Бутэвіч Анатоль
Шрифт:
Панядзелак 14 жніўня 1385 – напярэдадні Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Крэўскі замак да вялікага князя літоўскага Ягайлы прыбывае польскае і венгерскае пасольства ў вышэй названым складзе са згодай на шлюб з Ядвігай і запросінамі на караля польскага. Заключана дэкларацыя, якую назвалі персанальнай Крэўскай уніяй – дзяржаўны саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім. Акт падпісалі з літоўскага боку князі Скіргайла, Лінгвен, Карыбут, Вітаўт, з польскага – члены пасольства. У выніку аб’яднаныя гаспадарствы займалі каля 800 тысяч квадратных кіламетраў, распасціраліся ад Шлёнска да Акі, ад Балтыкі да чарнаморскіх стэпаў. Крыжакі, каб перашкодзіць Ягайлу, праз два дні пасля падпісання Крэўскай уніі распачалі вайну супраць Княства. Яны ж абвінавачвалі атачэнне Ядвігі ў тым, што змусілі яе да бігаміі (жыць з двума мужамі), а таму не прызнавалі шлюбу з Ягайлам. Іхнія намаганні прывялі да таго, што папа Урбан VІ нават не прыслаў свайго віншавання ні з аказіі хрышчэння, ні з нагоды каранацыі Ягайлы. Аднак пазней папа змяніў свой погляд і пасля хрышчэння Літвы 17 красавіка 1388 года накіраваў Ягайлу пахвальную булу, у якой назваў яго “найдарожшым у Хрысце сваім сынам”.
11 студзеня, нядзеля, 1386 – у Ваўкавыску адбылася сустрэча польскіх паслоў з Ягайлам, які з братамі і баярамі накіроўваўся ў Кракаў. Пасольства перадало яму дэкларацыю, падтрыманую ўсімі панамі польскімі і шляхтай, і ад імя ўсяго польскага грамадства аб выбранні Ягайлы каралём польскім, а таксама аб згодзе аддаць яму за жонку Ядвігу і з запросінамі на з’езд шляхты ў Люблін, які меў адбыцца 2 лютага. Тут жа абмяркоўваліся варункі Княства і Кароны ў будучым саюзе. Пасля гэтага абоз Ягайлы на чале з Вітаўтам вырушыў у Кракаў. Па дарозе Ягайла выслаў у Мальбарк Дымітра з Гарая да вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Конрада Цолнера, каб паведаміў пра намер Ягайлы змяніць веру і папрасіў магістра ад Ягайлавага імя быць хросным бацькам.
2 лютага 1386 – Ягайла прыбывае ў Люблін. Тут агульны элекцыйны з’езд польскай шляхты ўсімі галасамі прысутных выбірае Ягайлу каралём. Польска-літоўская унія стала фактам. Дарэчы, пазней каралеўская дарога з Ваўкавыска праз Бярэсце ў Люблін стала важным купецкім шляхам у гандлі палякаў з вялікалітоўскімі землямі.
3 лютага 1386 – Ягайла публічна прысягнуў на вернасць Крэўскаму акту.
12 лютага, панядзелак, 1386 – Ягайла з братамі і дружынай прыбыў у Кракаў.
15 лютага 1386 – адбылася ўрачыстая цырымонія хрышчэння Ягайлы з братамі ў каталіцкую веру. Ягайла атрымаў новае імя – Уладзіслаў, Вітаўт стаў Аляксандрам, гэтае імя ён атрымаў падчас другога хрышчэння ў праваслаўе пасля вяртання з Тэўтонскага ордэна. Карыгайла стаў Казімірам, Свідрыгайла – Баляславам. Вялікі магістр Ордэна Конрад Цолнер, запрошаны быць хросным бацькам Ягайлы, не з’явіўся. Гэта было палітычнае рашэнне. Бо акурат у той самы час, калі ішла каранцыя, крыжацкія войскі ўступілі на тэрыторыю Княства. Ордэн, падахвочаны Вільгельмам да супраціўлення, не мог адмовіцца ад намаганняў ахрысціць паганаў. Ролю хроснага ў Ягайлы выканаў Уладзіслаў Апольчык, у гонар якога, як сведчаць некаторыя гісторыкі, і было дадзена імя Ягайлу, адначасова яно злучала новаахрышчанага караля з пястаўскай традыцыяй, з Уладзіславам Лакеткам. Хроснай маці Ягайлы была Ядвіга з Пільчы – удава пасля ваяводы сандамірскага, маці будучай трэцяй Ягайлавай жонкі Эльжбеты з Пільчы, сястра Спытка з Мельштына. Некаторыя крэўныя Ягайлы не захацелі мяняць веру і засталіся праваслаўнымі.
20 лютага 1386 – вясельныя ўрачыстасці Ягайлы і Ядвігі ў Вавельскім замку.
14 сакавіка 1386 – урачыстая каранацыя Ягайлы. Ён стаў польскім каралём Уладзіславам ІІ. Карону, вырабленую кракаўскімі майстрамі спецыяльна да гэтага дня (традыцыйныя рэгаліі каралеўскай улады знаходзіліся ў Венгрыі, іх некалі вывез туды кароль венгерскі і польскі Людвік Анжуйскі), на галаву яму надзеў арцыбіскуп гнезненскі. Ядвіга таксама не пазбаўлялася сваёй кароны і заставалася каралём польскім, яна, як і Ягайла, мела свой ўласны двор і нават канцлера. Аднак карыстацца гэтым магла толькі пасля дасягнення фізічнай і псіхічнай сталасці, якая наступала праз пэўны час пасля шлюбу з Ягайлам.
Напачатку Ягайла паслугоўваўся сваёй вялікалітоўскай пячаткай з надпісам “Jagalo magnus dux Lithuanie”, што азначала Ягайла вялікі князь літоўскі, і толькі праз некалькі месяцаў яму вырабілі новую, якой ён мусіў пазначыць і ўсе раней падпісаныя дакументы. Поўная назва Ягайлавай пасады гучала наступным чынам: Уладзіслаў з Божае ласкі кароль польскі, а таксама гаспадар зямлі кракаўскай, сандамірскай, серадзкай, ленчыцкай, куяўскай, найвышэйшы князь Літвы, пан і дзедзіч Памор’я і Русі. Ягайла караляваў да 1434 года.
Люты 1386 – крыжакі напалі на Княства. Іх падтрымлівалі смаленскі князь Святаслаў, які стаў аблогай каля Мсціслаўля, і родны брат Ягайлы полацкі князь Андрэй, які выступіў супраць Крэўскай уніі. Аднак ён атрымаў паразу і ўцёк з Княства.
21 сакавіка 1387 – Ягайла сваім прывілеем надаў Вільні – першаму з гарадоў Вялікага княства, магдэбургскае права, што азначала прызнанне права на самакіраванне. Затым былі Бярэсце (1390, паўторна ў 1408, горад вядомы з 1017, 1019 гадоў, узнік на зямлі дрыгавічоў), Гародня (1391, горад вядомы з 1127 года, узнік на зямлі дрыгавічоў), Драгічын (1429, 1498), Слуцк (1441, горад вядомы з 1097 года, узнік на зямлі дрыгавічоў), Высокае (1494), Полацк (1498, горад вядомы з 862 года, узнік на зямлі крывічоў), Менск (1499, горад вядомы з 1067 года, узнік на зямлі дрыгавічоў), Браслаў (1500, горад вядомы з 1065 года), Ваўкавыск (1503, горад вядомы з 1252 года, узнік на зямлі дрыгавічоў), Новагародак (1511, горад згадваецца ў 1044, 1117, 1119,1228, 1235 гадах, узнік на зямлі дрыгавічоў) і інш.
1387 – кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ягайла выехаў у Літву “з апостальскай” місіяй, каб ахрысціць язычнікаў літоўцаў (аўкштайтаў), якія жылі на захад ад Жамойціі – вышэй па цячэнні Нёмана і былі балтамоўнымі. Некаторыя гісторыкі сведчаць, што хрышчэнне адбывалася на рацэ Віліі, сам Ягайла браў у гэтым непасрэдны ўдзел. Людзей дзялілі на групы – жанчын і мужчын асобна, акраплялі святой вадой і кожнай групе замест ранейшых язычніцкіх імёнаў давалі адно новае імя для ўсіх і кожнага з прысутных – напрыклад, Станіслаў, Павел, Пятро і г.д. Простых людзей заахвочвалі тым, што кожнаму ахрышчанаму выдавалі белую суконную світку. Ягайла выступаў і перакладчыкам польскіх святароў, сведчаць, што ён сам пераклаў для літоўцаў малітву “Ойча наш”. Аднак гэткая паспешнасць не давала якасці. Таму язычніцтва на вялікалітоўскіх землях, і асабліва ў Жамойціі, існавала яшчэ шмат стагоддзяў. У 1388 годзе за паспяховую хрысціянізацыю Літвы папа Урбан VІ выказаў Ягайлу словы найвышэйшага прызнання і згадзіўся на стварэнне Віленскага біскупства. “Сярод усіх каралёў зямлі, – пісаў папа, – табе належыць першае месца ў пачуццях удзячнасці святой Рымскай царквы, нашай маці! Вітаем цябе, узлюблены сын, верны слуга, які за справы свае атрымаў вартую ўзнагароду, вянец зямной велічы і, вядома, з часам атрымае “вянец нябесны”. Суцяшай сябе, сыне, што, маючы загінуць з цэлым народам, як таемны скарб ты знойдзеш! Суцяшай сябе ў глыбіні твае душы, што гэткая вялікая слава ходзіць па ўсім свеце пра дзеі твае, і што ты, такі прыязны і мілы, знаходзішся ў бляску славы ў лоне маці-царквы!” Канчаткова папа Урбан VІ прызнаў Літву каталіцкай у буле ад 19 красавіка 1389 года. Крыжаносцы ж не прызнавалі хрышчэння.
17 лютага 1387 – на самым пачатку хрышчэння Літвы Ягайла выдаў прывілей аб заснаванні ў Вільні лацінскага біскупства (адміністрацыйная адзінка рымска-каталіцкай царквы) і 7 парафій. Папа рымскі зацвердзіў яго ў 1388 годзе. Першым біскупам у 1388 – 1398 гадах быў фрацішканін Андрэй Ястшэнбец (Анджэй Васіла герба Ястраб). Будаваліся касцёлы ў Медніках, Мейшаголе, Вількаміры, Неменчыне, Крэве, Гайнаве, Обальчы. Усё гэта паблізу і на саміх беларускіх землях.
Сярэдзіна мая 1389 – спроба Вітаўта захапіць Вільню. Ён быў незадаволены сваім надзелам – берасцейска-гарадзенскімі землямі, бо не атрымаў бацькоўскіх Трокаў, якія аддалі Скіргайлу. Але задуму выкрылі, Вітаўт пачаў рыхтаваць пераход да крыжакоў і паслаў закладнікаў, сярод якіх быў князь Іван Альгімонтавіч Гальшанскі з жонкай. Імі сталі таксама брат Жыгімонт з сынам Міхаілам, сястра Рымгайла і больш за сто баяраў, якіх утрымлівалі пад аховай у розных замках. Вялікі магістр прыслаў у Гародню сваіх прадстаўнікоў. На пачатку 1390 года Вітаўт перайшоў да крыжакоў, 19 студзеня падпісаў дамову, дзе прызнаў верхавенства Ордэна. Свой подпіс паставіў і Іван Гальшанскі. У Гародні застаўся крыжацкі гарнізон на чале з Марквардам Зальцбахам, які да гэтага ў якасці ганаровага госця жыў пры двары Вітаўта (хоць на самай справе комтур Зальцбах быў палонным).