Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Кажуць, як у раі.

— А на самой справе?

— На самой справе — які там рай? Два здаровыя хлопцы, нежанатыя, не працуюць. Хіба гэта нармальна? І гэтыя наезды браканьерскія…

Адольф таксама палічыў патрэбным расказаць пра Таляна — інтымна падзяліўся, што нешта не ладзіцца ў хлопца з жанчынамі; відаць, схапіў добра радыяцыі, ну, і нешта не тое.

— Я, канечне, пра такія рэчы не распытваю, а сам ён не кажа…

— Нічога! — рашуча сказала Тамара. — Мы гэта выправім. Цяпер гэта не праблема. Камп’ютар кішыць аб’явамі: «сама з дзіцям, шукаю чалавека, які дзяцей мець не можа»… Такіх мора-акіян, з дзецьмі і без бацькоў. Ты запрасіў іх?

— Адрас даў, і нумар тэлефона…

— Уладкуем цябе — возьмемся за хлопцаў. Мы павінны памагаць адно аднаму, бо мы цяпер адна сям’я!

Раздзел трэці

І

Праца, якую Тома абяцала Адольфу некалі ў санаторыі, знайшлася ва ўстанове пад назвай ЗАТ «СпецПрадМаш», або проста эс-пэ-эм.

— А чым яны займаюцца?

— Табе ўсё скажуць. Кніжку працоўную не забудзь.

Тома прывяла яго за руку ў офіс, зазірнула ў кабінет («дзе там наш Касперскі?»). Застаўшыся адзін, Адольф нагнуўся і пачаў разглядаць бокам прыстаўлены да сцяны макет, вялікі, памерам з більярдны стол — выразаныя з пенапласту белыя, з чырвоным дахам домікі, авал стадыёна, блакітная палоска ракі, зялёныя дрэўцы, машынкі на акуратных стаяначках, трамвайчык з «рожкамі», які пад’язджае да прыпынку, дзе стаяць фігуркі людзей: мужчыны, жанчыны, дзеці… Усё малюсенькае, ліліпуцкае, але да таго натуральнае, праўдападобнае, што Адольф міжволі прыжмурыў вочы, шукаючы каго знаёмага. Выйшла Тома:

— Заходзь, я пачакаю на калідоры, а вы пагаварыце.

«Касперскі» (Адольф, канечне, адразу здагадаўся, што гэта не сапраўднае прозвішча), зусім малады хлопец, яшчэ маладзейшы, можа, за Адольфавага сына, сустрэў яго з ветлівасцю, рэдкай нават для Мінска, не кажучы аб правінцыі. Адольф, як пан, сядзеў у мяккім фатэлі, а хлопец стаяў перад ім, нібы гэта Адольф бярэ яго на працу, а не наадварот.

«…Займаемся распрацоўкай праектаў. У асноўным тыпавых. Але стараемся ўносіць дызайнерскія, стылявыя навінкі… Рыхтуем разліковую дакументацыю, складаем смету для будаўніцтва ад нулявога цыклу да камунікацый, інфраструктуры і азелянення… У асноўным, спартыўныя аб’екты, лядовыя палацы… Але таксама паркавыя ансамблі, і…»

— Для вас, — падкрэсліў хлопец, — у нас ёсць вакансія. Мы можам прыняць вас праекціроўшчыкам фрагментарных распрацовак. Напрыклад, будзеце рабіць толькі аўтастаянку. Альбо зялёную зону.

Як звычайна робяць у такіх выпадках — для формы, з ветлівасці — Адольф пачаў ламацца і мямліць:

— Не спраўлюся… Вопыту не маю… Такіх камп’ютараў ніколі не бачыў…

— А вы рабіце рукою, на ватмане. А мы потым унясем у камп’ютар. Мы вам таму і даем выпрабаваўчы тэрмін на авалодванне камп’ютарам. Прыйдзе ад нас чалавек, паставіць спецыяльную праграму. Будзеце дома вучыцца. А калі што незразумела, якія пытанні: званіце, прыязджайце — падкажам, раскажам.

— Ну, калі так…

— Праўда, ёсць адно але. Вы на паўстаўкі, таму грошы невялікія. Мы можам прапанаваць усяго толькі…

І хлопец назваў суму, у пяць разоў большую за Адольфавую камвольна-камбінатаўскую поўную стаўку з усімі яе прэміяльнымі, за стаж, па кантракце і інш., і інш.

— Але гэта часова! А там усё наладзіцца!

І, нібы баючыся, каб Адольф не адмовіўся, пачаў расхвальваць, якія ў іх выдатныя ўмовы: дружны калектыў, карпаратыўнасць, ніякага дыктату, зрабіў за гадзіну — вольны чалавек.

Адольф і марыць не мог пра такую працу, нават не ўяўляў, што яны такія бываюць на свеце. І гэта афіцыйна, з запісам у працоўнай кніжцы, каб стаж ішоў, з графікам, як знарок падагнаным для творчага чалавека. Хочаш — сюды прыходзь, хочаш — дома рабі. Ну цуд, проста рай, як пляменнік Талян кажа. Адно слова — сталіца.

— Усё? — спытала Тома, калі ён выйшаў.

— Няўжо гэта праўда? І я цяпер нібыта працую? Афіцыйна? Сорамна нават…

Тома смяялася.

— Прывыкай! Галоўнае, ніхто ж не гоніць. Проста авалодвай камп’ютарам, калупайся ў інтэрнэце, потым паставяць спецыяльную праграму… А не хочаш, надакучыць, няма ахвоты — малюй акварэлькі.

Адольф папрасіў яе пачакаць і прайшоўся па калідоры, асцярожна заглядваючы ў расчыненыя дзверы. Якія чыстыя, светлыя, прасторныя кабінеты… Офісная прыемная строгая мэбля, чысціня, святло, у кожнага свой столік з новенькім камп’ютарам. І недзе тут, варта яму толькі захацець, знойдзецца і яму месца.

Толькі цяпер, калі было з чым параўноўваць, зразумеў Адольф, як у іх на камвольным камбінаце ўсё было шэра, прымітыўна. Дабітыя вірусныя камп’ютары стаялі хутчэй для антуражу, а так — кульман, ватман і рэйсшына. Аблезлае памяшканне, выпіўка ўціхую… Вечнае прыніжэнне, адчуванне абдзеленасці, абыйдзенасці цябе іншымі, непавага з боку начальства, якое само толькі тым і было заклапочана, каб яго паважалі і хвалілі.

Дома Тома адвяла Адольфу ўвесь вялікі пакой. Мальберт, камп’ютар. Вось гэта праца! Якая раскоша: ведаць, што ты сам сабе гаспадар, свайму часу, свайму целу! Нікому не трэба тэлефанаваць, хлусіць, прыніжацца, выдумляць, адпрошвацца. Пішы шэдэўр, малюй акварэлькі, авалодвай праектнай камп’ютарнай праграмай.

Але трэба ж — менавіта цяпер, калі з’явіліся ўсе ўмовы для душы і цела, калі славутага «вольнага часу» аказалася хоць адбаўляй, дзяваць не было куды — не тое што шэдэўр, нават машынальна не атрымлівалася намахаць акварэльку з Дняпром, полем і асіннікам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: