Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Як табе?

— Вельмі прыгожа! — вырвалася ў Адольфа. І акрамя гэтых двух слоў ён больш нічога не мог сказаць пра начны Парыж. Ды і не хацеў.

— Тамара, што я магу для цябе зрабіць? Чым аддзячыць?

— Перастань. Ты ўжо робіш, ужо дзячыш. Зрэшты… Ведаеш, у нашым доме жыве бабулька. Зусім адна. Такая няшчасная, маленькая, худзенькая, яе нават ліфт не можа падняць — такая лёгкая. Дык яна бярэ з сабою ў ліфт дзве цагліны.

Адольф засмяяўся, а Тамара сказала:

— Дык вось — не хачу ў старасці ездзіць у ліфце з цаглінамі. Не хачу мець дома гастарбайтара. Хачу звычайнага мужа, афіцыйнага гаспадара ўсяго, што ў мяне ёсць. Хачу, каб табе са мной спадабалася, каб ты не сумаваў па жонцы, па ранейшым жыцці… Я была б шчаслівая. Я і ў саборы аб гэтым прасіла, — наіўна прызналася яна.

Адольф плыў. Ён слухаў, верыў сваім вушам і не верыў. За што яму такое? Няўжо за талент? За акварэлькі? А ён заўсёды лічыў іх нікчэмнай забаўкай. Ну, калі так, цяпер ён па-іншаму возьмецца! па-сапраўднаму! ён дакажа!..

ІІІ

Па вяртанні ў Мінск Адольф яшчэ раз з’ездзіў у свой горад — па мальберт з гармонікам. Зноў, як і пасля санаторыя, падгадаў час, калі жонка была на працы. Ключ аказаўся ў суседкі, той самай, якой ён хваліўся пра Парыж. Яна прыліпла да Адольфа, як парыжская жуйка: што? як? дзе? Але на гэты раз Адольф не стаў ні жартаваць, ні хваліцца. Яму сорамна было і за той раз, за свае дурныя словы, за пахвальбу — надта жорстка было тое з яго боку; ён уяўляў, як суседка пераказвала іх Ірыне Бацькаўне, як яны, тыя словы, аглушылі, дабілі жонку… Цяпер ён не стаў нічога ёй расказваць. Ужо ўсё набывала іншы абарот, рабілася сур’ёзным.

— Маю радню ты ведаеш, — сказала Тамара, калі яны селі плячо да пляча на канапе, як сапраўдная сямейная пара. — А цяпер давай з тваёй знаёміцца. Памятаеш, ты пра жанчыну з Хутара расказваў? Пра сыноў яе?

— А, тыя! — Адольф спачатку спалохаўся, падумаўшы, што Тома хоча з яго жонкай, ці з дачкою, знаёміцца. — Ну, якая радня… Так, пятая вада на кісялі. Я, калі шчыра, з імі не вельмі… Я з імі, можна сказаць, ніяк… Больш чужыя, чым свае. Амаль нічога не звязвае.

— Табе зусім нецікава, як яны жывуць?

— А што ім зробіцца? Як жылі, так і жывуць. На Хутары каля Старушак… Яны што ёсць, што няма — аднолькава. Лясныя людзі, дзікаватыя…

Выкручваўся, асцярожнічаў Адольф, ведаў ён, як «любяць» чужую радню, тым больш — бедную, і ўсяляк даваў зразумець, што ў гэтым плане праблем не будзе.

Але Тома настайвала.

— Давай да іх з’ездзім. Ці сюды запрасі.

— Навошта яны табе? Гэтыя сем’і, дзе ўсё наперакасяк… Я прымхлівы, веру, што можна набрацца няўдач ад іх… (Сябе Адольф ужо лічыў удачлівым.) Я стараюся пазбягаць такіх…

— Як не сорамна! — з дакорам сказала Тамара. — Трэба помніць радню, нават самую далёкую, любіць, трымацца разам, жыць дружна. Мая мара — вялікая сям’я, многа ўнукаў, сваякоў, розных, з хутара, з вёскі, з іншых гарадоў, каб сабраліся разам, спявалі за сталом…

— Якія песні, пра што ты кажаш. Гэта бедныя, затурканыя людзі, яны жывуць зусім іншымі катэгорыямі, ледзь зводзяць канцы з канцамі… Да якіх ім песень?

— Ты мяне яшчэ зусім не ведаеш. Для мяне не існуе гэтых паняццяў: багаты, бедны, вясковы, хутарскі… Так, я ніколі ні ў чым не мела патрэбы, можа, таму ў мяне проста не было прычын азлобіцца на жыццё. Я ўсіх люблю, а тым больш людзей, крэўна з табою звязаных. Яны для мяне тое самае, што і ты. Мы іх так прымем! Хай ганарацца табою!

Адольф, расчулены, пацалаваў яе.

— І праўда, даўно не быў… Тады, канечне, з’езджу, адведаю, запрашу…

Тома захацела падрабязнай гісторыі пра хутарскую радню. Адольф, не разумеючы яе цікавасці, усё ж коратка расказаў пра нябожчыка брата, Ніну. Не забыў і пра сябе. Нарадзіліся яны з братам у Заходняй Беларусі, на Мядзельшчыне. Бацька праваслаўны, маці каталічка. Вырашылі, каб нікому не было крыўдна, назваць сыноў па дзядах: аднаго Іван, другога Адоля. Адольф пасля няўдачы з Самарскім лётным паступіў у мастацкую вучэльню, скончыў ды так і асеў на мясцовым камбінаце. А Івана кідала па краіне, занесла на БАМ, дзе пазнаёміўся з зямлячкай-беларускай Нінай — яна там вяла самадзейнасць, ці то ўзначальвала нейкую агіт-культурную брыгаду, а можа, проста загадвала бібліятэкай — няважна; важна, што ў чырвонай хустачцы, прыгожая, няўрымслівая. Там жа, на БАМе, яны пабраліся камсамольскім шлюбам, падзарабілі грошай («неверагодную колькасць!» — прыўкрасіў Адольф), вярнуліся ў Беларусь, да Ніны на Палессе — яна так захацела, купілі хутар і пачалі жыць у глушы. Дзікая тайга, сібірскія бязмежныя прасторы (разважаў Адольф), аграмадныя адлегласці, зауральскі клімат кладуць на еўрапейскага чалавека свой адбітак. Іван з Нінай, акрамя грошай, прывезлі з сабой і нетутэйшае, не беларускае ў характарах — штосьці вольнае, разгульнае, нейкую ермакоўшчыну, і разам з тым цягу да адасобленасці, скрытнасці — карацей, такое, што звычайным людзям не зразумець.

— Вось і ўсё. Брат памёр, Ніна замуж не выйшла. Два сыны ў яе, пра Таляна расказваў — як прыязджалі прасіць, каб я не разводзіўся.

— А ведаеш — цікава, — задумліва сказала Тома. — Прыгожая гісторыя. Я заўсёды думала, што гэта прапаганда ўсё, пра БАМ, лічыла, што там п’янкі, распуста, блатныя ўсе… А тут — рамантыка, загадкавасць… І потым гэтая адзінота. Вернасць… Я б не змагла вось так, зусім адной, застацца. Абавязкова з’ездзі сам, і іх запрасі!

ІV

Перад тым, як ехаць, крыху пасварыліся.

Тома напакоўвала вялікую сумку, а Адольф капрызнічаў: ісці будзе цяжка ад станцыі да Хутара.

— У мяне ж сэрца!.. І нервы недалечаныя…

— Вось-вось. Цяпер бачыш, што свой транспарт трэба? Проста неабходны.

Канечне, цяпер ён, як чалавек забяспечаны, мог дазволіць сабе на таксоўку хоць ад Мінска, Тамара так і прапаноўвала, але ён сам для здароўя захацеў прайсціся. Тым больш дактары прапісалі. І сумку таму ўзяў лёгкую, каб нічога не перашкаджала атрымліваць задавальненне ад падарожжа. Ён даехаў цягніком да станцыі Старушкі і пайшоў па лясной дарозе. Апошні раз ён быў на Хутары на пахавані брата. Цяпер Адольф ішоў туды, як да чужых, не ведаючы, каго там знойдзе і ці стаіць той Хутар увогуле. Столькі часу прайшло, а галоўнае — столькі падзей адбылося!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: