Шрифт:
В. Б.: Не чытаю.
А. А.: Якраз таму табе і здаецца, што ўсё — не тое?
В. Б.: Можа быць. Нават тады, калі твор пахваляць. Праўда, гэтае пачуццё пакрысе асядае. Але ўсё роўна, калі я пасля пачытаю свой забыты тэкст, робіцца прыкра. Заўсёды здаецца (а можа, і сапраўды так), што гэта кепска.
А. А.: І ты стараешся апраўдацца новай аповесцю?
В. Б.: Ну, можа, не зусім апраўдацца… Але стараюся забыцца на тое, што напісаў. Не ўвогуле, не ў сэнсе ідэі — гэта якраз я памятаю і за гэта стаю…
А. А.: А колькі разоў ты перапісваеш?
В. Б.: Ведаеш, мабыць, перапісваю мала. Вядома, колькі перапісваў Талстой. Наш Аляксей Карпюк перапісваў свае аповесці дзясяткі разоў. Пішу звычайна ручкай на паперы. Пасля сам перадрукоўваю на чарнавік…
А. А.: Вось гэтую частку?
В. Б.: Так.
А. А.: Гэта колькі старонак?
В. Б.: Няшмат. Дзве-пяць старонак, не болей. Пасля грунтоўна праўлю машынапіс, і ўсё.
А. А.: Яшчэ не ведаючы канца?
В. Б.: Мае аповесці невялікія, і я звычайна ведаю, што будзе ў канцы.
А. А.: Потым вяртаешся калі-небудзь назад?
В. Б.: Ну, вяртаюся, натуральна. Калі ідзе якая пераробка або рыхтую ўвесь тэкст цалкам.
А. А.: А чаму ты не любіш свае рукапісы? Чаго ты знішчаеш іх?
В. Б.: Ну, ведаеш… Навошта іх любіць? Ці зберагаць для архіваў? Для таго трэба надта любіць сябе. Але ці варта? Ранейшыя неяк паводзілі сябе куды болей сціпла. Нават Мікеланджэла пісаў, як невысока ён сябе цэніць… А нам што ўжо сябе высока цаніць?
А. А.: А вось мастак эскізы не толькі захоўвае, але і развешвае…
В. Б.: Мабыць, у мастацтве тое разумна. Бо нярэдка эскізы, эцюды па выяўленчых якасцях цікавейшыя за карціну, для якой робяцца. Мастакі гэта добра ведаюць. Зноў жа яны ведаюць, што калі не зараз, дык некалі іх можа напаткаць удача. Нават сусветная слава. Таму зберагаюць усё, што можа калісь спатрэбіцца. Я ж не маю такой спадзяванкі. І не меў ніколі. У вайну прывык разлічваць на жыццё да вечара, пра іншае не клапаціцца…
А. А.: І нічога лішняга не мець з сабой?
В. Б.: Ніколі не зарыўся на трафеі. Ну, гадзіннік які прыдбаў, зброю. Кулямёты ў нас звычайна былі трафейныя, бо нашыя — цяжкое ламачча. Зноў жа пісталет — пісталеты ў немцаў таксама былі выдатныя. А некаторыя ў нас, асабліва старэйшыя, ды напрыканцы вайны, валакуць, бывала, усё, што можа спатрэбіцца ў гаспадарцы. Яно зразумела — беднякамі ж былі. Таму і цягнулі…
А. А.: У рэчмяшок свой.
В. Б.: Ды не пакарысталіся, я ўжо расказваў: усё паадбіралі.
А яны клапаціліся пра будучыню. Я ж не клапаціўся, бо рана зразумеў, што марна тое. Не ты жыццём камандуеш, а яно табой, і заўсёды зробіць так, як яму патрэбна. Усёмагутная сіла абставін! Яна, зрэшты, стварала на вайне і герояў, і трусаў, як калі і як каму выпадала. Генерал Уласаў — здраднік, бо трапіў у пэўныя акалічнасці, а калі б трапіў у іншыя, быў бы герой і маршал. У маім жыцці, бадай, ніколі не атрымлівалася так, як мне хацелася. Я пасля вайны не хацеў служыць у войску ніводнага дня, а праслужыў каля 15 год. Толькі ў літаратуры я ўбачыў магчымасць стаць гаспадаром сваіх памкненняў, магчымасць ажыццявіць уласныя ідэі, уладарыць над сабой і над сваімі героямі — персанажамі твора. Але па вялікім рахунку і тут аўтарскія магчымасці ў бальшыні сталіся ілюзіямі. Пытаешся — прычыны? Пра першую я ўжо сказаў: неадпаведнасць ідэйнага і сапраўднага, практычнага. Але гэты разрыў суб’ектыўны, тут наракаць няма на каго. Другая ж прычына сацыяльна-палітычнага парадку, калі абагульнена, дык гэта славуты наш метад сацрэалізму, пра які навукоўцы ад філалогіі кажуць, што не ведаюць, што гэта такое. Затое — вельмі добра ведаюць аўтары, а яшчэ лепш рэдактары і крытыкі. На мой дылетанцкі погляд, сутнасць таго метаду чыста паліцэйская — гнаць і не пушчаць. Гнаць туды, куды літаратуры не трэба, і не пушчаць — куды трэба. Куды яна хацела б памкнуцца.
А. А.: Ты вылучаеш нейкія свае творы з ліку астатніх? Ну, скажам, хоць і не абсалютна табе падабаюцца, але ўсё ж менш за іх сорамна? Табе здаецца, што яны адпавядаюць таму, што хацелася напісаць. Якія з іх ты вылучаеш?
В. Б.: Ведаеш, скажу табе, што ў мяне няма пэўных адносін у гэтым сэнсе. Можа, я ведаю, якія творы слабейшыя…
А. А.: Якія?
В. Б.: Ну вось аповесці «Альпійская балада», «Здрада»… У адной занадта ад рамантыкі, у другой перабольшана палемічнасць. Некаторыя апавяданні напісаны ў спрошчанай манеры, як гэта патрабавалася ў свой час. Зноў жа ацэнкі розных людзей могуць быць розныя.