Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Наступаць — вось ваша задача, — павысіў голас генерал. — Запомніце раз назаўсёды. Пакуль вораг не выгнаны за межы нашай свяшчэннай зямлі — наступаць! Не даваць яму спакою ні ўдзень ні ўначы. Забылі, чые гэта словы? Напомніць?

Валошын маўчаў. Супраць гэтых слоў у яго не было і не магло быць пярэчання, тут генерал яго проста прыпёр да сцяны. Гэта было куды як пакутна — стаяць так пад строгім начальніцкім поглядам, апусціўшы рукі па швах, і адчуваць, як генерал, смакуючы над ім перамогу, пагардліва свідруе яго злым бязлітасным позіркам. Так, ён перамог незгаворлівага камбата і з вышыні свае начальніцкай уладарнасці хвіліну парадаваўся ў душы. Затым выцяг руку да палаткі, каб выйсці, як раптам спыніўся, нешта прыпомніўшы.

— За адсутнасць дысцыпліны ў батальёне і гэтыя выбрыкі сан-інструктара аб’яўляю вымову, камбат. Вы чуеце?

— Ёсць! — сказаў Валошын і сцяў пашчэнкі.

— Вось так! Атрымаеце ў загадзе па арміі.

Сярод цішыні, якая настала ў зямлянцы, генерал яшчэ раз працяў уладарным позіркам камандзіра батальёна, і раптам нібы незнарок гэты яго позірк упаў на Джыма.

— А сабачку вашага мы забярэм. Для чаго ён вам? Крохалеў!

Палатка на выхадзе адхінулася, і ў зямлянку ўлез баец у бушлаце.

— Вазьміце пса.

Не вельмі рашуча баец зрабіў крок наперад і з працягнутай рукой засцярожліва схіліўся да Джыма. Але сабака пагрозліва настырчыўся і гыркнуў з такой лютасцю, што Крохалеў спалохана адхіснуўся.

«Ага, чорта ён вам дасца! — зласліва падумаў Валошын. — Бярыце!»

Генерал, які ўжо памкнуўся было выходзіць, спыніўся.

— Што, не ідзе? Камбат, ану, дайце свайго чалавека. Валошын сціскаў сківіцы, амаль з роспаччу адчуваючы сваю бездапаможнасць. Генерал стаяў, але ў камбата не хапала рашучасці на такую ганебную ў дачыненні да сабакі здраду.

Паўза зацягвалася, генерал чакаў, і Гунько, роблена задрыжаўшы ад абурэння, ступіў да камбата.

— Вы чулі загад? Дзе вашы байцы? Ану там, у траншэі, жыва!..

У зямлянку ўваліўся Чарнаручанка і запытальна ўтаропіўся ў камандзіра палка. За ягонай спіной з-за палаткі выглядваў Гутман.

— Бярыце сабаку! Жыва!

Адчуваючы, што Джыма ўжо не ўратаваць, Валошын ледзяным голасам загадаў ардынарцу:

— Гутман, вазьміце Джыма.

— Куды? Гэта наш Джым. Куды яго браць?

— Спыніце размовы. Выконвайце загад.

Абяззброены няўмольнасцю камбата, ардынарац амаль збянтэжана паціснуў плячыма.

— Гм. Мне што? Я выканаю. Джым — ка мне!

Сабака даверліва падаўся да Гутмана, і той узяў яго за ашыйнік. Джым не супраціўляўся, толькі недаўменна-спакойнымі вачмі паглядзеў на камбата. Валошын адвёў позірк, каб не выдаць сваіх пачуццяў. Але што разумеў сабака?

— Вось так, — сказаў генерал. — Праводзіце да штаба, таварыш баец.

Ён уключыў ліхтарык, і ўсе яны адзін за адным вылезлі ў траншэю.

У зямлянцы стала пуста і холадна. Чарнаручанка ўзяўся шураваць у печцы. Лейтэнант Маркін неяк нячутна вылез з кута і сеў на сваё месца ля скрынак.

Валошын вылаяўся і, ірвануўшы палатку, выйшаў у траншэю.

4

Чорт бы іх узяў, гэтыя патарчакі ды вывараціны, якіх у такой цемрадзі ні згледзець, ні абысці. Калі ўжо дзе і ёсць які корч, дык ноччу абавязкова налезеш на яго. Валошын устаў, пацёр збітае калена, услухаўся — не, здаецца, яго яшчэ не аклікалі, хоць недзе паблізу павінны пачынацца ячэйкі сёмае роты. Амаль вобмацкам ён прайшоў яшчэ, мабыць, з хвіліну. Боты хрустка ламалі леташні змерзлы быльнёг на ўзмежку, нейкае нябачнае калючае суччо ў доле чаплялася за халявы, полы шыняля, вецер надакучліва сцёбаў па твары незавязанымі матузамі шапкі. Наперадзе на краі небасхілу вялізным пакатым горбам чарнела злашчасная вышыня, лёс якой вырашаўся цяпер у штабе. У начным цемрыве яна здавалася зусім побач цераз балотца, што невыразна шарэла ў змроку старым брудным лёдам, і Валошын з затоенай цікаўнасцю ўгледзеўся ў яе зблізку.

Не, маскіраваліся яны адмыслова, не тое што ў сорак першым, калі амаль адкрыта хадзілі ў трусах на перадавой і гулялі ў валейбол на агнявых пазіцыях. Цяпер за ўсю ноч не пачуеш ніводнага гуку — стаіліся, закапаліся ў зямлю і робяць сваю справу ціха і тайна. Але колькі іх там, што гэта за часць, якая яе задача, дзе агнявыя сродкі? — усё гэта былі спрэс загадкі, не адгадаўшы якіх, цяжка было разлічваць на ўдачу ў заўтрашняй атацы. Асабліва з такімі сіламі. Семдзесят шэсць чалавек, па сутнасці няпоўная стралковая рота, без артпадтрымкі, без сапёраў, без танкаў на даволі ўжо ўмацаваную вышыню. Калі яшчэ і не арганізаваць як след, дык і вышыні не возьмеш і людзей пагубіш. Усіх, без астатку.

— Стой, хто ідзе? — нягучна пачулася ў цемры.

Валошын крыху павярнуўся на голас, не спяшаючыся, аднак, з адказам. Наперадзе ў змрочным доле ясніўся глеісты пагорачак бруствера, за ім цямнела ямка акопчыка, у якой варухнулася нешта жывое. Баец болей не аклікаў — мабыць, яшчэ зводдаль па хадзе пазнаў камбата. Увогуле гэта быў непарадак, але Валошын не злаваў, ён прывык ужо, што яго ведалі ў батальёне і пазнавалі ўсюды пры першым жа гуку ягоных крокаў і першым слове яго каманды. Гэтак жа моўчкі камбат узышоў на бруствер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • 123
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: