаму хану Ахмету ў яго паходзе на Маскву, якая ў той час падбіла свайго саюзніка — крымскага хана Гірэя — ісці на паўднёвыя ўладанні BKЛ. Варожасць паміж BKЛ і Масквой і далей працягвалася, хоць яна і не перарастала ў адкрытыя вайсковыя дзеянні, а больш насіла характар дыпламатычнай перапіскі. Аднак на ўсе пратэсты Казіміра Іван III рашуча адказваў адмовай іх. Праз усе яго адказы чырвонай ніццю праходзіла адна думка: Масква з’яўляецца законным гаспадаром земляў BKЛ. Менавіта ў гэты час і пачаў фарміраванне міф аб літоўскім заваяванні беларускіх земляў, які павінен быў служыць інтарэсам Масквы. Усё гэта падрыхтоўвала апраўданне заваявання беларускіх земляў Масквой, якое і пачалося пасля смерці Казіміра ў 1492 г.

Час Казіміра, як і ўсё XV ст., быў часам далейшага развіцця беларускай народнасці, яе культуры і мовы. Усяму гэтаму садзейнічала дамінуючае значэнне беларускіх земляў у BKЛ, што і вызначала гэту дзяржаву найперш як беларускую. Ажыўленая палітычная і звязаная з ёй рэлігійная барацьба таксама спрыяла больш інтэнсіўнаму развіццю беларускага грамадства, пра што добра сведчаць шматлікія помнікі беларускага пісьменства гэтага часу. Яны паказваюць, што беларуская мова абслугоўвала ўсе сферы дзяржаўнага і грамадскага жыцця, на ёй пісаліся велікакняжацкія граматы, прывілеі, летапісы, рознага роду лісты, царкоўная літаратура, у тым ліку магаметанская і іўдзейская. Вось, напрыклад, ліст аднаго палачаніна рыжскаму магістрату. Ужо яго пачатковыя словы «пачэсным мужам-прыяцелям» добра сведчаць аб яго беларускасці. Мастацкімі якасцямі вызначаецца і «Трыёдзь», спісаная ў 1466 г. Звяртаюць на сябе ўвагу «Чэцця Мінея» 1489 г., якую пісаў пінскі паповіч Бярозка з Новагародка, «Псалтыр», спісаны дзякам Арцёмам у Віцебску ў 1492 г., «Летапіс Аўраамкі», напісаны ў Смаленску, і многія-многія іншыя. Пры такім інтэнсіўным развіцці беларускага пісьменства становіцца зразумелай заканамернасць ўзнікнення беларускага друку, што прыпадае на пачатак XVI ст.

НЕШЧАСЛІВЫ ЧАС АЛЯКСАНДРА

Ужо адзначалася, што Масква ў параўнанні з ВКЛ запазнілася ў справе аб’яднання вакол сябе ўсходнеславянскіх земляў. Калі ў час княжання Івана Каліты (1325–1340) яна толькі пачала ўзвышацца і праяўляць сябе як аб’яднаўчы цэнтр велікарускіх земляў, то беларускія землі к гэтаму часу, прынамсі ад Буга да Дняпра, былі ўжо аб’яднаныя, што стала грунтам для далейшага пашырэння ВКЛ на ўсход. А гэта прывяло да зусім блізкай адлегласці ад Маскоўскага княства, што не магло не трывожыць яго. Выношваліся планы захопу ўсходніх земляў ВКЛ і чакаўся зручны момант для ажыццяўлення іх. I ён наступіў у сувязі са смерцю Казіміра.

Казімір Ягайлавіч памёр у маі 1492 г. у Гародні, якую ён вельмі любіў і куды загадаў прывезці яго незадоўга да смерці. Тут ён завяшчаў панам рады ВКЛ выбраць сваім вялікім князем яго сярэдняга сына Аляксандра, а польскім каралём яго старэйшага сына Яна-Альбрэхта, што і было выканана. I вось зімою таго ж года маскоўскі князь, парушыўшы дагавор, заключаны з Казімірам, сваім войскам захапіў гарады Хлепень, Мяшчэрск, Любуцк, Мцэнск, Сярпейск. Рашучыя дзеянні з боку Масквы не маглі не прывесці ў замяшанне Аляксандра і яго акружэнне. Паколькі BKЛ не гатова было распачаць вайсковыя дзеянні, то вырашана было пайсці на прымірэнне з Масквой шляхам жаніцьбы Аляксандра з дачкой Івана III Аленай. I вось 17 студзеня 1494 г. у Маскву прыбыло пасольства з Вільні «аб міры і аб любві».

Аднак Іван III адмовіўся заключаць мір і выдаць дачку за Аляксандра, пакуль паслы BKЛ не прызнаюць адыходу да Масквы захопленых гарадоў і валасцей. На гэта не згаджалася пасольства, і перамовы зацягнуліся, што зноў такі выкарыстаў Іван III і заваяваў яшчэ некалькі гарадоў, у тым ліку Вязьму і Дарагабуж. Гэта прымусіла Аляксандра паскорыць перамовы і пайсці на ўступкі Маскве, уступіўшы шэраг захопленых ёю гарадоў. I вось Іван III, паслаўшы ў Вільню дагаворную грамату, да свайго ранейшага тытула «вялікі князь маскоўскі» дадаў «і ўсёй Русі», а ў тытуле Аляксандра пакінуў толькі тытул вялікага князя літоўскага. I гэта насцярожыла Аляксандра, бо ён зразумеў, што новы тытул Івана III дае яму падставу прэтэндаваць і на рускія землі ў складзе BKЛ.

Вось з гэтага часу і пачало складвацца ўяўленне аб характары BKЛ, як дзяржаве, у якой так званыя рускія землі былі пад уладай Літвы, што іх яна, маўляў, заваявала і таму на іх валоданне мае права толькі Масква, як адзіная законная ўладарка «всея Руси». Некалькі пазней у «Сказании о князьях Владимирских» была прыдумана гісторыя аб тым, што да татарскага нашэсця беларускія і ўкраінскія землі належалі маскоўскаму князю Юрыю Данілавічу (такой прыналежнасці не было і, вядома, не магло быць) і іх прысвоіў літоўскі князь Гегімінік, пад якім разумеўся Гедзімін. Вось так пачаў складвацца ў Маскве і ў яе карысць міф аб літоўскім заваяванні заходнерускіх (г. зн. беларускіх) земляў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: