Вход/Регистрация
Ціша
вернуться

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Пад нагамі шэрхала жоўтае лісце. У Мінску даўно быў кастрычнік, а тут, на Палессі, яшчэ верасень. «Бабскае» лета нічым не адрознівалася ад лета звычайнага: цёпла, росна, парна. Арэшнікавыя кусты то спляталіся над галавой і не прапускалі сонца, а то яно біла проста ў вочы. Адольф звярнуў увагу, што дарога добра-такі ўезджаная машынамі.

«Люблю я свой Хутар, — успомніў ён аднойчы пад чаркай сказаныя Іванавы словы. — Сімвал нацыі! Хутар памог выжыванню беларусаў, злучыў заходнікаў і ўсходнікаў».

Паказалася паляна са стагамі сена, потым адна за адной тры паветкі, і ў канцы паляны высокі, са свежых бярвенняў, шчыльны частакол. Раней хутарскія пабудовы стаялі на палянцы без аніякага плоту, адкрытыя людзям, звярам, вятрам.

Цяпер «сімвал нацыі» хаваўся за надзейнай агароджай у выглядзе ромба па перыметры. Частаколіны былі ідэальна круглыя, гладка зачэсаныя; мала таго, на канцы кожнай яшчэ тырчэў востры цвік — не ленаваліся ўбіваць, а потым адшчыкваць шляпкі пасаціжамі. Агароджа высокая, за ёй нічога відаць, толькі комін тырчыць, а з коміна віецца дымок.

Адольф падняў палку і пастукаў па частаколіне. Па той бок загакаўкаў сабака. Выйшла Нінка, пляснула рукамі. Выбег Талян:

— Дзядзя мой прыехаў — во радасць! Я ж казаў, дзядзя мой Адольф прыедзе! А я, дзядзя, усё! Тут жыву! Развёўся!

Ззаду сарамліва выглядваў Лёнік, з доўгімі валасамі, няголены, у камуфляжнай куртцы і такога ж колеру штанах. У Адольфа ад дарогі ў галаве крыху закаламуцілася; ён, сам не ведаючы чаму, думаў убачыць маладую статную жанчыну і двух з саламянымі валасамі падлеткаў, якія трымаюцца за матчыну спадніцу і дзівяцца на гарадскога дзядзьку. А тут побач з Нінай тапталіся два здаровыя дзецюкі: адзін у камуфляжы, другі, Талян, у сваёй любімай ваеннай форме, з цыгарэтай у пальцах.

Той жа двор. Лаўкі, вёдры, чыгуны, сабачая будка з пастарэлым Жукам. Куры. Недзе карова — бо стагі сена, і парасяты — бо вёдры. У меншай хаце стаяў фікус у бочцы, раскінуўшыся ледзь не на паўхаты. Ніна спаласнула чайнік і выліла разам з старой заваркай пад фікус.

— Ад молі — каб моль не вялася, — патлумачыла яна.

А Талян туды ж укруціў, зламаўшы, недакурак.

— Гэта для фосфару, дзядзя! Попел фосфар дае!

Талян увогуле мітусіўся, доўга не хацеў сядаць за стол, балбатаў — узбуджаны ад таго, што столькі дарагіх яму людзей сабраліся разам, у адным месцы сабраліся.

— Мамка мая… Лёнік, брацельнік… У-у, расказаць вам, які гэта чалавек! Звычайна ён у лесе прападае… І дзядзя Адольф — трэба ж!..

З-за гэтага яго шуму, калі нарэшце селі за стол, братавая ўсё не магла даўмець, што ў Адольфа цяпер у жыцці куча перамен.

— Дык а чым ты дабіраўся?

— Кажу ж, мінскім цягніком…

— А ў Мінск як патрапіў?

— Кажу ж — жыву там…

Нарэшце пачало даходзіць.

— Дык ты што — развёўся?!

— Ну, а я пра што кажу…

Талян пляснуў далонямі сябе па грудзях.

— Во дае мой дзядзя! Я развёўся — і ён развёўся!

— А сумка, падарункі? Ці… ты зноў жаніўся?!

— Ды а я вам што кажу…

Тут любога можна было ашаламіць.

— Ну і дзядзя Адольф у мяне! Я з яго не магу!

Адольф расказаў, як разводзіўся. Усё Ірыне пакінуў. Чамадан забраў, мальберт.

— А гармонік? — спытала Ніна.

— Ну, і гармонік.

— Вось за гэта хвалю, — адобрыла Ніна. — Тут правільна паступіў. Чаго за гэтыя шмоткі трымацца. Я яшчэ як тады прыязджала, адразу заўважыла — мяшчанства адно, лішняга многа. А гэтая як, другая? — спытала пра Тамару.

— У Парыж мяне звазіла, — стрымана пахваліўся Адольф.

Ніна заморгала вачыма. Замаркоцілася.

— Бач ты, — сказала з зайздрасцю, забыўшы пра меркантыльнасць. — А мае хлопцы адны і адны… Талян — на што ўжо добры, а і ён, бач ты, не падыйшоў…

— А хто мне трэба? — Талян перагнуўся цераз стол, абняў маці, пацалаваў: — Я адну сваю мамку Нінку люблю!

— Ты не п’еш, — заўважыла Ніна. — Аніяк? Ці толькі ў нас?

— Не цягне пасля бальніцы. Сам дзіўлюся! Людзі кадзіруюцца, па знахарах ездзяць, столькі мучаюцца… А ў мяне — як пасаціжамі адшчыкнула! Мабыць, толькі так і можна кінуць — калі прышчэміць добра.

— А ясі чаго мала? Ці нясмачна пасля Парыжа?

Перакінулася гутарка на Парыж. Адольф расказаў, што паветра там ў цэнтры горада чысцейшае, чым у нас у лесе, ці на беразе рэчкі.

— Проста носам, лёгкімі адчуваеш.

— А елі што?

— Рыба, куры, мідыі, сыры, бульба, мяса, аліўкі… А-а, суп з памідораў — гаспача.

— Жабы елі, дзядзя? — згараючы ад цікаўнасці, спытаў Талян. — А то Лёнік зараз адскочыць, наловіць.

— Не. Гэта ўсё дарагое, у асобных рэстаранах, мы ў такія не хадзілі…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: