Бурлак Вера
Шрифт:
Заслона.
СВАБОДУ ГРАФАМАНАМ! Далоў эстэтыкаў! Свабоду графаманам! Яны адзіныя, хто духам шчэ ня сьпіць. Яны адзіныя, хто верыць у падманы Тупога пёрка, што па аркушы рыпіць. Яны адзіныя з Эўтэрпай круглы год Вадзіць гатовыя сьвяточны карагод. Яны адзіныя, хто захаваў імпэт. Яны ня грэбуюць ні вершам, ні раманам. Далоў эстэтыкаў! Свабоду графаманам!— І вы пабачыце: яны ўратуюць сьвет! ТРУСІКІ Ай вы трусікі-трусёнкі, Ай вы новыя мае, Ай ядвабны выраб тонкі Ай найлепшых куцюр’е! Не з чырвонымі вачыма, З вушкамі, як ветракі, — Вы дзівоснае начыньне Пад маднюшчанскі прыкід. Танчу з вамі па пакоі, Шчасьце зорамі іскрыць. Што б мне вырабіць такое Ад няма чаго рабіць? Вось на злосьць ільду і сьнегу Па сьцяжынках ільдзяных Я ўсю зімку буду бегаць У тых трусіках адных. Праз віхуру і завею, Праз паўночны зарапад, І зусім не захварэю, І зусім ня зьмерзну на’т! А калі зазьзяе сонка, Скінуць футры ўсе ў пару, Я чароўныя трусёнкі Фэтышыстам падару. З СУСЬВЕТУ ІДЭЯЎ Я Плятон. З сусьвету ідэяў Назіраю за змаганьнем людзей. Тайсан забівае Сарданапала. Заўзятарам мала. Тайсан зноў забівае Сарданапала. Зноў заўзятарам мала. Тайсан ажыўляе Сарданапала і забівае нанова. Дастаткова. Забойца Ленана забівае Грэбеншчыкова. Памылкова. Забойца Ленана не забівае Грэбеншчыкова. Забойца Ленана забівае Леніна. Зноў памылкова. Забойца Ленана не забівае Леніна. Забойца Ленана не забівае нікога. Атрута забівае Сакрата На злосьць змагарам за шчасьце пралетарыяту. Кат адзін, а асуджаных багата. Асуджаныя змагары забіваюць ката. Вынаходнік Эдысан Сканструяваў у двары Бэдлэма канструкцыю. Сядзіць у ёй і піша інструкцыю: “Людзі! Гаргона забівае вачыма. Трымайцеся ў яе за плячыма. Стрэльба забівае патронамі. Сачэце за ёй вачыма”. А ў сьвеце ідэяў людзей не бывае. Таму там ніхто нікога не забівае. Хіба што закарціць ну проста празь меру. Тады можна ўзяць сякеру. ПРА РАЗУМЕНЬНЕ Я разумею вершы пра вайну, Пра земляробства і пра паляваньне, Пра лета-восень, пра зіму-вясну, Пра ноч і дзень, пра ранак і зьмярканьне, Пра родны кут, пра новы курс рубля, Пра вынікі сялянскага паўстаньня, Пра сьмех і сьлёзы, пра палёт чмяля Альбо пра ўзьнёсласьць п’янага хістаньня, Пра будаўніцтва і пра руйнаваньне, Пра гатаваньне страў, тручэньне стравамі, І нават вершы пра вершаскладаньне Я разумею і лічу цікавымі. Пра захапленьне і пра баляваньне, Пра пагадненьне і пра гадаваньне, Пра гвалтаваньне і пра катаваньне, Пра спаражненьне і ванітаваньне... Не разумею толькі пра каханьне. Аб ім чытаю я апавяданьні. ЧАКАНЬНЕ Цягнік спазьняецца. Карэніна нэрвуецца. Пэронскі Ўронскі З гімназісткамі цалуецца. А недзе побач Парай чмыхаюць вагоны. Нахабны Ўронскі Адбывае да Вэроны. Цягнік ня едзе. Ганна хрумстае пазногці. Яе сукенка Перапэцканая ў дзёгці. Вэронскі зьехаў, Толькі дым За ім матляецца. Цягнік адменены. Ды Ганна не губляецца. Рашуча крэкнуўшы, Як Ганны папярэднія, Перапаўзае з гэтых рэек На суседнія. ФЭМІНІСТКА Я буду маўчаць, як палонны камрад, Пра тое, што вымерлі кавалеры, Што не прасьпяваюць яны сэрэнад І не патрымаюць дзьверы. І Вас я адпраўлю дадому спаць, Таму што на вуліцы цёмна. Прыпруся дадому і буду ляжаць, Ад роспачы непрытомная, Як пані ў гістэрыцы — не, лепей, як П’янюга: бутэльку намацаю, Вазьму дый насыплю ў гарэлку мыш’як І выклічу рэанімацыю. Глыну дый схаваюся ў чамадан. Няхай мяне хопіць кандрашка Ад злосьці за тое, што Вашым рукам Ад цела майго ня цяжка. МАРА ЛЮДАЕДАЎ Вось людаеды. Я дзяўчына іхнай мары. Мяне зьядуць. Як можна есьці дрэнь такую? Ад гэтай думкі фэерычна ванітую. Яны ў ванітах. Я ў сваім рэпэртуары. НІРВАНА (байка) Адзін знаёмы мой, мудак прасьпіртаваны, Сказаў мне неяк, што няма нірваны. Напэўна, ён хацеў мяне пазьліць. Я адказала: “Не, ня можа быць!” Мы зараўлі: “Яе няма і быць ня можа!” А побач мі- лі- цы- я- нэр! — хадзіў, настроены варожа. Ён нас забраў за парушэньне цішыні І высьвятляў асобы нашыя тры дні. А праз тры дні мы ўсе ўвайшлі ў стан нірваны— І я, і мі- лі- цы- я- нэр, і той мудак прасьпіртаваны. ТАВАРЫШЫ Сьмела ў ногу, таварыш Ленін, Сьмела ў сэрца, таварыш Сталін, Бі фашыстаў, таварыш Жукаў, Пі гарэлку, Міхал Сяргеіч. Ві вяроўкі, таварыш Павіч, Фрай таварыш і Тэн таварыш, Хай няблізка таварыш Блікса, Грай на скрыпцы, таварыш Грэй. Таварыш Качалаў, Калчак і Чкалаў. Моцны трактар - таварыш Картэр. Магутны сокал - таварыш Колас. Вожык бяз рожак - таварыш Мрожак. Таварыш Ома - нязгасны Мао. Таварыш Нэо жыве ў Більбао, Таварыш Кастра - ў баку Баку. Таварыш Вумка лезе ў муку. Грэе Сашу красуня Ушас. Сьпі спакойна, таварыш Эрг.