Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Назаўтра пайшоў на зборы — палатачны лагер у лесе непадалёк ад вёскі Грандзічы, на беразе Нёмана. Тыя зборы адабралі ў мяне тры летнія месяцы. Звычайныя вайсковыя парадкі, заняткі па артылерыі: падрыхтоўка дадзеных, артстралковая… На пачатку восені — экзамены, якія «шэнціла» мне здаць на пяцёркі. Прыйшоў у рэдакцыю, атрымаў водпуск. Аднойчы сустракаю на вуліцы знаёмага афіцэра, які камандаваў намі на зборах, той пытаецца: ну што, Быкаў, гуляеш? — Гуляю, кажу. — Павестку яшчэ не атрымаў? — Якую павестку? — Хутка атрымаеш, сказаў і пайшоў. І праўда, праз дзень выклікаюць у ваенкамат — распішыцеся. Выпіска з загаду міністра абароны аб зачысленні лейтэнанта Быкава В. У. у кадры СА. Праз тры дні яўка ў часць. Ну, што рабіць? Пайшоў да адказнага рэдактара, той моўчкі развёў рукамі. Давялося збіраць «кружку, ложку, котелок». На гэты раз паехаў далей — у Слонім. Пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма.

А. А.: Гэта быў сорак сёмы год?

В. Б.: Не. Ужо сорак дзявяты. Зіму прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў зноў у бабкі ў Альбярціне. Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца, і Быкаў атрымлівае новы загад: адправіцца на Далёкі Усход. На тым усходзе — Курылах і Сахаліне — змарнаваў яшчэ шэсць гадоў уласнага жыцця.

А. А.: Цяжкая была служба?

В. Б.: Ды ўжо ж не лёгкая. Як пачалася Карэйская вайна, наш полк вывелі на Ціхаакіянскае ўзбярэжжа, тэрмінова збудавалі земляныя ўмацаванні, дзе і сядзелі ў зямлі гады тры — чакалі нападу амерыканцаў. Бы на фронце: тыя ж парадкі, тая ж строгасць і дысцыпліна. Ды яшчэ заняткі, каб сумна не было. Праўда, на год я з’ехаў на Сахалін — на вучобу.

А. А.: І ў якім званні быў?

В. Б.: Быў лейтэнантам, пасля старшага прысвоілі, капітана. На Сахаліне быў камандзірам батарэі 122 мм гаўбіц. Спецыялізаваўся па марскіх стрэльбах — самых складаных ва ўсёй артылерыі. Артылерысты ведаюць…

А. А.: І калі вярнуўся?

В. Б.: У пяцьдзесят пятым. У канцы года…

А. А.: Дык дзе ты вучыўся? Якая ў цябе адукацыя?

В. Б.: Адукацыя толькі вайсковая. Апроч вучылішча скончыў яшчэ артылерыйскую школу на Сахаліне, гэта спрэс матэматыка — алгебра і трыганаметрыя. Філалагічнай адукацыі не маю.

А. А.: Ну, а пісаў там?

В. Б.: Спрабаваў урыўкамі. Памятаю, тры апавяданні паслаў у Мінск Міхасю Лынькову, ён прыслаў мне падрабязны разбор.

Але болей там не пісаў. Там шмат часу і сілы патраціў на тое, каб дэмабілізавацца і вырвацца ў Беларусь. Што, аднак, там не ўдалося. Ну, але гэта асобная старонка маёй біяграфіі (можа, самая цяжкая старонка, апроч хіба ваеннай), пра яе я, можа, калі напішу.

А. А.: Ну, а вярнуўшыся, куды ты паехаў?

В. Б.: Куды ж ехаць? Паехаў у Гродна. Зноў пайшоў у рэдакцыю, дзе мяне памяталі. Прынялі ў сакратарыят на тое ж месца, якое пакінуў шэсць год таму. Каб скончыць вайсковую тэму, як яна скончылася для мяне, патрэбна расказаць пра яшчэ адзін выпадак. Недзе напачатку 60-х гадоў мяне зноў выклікалі ў ваенкамат і змусілі запоўніць тры вялізныя, на некалькі столак, анкеты. Там было шмат чаго, што звычайна не трапляла ў ранейшыя вайсковыя анкеты. Навошта тое, мне не сказалі, але праз чуткі я дазнаўся, што зноў рыхтуюцца прызваць афіцэраў-рэзервістаў дзеля перападрыхтоўкі на ракетчыкаў. Тое мне зусім не падабалася, але што можна было зрабіць? Адзін наш журналіст быў знаёмы з афіцэрам ваенкамата, якога мы неяк пасля работы запрасілі ў рэстаран. Аматар выпіць яшчэ з часоў мінулай вайны, ён добразычліва паставіўся да мяне і, дазнаўшыся пра маю праблему, спытаўся, ці няма ў мяне каго за мяжой? За мяжой, на жаль, у мяне не было нікога. Тады ён папытаў: можа, хто з родзічаў прапаў у вайну без вестак? Такіх, вядома, знайшлося, і я прыпамятаў стрыечнага брата Міколу. І вось у адпаведнай графе той анкеты я напісаў, што мой брат Мікола жыве ў Заходняй Нямеччыне. Таго хапіла, ад мяне адчапіліся. (Хай мне даруе мой няшчасны Мікола, які ў 19 год склаў сваю галаву на вайне. Ён мёртвы уратаваў калі не маё жыццё, дык свабоду.)

А. А.: І ты пачаў пісаць сатыру?

В. Б.: Пачаў пісаць і друкавацца ў «Вожыку». Галоўны рэдактар Павел Кавалёў мяне добра прывеціў — у канцы пяцідзясятых гадоў быў попыт на сатыру. Здаецца, у шасцідзясятым годзе ў бібліятэчцы гэтага часопіса выйшла кніжка сатырычных апавяданняў. У «Маладосці» друкаваўся на маладзёжныя тэмы. Таксама — у «ЛіМе», дзе намеснікам галоўнага рэдактара быў Раман Сабаленка. Адно апавяданне — пра каханне — паслаў у «Чырвоную змену», яго раскрытыкаваў Іван Калеснік. А тыя, што друкаваліся ў «ЛіМе» (пра вайну), Сабаленка пахваліў. Такім чынам я атрымаў наглядны ўрок, як трэба і як не трэба пісаць. Для пачаткоўца гэта заўсёды важна. Пасля ўзяўся за аповесці, напісаў «Трэцюю ракету», якую некалі пахваліў і малады доктар Адамовіч. Так прыбывала вопыту, а з ім і майстэрства. Ці болей правільна — рамяства.

А. А.: А калі ты сам адчуў, што трэба вось так пісаць, а не гэтак?

В. Б.: Ну, ведаеш, адчуванне гэтае вельмі адноснае. Яшчэ ёсць нейкае захапленне на стадыі задумы, калі твор бачыш у агульных рысах. А калі да канца напішацца — спрэс расчараванне. Нават здзіўленне ад таго, што атрымалася не так, як хацеў. І невядома чаму. Часам так і не зразумееш, чаму? Дзе недабраў ці скрывіў.

А. А.: Таму ты не чытаеш пры перавыданні карэктуру сваіх кніг?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: