Ермаловіч Мікола
Шрифт:
Але як у тытуле «вялікі князь маскоўскі і ўсёй Русі» паняцце «маскоўскі» не азначае, што ён не рускі, гэтак жа сама і ў тытуле «вялікі князь літоўскі, рускі (а пазней і жамойцкі)» паняцце «літоўскі» таксама не азначае, што ён быў не рускім. У сувязі з гэтым трэба адзначыць аднатыпнасць назваў «Літва» і «Масква». Як адна, так і другая — балцкага паходжання. Калі першая азначае «дажджлівае месца», то другая — «топкае месца». Гэтак жа як ядром BKЛ была летапісная Літва, размешчаная ў беларускім Панямонні, так і Масква стала ядром утварэння рускай дзяржавы. Як беларуская дзяржава ў пачатку сваёй гісторыі называлася па ядры свайго ўтварэння Вялікім княствам Літоўскім, так і руская дзяржава ў пачатку сваёй гісторыі таксама па ядры свайго ўтварэння называлася Вялікім княствам Маскоўскім. Як першае, так і другое былі ўсходнеславянскімі дзяржавамі, хоць назвы іх не былі славянскага, а балцкага паходжання. Аднак калі другая з іх прызнаецца такой, то першая прызнаецца літоўскай у сучасным значэнні гэтага слова, г. зн. балцкай, што абсалютна не адпавядае сапраўднасці, паколькі яе тэрыторыя і насельніцтва былі пераважна славянскімі, што садзейнічала ўсё большай асіміляцыі балцкага насельніцтва. На жаль, у гістарычнай навуцы не ўлічваліся ўказаныя акалічнасці, што і прывяло да выключна неаб’ектыўнага ўяўлення аб ВКЛ. У апошні час выказана думка, што ВКЛ трэба лічыць беларуска-літоўскай ці літоўска-беларускай дзяржавай. Аднак і гэта таксама бессэнсоўна, бо было б раўназначна таму, калі б мы Вялікае княства Маскоўскае называлі маскоўска-рускай дзяржавай ці наадварот, бо ў той час, як Вялікае княства Маскоўскае азначала рускую дзяржаву, так і Вялікае княства Літоўскае азначала беларускую дзяржаву. Аднак вернемся да разгляду далейшых падзей, якія паследавалі за граматай Івана III у Вільню.
Нягледзячы на пярэчанні ў BKЛ супроць прапановы Івана III, апошні катэгарычна заявіў, што непрыняцце яго новага тытула пацягне за сабою новыя вайсковыя дзеянні супроць BKЛ. I гэта прымусіла Аляксандра адправіць у канцы 1494 г. новае пасольства, якое і падпісала мір на ўмовах Івана III, які атрымаў усе заваяваныя ім гарады і воласці і пасведчанне яго новага тытула. I толькі пасля гэтага Іван III згадзіўся аддаць сваю дачку за Аляксандра.
Мы ўжо ведаем нямала выпадкаў у гісторыі, калі заключэнне міру падмацоўвалася шлюбнымі адносінамі, што, аднак, не мела істотнага значэння для развіцця далейшых міждзяржаўных адносін. Аднак у самым горшым варыянце падзейнічаў на адносіны BKЛ і Масквы шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, што ўжо адразу выявілася пасля прыезду апошняй у Вільню. Вядома ж, Іван III, аддаючы дачку за Аляксандра, меў на мэце перш за ўсё палітычныя выгады для сваёй дзяржавы. Фактычна Алена стала адным з інструментаў правядзення яго палітыкі ў адносінах BKЛ. Гэтак жа і Аляксандр, беручы за жонку Алену Іванаўну, найперш спадзяваўся на паляпшэнне адносін з Масквой, што яна спыніць свой наступ на дзяржаву. Аднак усё атрымалася наадварот.
Перад тым, як адправіць дачку ў Вільню, Іван III паставіў перад Аляксандрам шэраг умоў. Гэта: і не прымушаць Алену да прыняцця каталіцтва, і пабудаваць для яе на тэрыторыі свайго замка праваслаўную царкву, і пакінуць разам з ёй прысланую з Масквы яе праваслаўную світу. Аднак усё гэта не было выканана Аляксандрам, які знаходзіўся пад моцным ціскам каталіцкай царквы, якая не магла змірыцца з тым, што ён ажаніўся з праваслаўнай. Нездарма ж царкоўныя саноўнікі зачасцілі да Алены Іванаўны з мэтай пераканаць яе прыняць каталіцтва. Не была пабудавана для яе і царква, паколькі, маўляў, была такая зусім недалёка, у якую Алена магла хадзіць маліцца. Была адаслана з Вільні ў Маскву і значная частка світы Алены Іванаўны. Да таго ж у гэгы час узмацняецца у BKЛ ганенне на праваслаўе, у выніку чаго з’явіліся ўцёкі людзей гэтай веры ў Маскоўскую дзяржаву, асабліва мясцовых князёў, такіх, як Сямён Бельскі, Сямён Мажайскі і інш., якія, перайшоўшы са сваімі землямі пад уладу Івана III, прасілі яго заступніцтва за праваслаўных у ВКЛ, што толькі яму і патрэбна было. Усё гэта яшчэ раз паказвае, што Крэўская унія і асабліва прыняцце ў выніку яе каталіцтва як дзяржаўнай веры BKЛ, было найперш на карысць Маскве, паколькі гэта давала ёй магчымасць умешвацца ў справы суседняй дзяржавы, як заступніцы адзінавернага ёй насельніцтва, чаго і на гэты раз чакаць доўга не прыйшлося.
Пачатак новага XVI ст. быў азмрочаны нападам маскоўскіх войскаў на BKЛ, у выніку чаго быў захоплены зноў шэраг гарадоў, у тым ліку Бранск і Пуціўль. Абвяшчэнне ўслед за гэтым Іванам III вайны Аляксандру таксама выклікала ў BKЛ замяшанне і трывогу. Сабранае войска, якое ўзначаліў князь Канстанцін Астрожскі, накіравалася пад Дарагабуж, дзе ў гэты час знаходзілася маскоўскае войска і дзе 14 ліпеня 1500 г. на беразе ракі Ведраш адбылася паміж імі жорсткая крывавая бітва. I хоць войска К. Астрожскага змагалася гераічна і самаахвярна, аднак яно пацярпела паражэнне, страціўшы каля 8 тысяч забітых, а таксама увесь абоз і зброю. У ліку палонных аказаўся і сам К. Астрожскі. Ён нават па просьбе Івана III згадзіўся служыць у маскоўскім войску. Аднак гэта не было здрадай радзіме, а спосабам вяртання на яе, што і здзейснілася, калі ён, пасланы ў Волагду, уцёк адтуль.
Праз некалькі месяцаў пасля паражэння на Ведрашы, войска BKЛ церпіць такую ж няўдачу і каля Мсціслаўля. Апроч таго, па нагаворы Івана III на BKЛ нападаюць татарскі хан Менглі-Гірэй і малдаўскі гаспадар Стэфан. Усё адзначанае ставіла BKЛ на мяжу дзяржаўнай катастрофы. У гэты крытычны момант Аляксандр звярнуўся па дапамогу да сваіх братоў: польскага караля Яна-Альбрэхта і чэшска-венгерскага — Уладзіслава. I вось ліст Аляксандра, напісаны ім з гэтай нагоды братам, вельмі добра раскрывае палітычную падаплёку рэлігійнай барацьбы, якой прыкрываліся і Аляксандр, і Іван III. Так, Аляксандр просіць дапамагчы не столькі для выратавання дзяржавы, а больш для падтрымкі святой каталіцкай веры. Ён прызнаецца, што некаторых праваслаўных баяр і князёў прымусіў да прыняцця каталіцкай веры, а некаторых пакараў смерцю. I таму, адзначаў далей Аляксандр, маскоўскі князь, даведаўшыся пра гэта, пайшоў вайной на яго разам з тымі князямі, што збеглі ў Маскву. Гэта зноў такі яскравае сведчанне таго, як ўзмацненне каталіцкага ўціску ў ВКЛ было адначасова ў інтарэсах Польшчы і Масквы і толькі на шкоду ВКЛ.
Аднак браты Аляксандра нічым не маглі дапамагчы, і ён вымушаны адпраўляць у Маскву паслоў з мэтай заключэння міру, і Іван III паабяцаў гэта, але толькі па сваёй волі. Аднак заключэнне міру затрымалася ў сувязі з новай важнай падзеяй. 17 чэрвеня 1501 г. памёр польскі кароль Ян-Альбрэхт, і ў Петракове быў сабраны сойм для выбрання новага караля, паколькі памёршы быў бяздзетны. На польскі каралеўскі пасад рэкамендаваліся браты Яна-Альбрэхта — Уладзіслаў і Жыгімонт. Аднак перамагла кандыдатура Аляксандра. Ён спецыяльна прыслаў на сойм дэлегацыю, якая і выклала яго жаданне быць адначасова і вялікім князем і польскім каралём, што і вырашыла справу ў яго карысць. Зацікаўленасць Аляксандра ў атрыманні каралеўскай кароны была абумоўлена тым цяжкім становішчам, у якім апынулася BKЛ. Як у 1401 г. Вітаўт пасля паражэння на Ворскле павінен быў згадзіцца на ўмовы Віленскай уніі, каб атрымаць падтрымку Польшчы, так роўна праз 100 гадоў і Аляксандр павінен быў згадзіцца на ўмовы Петракоўскай уніі, каб з дапамогай Польшчы супрацьстаяць Маскве.
Умовы новага саюзу фактычна паўтаралі ўмовы ранейшых. Гэта: і аб’яднанне Польшчы з BKЛ на вечныя часы пад каронай аднаго караля, і абранне караля абедзвюма дзяржавамі на агульным сойме, і карыстанне аднолькавымі правамі і прывілеямі польскай шляхты і літоўскіх баяр каталіцкага веравызнання (зазначым, што праваслаўныя баяры, як і на ранейшыя аналагічныя соймы, запрошаны не былі), і агульнасць законаў (апроч судовых) для адной і другой дзяржаў. Усё гэта, як і раней, было найперш на карысць Польшчы, а для BKЛ істотнай дапамогі не прыносіла, асабліва ў адносінах з Масквой.
Аляксандр, стаўшы адначасова вялікім князем і польскім каралём і адчуўшы пры гэтым большую моц, рашыў працягваць барацьбу са сваім цесцем Іванам III. Ён нават дзеля гэтага знайшоў сабе двух саюзнікаў: хана Залатой Арды шаха Ахмата і лівонскага магістра Платэнберга. Аднак гэта не дало ніякіх станоўчых вынікаў. Праўда, апошні звярнуўся да рымскага папы Аляксандра VI, каб той прымірыў Аляксандра з Іванам III, зяця з цесцем. Цікава, што ў сваім лісце ён глядзеў на Польшчу як на аплот каталіцызму і таму прасіў дапамагчы яе каралю. Рымскі папа ў адказ на гэту просьбу ў сваю чаргу звярнуўся з лістом да Івана III з заклікам да прымірэння са сваім зяцем у імя адзінства хрысціянаў. Маскоўскі князь з гэтым пагадзіўся, але ўсю віну варожасці з зяцем усклаў на апошняга, паколькі ён, маўляў, валодае многімі рускімі землямі, якія павінны належаць яму, а Аляксандру толькі Літва. І ўсёж ён згадзіўся весці перамовы аб міры, і 15 сакавіка 1503 г. было заключана перамір’е толькі на шэсць гадоў, хоць паслы ВКЛ настойвалі на заключэнні вечнага міру, на што не пагадзіўся Іван III. Паводле гэтага перамір’я, Аляксандр абавязваўся не нападаць на Маскоўскую, Наўгародскую, Пскоўскую і Разанскую землі.