Гніламёдаў Уладзімір
Шрифт:
— Марыля, — напомніў свёкар, — талерак пастаў ды лыжку пакладзі, а раптам хто з нашых завітае…
Кот, седзячы на лаўцы, умываў лапкамі мыску.
— Бачыце? — Марыля паказала на ката. — Гасцей трэба чакаць.
Звычайна гасцей на куццю не запрашалі, бо свята лічылася сямейным, але калі хто прыходзіў, былі радыя. Пад вокнамі нехта якраз і пратупаў, і тут жа ў воблаку пары, як аднекуль з неба, ускочыў у хату невялічкі чалавечак, увесь абсыпаны снегам.
— Кузёмка? — здзівіўся Міхаль.
— Ён, — счакаўшы, пацвердзіў госць.
Патупаўшы ля парога, ён абмёў венікам боты, і тыя раптам заблішчэлі, асабліва ў халявах, як бы толькі што наваксаваныя. Кузёмку часта пазнавалі перш за ўсё па ботах. Такія боты ў Прусцы з павагай называлі «афіцэрамі», бо бачылі, мусіць, на афіцэрах. Перад тым, як павітацца, госць зняў шапку-магерку, павярнуўся да покуці, размашыста перахрысціўся і голасна абвясціў:
— Добры вечар у хату!
Гаспадары ўбачылі на Кузёмкавых вуснах звычайную яго, крыху дзіўнаватую ўсмешку.
— Добры вечар! — тут жа азваліся Кірыла з Міхалём.
«От, на табе, прыпоўз, калі яго не клікалі,— падумала Марыля, — валацуга гэты…» Яна недалюблівала Кузёмку.
— Іду з Высокага ў Камянец, дай, думаю, зайду, праведаю.
— Дадому, ці што? — пацікавіўся Міхаль.
Вядома было, што дадому Кузёмка вяртаўся позняй зімой, астатні час бавіў, бадзяючыся па свеце, і так цягнулася гадамі. «Бедалага», — шкадавалі яго, хто ведаў лёс гэтага вандроўніка.
— Правільна зрабіў! Распранайся! — падбадзёрыў яго Кірыла.
— Не, мне мусова трэба ў Камянец! — сказаў Кузёмка.
— Куды ён дзенецца — Камянец твой! — супакоіў госця Міхаль.
— Распранайся!
— Ну, яно-то вядома!
Кузёмка, відаць, хацеў, каб яго яшчэ і папрасілі.
— Заставайся, заставайся! — падала голас Марыля.
— Ну і дзьме, аднака! — скрушна цмокнуў языком прышэлец, здымаючы свой падбіты ветрам кажушок. — Вельмі проста мог бы заблудзіцца! Калі б не прысады абапал дарогі, напэўна б, заблудзіўся.
— Дзе — у нашых мясцінах? — падзівіўся Міхаль.
— Каля Рудаўца дрэў няма, голае поле — дык і блудзіць пачаў.
Кузёмка цёр рукі, шумна на іх дыхаў і пасміхаўся. Усмешка ў яго была нейкая незразумелая: прыдуркаватая і хітраватая адначасова.
— Проста-такі аблуда на мяне найшла. Ой-ёй-ёй! А чаму гэта здарылася — ведаеце?
Зразумела, прысутныя не ведалі. Адкуль ім было ведаць, што і чаму здарылася з падарожным.
— А таму, што, ідучы ля крыжа, у пачатку вёскі, забыў перахрысціцца! Вось яно і здарылася! Малюся Богу, а сам, аднака, не ведаю, дзе я, за снегам нічога не відна, і вецер, здаецца, перамяніўся. Карчы нейкія, і снег ужо вышэй каленяў. А яна ўсё водзіць мяне, водзіць…
— Хто водзіць? — напалохана ўзняла бровы Марыля, але расказчык нават не пачуў яе пытання.
— А ў кустах нехта так жаласна-жаласна скавыча. У алёс завяла. Чую — пад нагамі чвякае.
— Нячыстая сіла? — насцярожыўся Кірыла.
— Яна! — пацвердзіў Кузёмка. — У мяне, паверце, магерка на галаве паднялася!
Што-што, а пагаварыць Кузёмка любіў, і часам цяжка было нават даўмецца, праўду ён гаворыць ці крыху фантазіруе. Паводле яго апавяданняў, свет здаваўся загадкавым і пагрозлівым. Кожны момант толькі і чакай бяды ці непрыемнасцей.
Пакуль ён расказваў, гаспадыня ўсё накрывала калядны стол.
— Кузёмка, ты, таго, падсаджвайся, калі ласка, да стала, — запрасіў Кірыла.
Госць сеў.
Калядны стол павінен налічваць не менш, як дванаццаць страў. Усё лепшае! І хлеб на Каляды выпякаўся з веянага жыта і прасеянай мукі. Пасля свят гэты хлеб хавалі для дзяцей — давалі ім потым па лустачцы, як ласунак. Скаромнага на Каляду не ядуць. Пост. Калі трэба засмажыць якую страву, ужывалі алей. Алей быў свой, бо ў кожнай гаспадарцы сеялі і лён, і каноплі.
Пачалі з капусты з грыбамі. Елі і хвалілі. Затым гаспадыня падала буракі з алеем ды цыбулю, смажаную рыбу, потым піражкі з капустаю, аўсяны кісель, аладкі, некалькі талерак узвару з сушаных груш і яблык. Апошняй стравай была куцця з падсалоджаным макавым малаком.
— А добра, людкове, сядзець у сваёй хаце, — сказала Марыля. — Каляда на тое і свята, што хоць пад'ясі ўволю.
— Каб заўжды так, то няблага было б, — пагадзіўся з нявесткай Кірыла.
Ад лучыны адваліўся вугалёк і зашыпеў у вадзе.