Вход/Регистрация
Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
вернуться

Ермаловіч Мікола

Шрифт:

Няўдача палітыкі Гедзіміна ў адносінах да Пскова, як бачна, была найперш вынікам шчыльнай сувязі апошняга з Ноўгарадам, якому таксама на працягу стагоддзяў супрацьстаяў Полацк. Таму зразумела, што ўзаемаадносіны з Псковам арганічна перарасталі ва ўзаемаадносіны з Ноўгарадам і вызначалі іх характар. Ноўгарад не выпускаў з-пад сваёй улады Пскоў, абапіраючыся на Маскву. I ў той жа час ён не хацеў апынуцца пад яе ўладаю сам, а таму ішоў на саюз з BKЛ.

Вось гэтую супярэчнасць становішча Ноўгарада і выкарыстоўваў у сваіх інтарэсах Гедзімін, асабліва калі абвастраліся наўгародска-маскоўскія адносіны.

У 1333 г. Іван Каліта на адмову Ноўгарада аддаць яму «закамскае срэбра», захапіў падуладныя наўгародцам Таржок і Бежацкі верх. I вось Ноўгарад, каб паказаць сваю моцную апору, бярэ да сябе Гедзімінавага сына Нарымонта-Глеба і аддае яму ў кармленне Ладагу, Арэхавец, Карэльскую зямлю і палову Капор'я. Гэта паказала Івану Каліце, хто з’яўляецца яго галоўным праціўнікам у справе збірання вакол Масквы рускіх земляў. У выніку адносіны паміж дзяржавамі абвастрыліся, і Іван Каліта сабраўся ісці супроць Гедзіміна вайною. Апошні не мог не разумець усёй небяспекі гэтага, ведаючы, што за спіной Масквы стаіць дапамога Арды, і таму пастараўся кончыць справу мірам, падмацаваўшы яго шлюбам сваёй дачкі Аўгусты з сынам Івана Каліты Сімяонам. 3 свайго боку, і Іван Каліта пайшоў Ноўгараду на ўступкі, адмовіўшыся ад ранейшых патрабаванняў. Трэба зазначыць, што прыняцце Нарымонта ў Ноўгарад таксама не дало патрэбных вынікаў для Гедзіміна. Баючыся Масквы, Ноўгарад не хацеў падпасці і пад уладу BKЛ і аддаць яму частку сваёй тэрыторыі. Таму ён дыпламатычна перадаў Нарымонту тыя землі, якія не межаваліся з Княствам. Зразумела, Нарымонт не мог быць вельмі зацікаўленым у гэтым, і большую частку жыцця праводзіў на радзіме, пакінуўшы на наўгародскіх землях сына Аляксандра. А калі ў 1337 г. на гэтыя землі напалі шведы, ён, не жадаючы ваяваць з імі, назаўсёды са сваім сынам вярнуўся на радзіму.

Аднак гэтымі няўдачамі не закончылася для BKЛ барацьба за Пскоў і Ноўгарад. Гэта быў толькі пачатак аднаўлення традыцыйнай полацкай палітыкі.

Узаемаадносіны з Рыгай i Ордэнам

Але не толькі пскоўска-наўгародскімі справамі Полацка павінен быў займацца Гедзімін. Адначасова не меншую ўвагу ён змушаны быў удзяляць і яшчэ больш важнаму клопату Полацка — яго барацьбе з крыжакамі. I гэта зразумела, бо калі ў першым выпадку Полацк наступаў, то ў другім — абараняўся ад свайго найбольш небяспечнага ворага. 3 пачатку XIII ст., захапіўшы ў Полацка Ніжняе Падзвінне, крыжакі не спынілі далейшага націску на крывіцкую зямлю, робячы на яе рабаўнічыя набегі і беручы ў палон яе людзей. Усё гэта знясільвала Полацкую зямлю. Абарона Полаччыны, якая з’яўлялася важнейшай складовай часткаю ВКЛ як у эканамічных, так і ў культурных адносінах, станавілася галоўнай задачай дзяржавы, што і знаходзіла выяўленне ў дзейнасці Гедзіміна.

Наколькі князя непакоілі беды, што прыносілі крыжакі Полацкай зямлі, сведчыць яго пасланне біскупам дэрпцкаму, эзэльскаму, дацкаму намесніку Рэвельскай зямлі і Радзе г. Рыгі ад 22 верасня 1324 г. Вось красамоўнае сведчанне таго, што тварылі крыжакі: уварваўшыся «ў зямлю полацкую, яны яе варожа разарылі, людзей і коней захапілі… таксама роўна 40 дзён пасля гэтага яны зноў, як драпежныя варвары, жорстка спустошылі тую зямлю, бязлітасна забілі 80 людзей, а некаторых павялі з сабою разам з 50 коньмі, адзеннем і іншым дабром». Трэба думаць, што пасланне Гедзіміна і прынятыя ім захады аб спыненні такіх дзеянняў з боку лівонцаў мелі вынікі.

Крыжацкая пагроза для Полацка ішла непасрэдна з боку Лівонскага ордэна, паміж якім, з аднаго боку, і з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі, з другога, ужо доўгі час існавала ўзаемная варожасць. Гэтую акалічнасць і выкарыстаў Гедзімін: ён стаў на бок Рыгі, што дыктавалася інтарэсамі Полацка, для якога выгадна было трымаць гандлёвыя сувязі з Рыгай. Немалаважным было і тое, што гэта намнога аслабляла пазіцыю Лівонскага ордэна і змушала яго на заключэнне міру, што найперш ішло на карысць таксама Полацка.

Апроч таго, Гедзімін імкнуўся выклікаць з еўрапейскіх краін у сваю дзяржаву каланістаў, найперш рознага роду рамеснікаў, якія б пашыралі сваё высокае майстэрства і культуру сярод насельніцтва ВКЛ. Трэба зазначыць, што тут Гедзімін браў прыклад з Полацка, які ўжо з даўніх часоў меў цесныя сувязі з Захадам, заключаў з Рыгаю гандлёвыя ўмовы. У выніку ў галоўным горадзе крывічоў і ў іншых цэнтрах яго зямлі жыло нямала выхадцаў з заходніх краін, што садзейнічала больш высокаму ўзроўню яго культуры ў параўнанні з іншымі землямі ВКЛ. Усё гэта не магло застацца па-за ўвагаю Гедзіміна. У 1323 г. ён накіраваў некалькі пасланняў да жыхароў заходніх гарадоў з запрашэннем пераязджаць у яго дзяржаву, дзе ім будуць забяспечаны выгадныя ўмовы. Рыжскі магістрат паспрыяў вялікаму князю, падрадзіўшыся рассылаць гэтыя пасланні па гарадах, куды яны былі адрасаваныя, і паручыўшыся за іх сапраўднасць. Як бачым, саюз з Рыгай даваў Вялікаму княству значныя выгоды.

Пра што пасведчыў летапіс пад 1326 г.

Палітыка Гедзіміна ў адносінах да Рыгі і Ордэна і прывяла да заключэння ў 1326 г. міру, адначасова і з немцамі, і з Ноўгарадам. Аб гэтым у летапісе зроблены такі запіс: «того же лета приехаша послы из Литвы брат Гедиминов князя литовского воин Полоцкий Василий Менский князь Федор Святославич и доконаша мир с Новгородци и с Немци». Хаця гэты запіс, як мы бачым, вельмі лаканічны і таму ў многім таямнічы, аднак ён захоўвае важную для нас інфармацыю. Мы ў свой час ужо разглядалі гэты запіс у сувязі з высвятленнем прыналежнасці названых тут гістарычных асобаў і прыйшлі да высновы, што гаворка ідзе тут не пра трох, як гэта сцвярджалася некаторымі даследчыкамі, а пра двух чалавек: пра полацкага валадара, княжацкае імя якога было Воін, а хрысціянскае — Васілій, і пра менскага князя Фёдара Святалавіча.

Што ж да таго, ці быў Воін-Васілій братам Гедзіміна, як аб гэтым сказана ў летапісе, то адзначым, што ў некаторых іншых крыніцах (летапіс Аўраамкі, Сафійскі I, Ніканаўскі, Васкрасенскі і інш.) аб гэтых асобах сказана не «брат», а «братня», гэта значыць, што не толькі Воін-Васілій, але і Фёдар Святаславіч быў братам Гедзіміна. Апошні факт прымушае сумнявацца, ці былі яны абодва братамі Гедзіміна. Як ужо намі адзначалася, у князёў быў звычай называць адзін аднаго братам нават пры адсутнасці сваяцтва. Усё гэта дае важкія падставы сумнявацца ў тым, што Воін-Васілій, а тым болей Фёдар Святаславіч, былі братамі Гедзіміна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: