Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Я не ўмею танцаваць.

— А што ты ўмееш, патлаты? — нядобразычліва спытаў паэт, незадаволены, што перапынілі яго разважанні пра рэйд генерала Сабурава.

— Я ўмею расшчапіць атам.

— Праўда? — шчыра здзівіўся паэт. — У такім разе давай вып’ем. Сядай.

Праз пяць мінут партызанскі гісторык ператварыўся ў вялікага вучонага-атамшчыка. Стары камандзір атрымаў адстаўку і, пазяхаючы, пайшоў глядзець танцы.

Фізік і лірык крычалі, даказваючы адзін аднаму сутнасць сусвету і антысусвету.

Кватэра ператварылася ў начлежны лагер. Гаспадарам прыйшлося размяшчацца ў пакоі, дзе балявалі, на нешырокай канапе. У куце за сталамі, на падлозе, на Антанюковых паляўнічым плашчы і ватоўцы, смачна храплі паэт і фізік.

Іван Васільевіч лёг першы. Вольга Усцінаўна прыйшла, села на край канапы, распусціла валасы, прыбіраючы іх на ноч.

— Як я змарылася, — сказала яна.

— Дзіва што! Нават у мяне гудзіць усё цела.

— У танцах ты не адставаў ад маладых.

— А ў чым калі я адставаў?

Яна стрымана ўздыхнула. Памаўчалі. Іван Васільевіч разумеў, што абавязаны першы расказаць усю праўду, што эгаістычна і жорстка гэтак выпрабоўваць жончына цярпенне. Але страшэнна карцела пачуць, як Вольга сама спытае пра Віталію.

— Іван, я рэдка распытвала пра тваю партызанскую славу.

— Не трэба іроніі, Вольга.

— Маё шчасце, што я магу з іроніяй. Цяпер гэта лёгка. А каб ты ведаў, чаго каштавала мне гэта іронія тады… Ты думаў, што я нічога не ведала…

— Я не думаў. Табе расказала Мілана. Каб выставіць сваю святасць, Будыка не мог не выдаць грэшнага сябра.

— Я даравала ўсё. У імя сям’і. Але дагэтуль хаваць, што ў цябе дачка…

Ён імкліва падняўся за яе спіной, зашаптаў у патыліцу:

— Вольга, усё больш складана, чым ты думаеш. Віталія — дачка Сваяцкага. Помніш? Я расказваў, як маці яе прыйшла да нас, яе прывёз Павел, як яна нарадзіла… з якімі пакутамі… траха не загінула і сама і дзіця. Пра ўсё іншае табе расказала Мілана. Віта вырасла ў атрадзе… Партызанская дачка. Але ў Надзі… у маці яе… так і не хапіла, мужнасці… дагэтуль не хапіла… сказаць, хто ж яе бацька. Сваяцкі расстраляны па прыгавору суда. Не буду апраўдвацца. Дзе я вінаваты — я вінаваты. Але можаш паверыць — я не бачыў іх многа гадоў. А тут, калі ехаў ад Васіля, мяне пацягнула праведаць. Вольга, ты не скажаш, што калі-небудзь я быў пашляком. І гэта была не пошлая сувязь, як іншыя на вайне. Не. Мы штодня глядзелі смерці ў вочы. Я выратаваў яе і дзіця… Яна выратоўвала мяне… Не аднойчы.

Вольга маўчала, павольна заплятаючы валасы ў касу. Не, нічога не заплятала, проста рукі застылі на патыліцы, рукамі лавіла гарачае мужава дыханне ці загароджвалася ад яго.

— І я ўдзячны ёй. Але, удзячны. Ты можаш думаць, што хочаш. Але бываюць парывы, калі хочацца пабачыць чалавека, друга. Прыехала Марына Казюра. Хоць завошта ёй быць удзячнай? Яна магла праклінаць мяне за сыноў. Аднак жа прыехала… Захацелася ёй пабачыць камандзіра.

— Іван, я ні ў чым цябе не папракаю.

— Не, я ўсе гады адчуваў твой нямы папрок.

— О, даўно ўжо ад яго нічога не засталося!

— Мне не лягчэй ад тваёй абыякавасці. Быццам я не мужчына ўжо. Не муж…

— О божа. Ты п’яны, Іван. І ў цябе неспакойна на сэрцы.

— Ніколі ў мяне не было спакойна на сэрцы. Ты павінна зразумець. Мне хацелася ўбачыць яе. Можа апошні раз. Не думай благога, калі ласка.

— Я не думаю. Я веру табе.

— Прыехаў — там Віталія. Я ведаў яе малую. А тут — дарослы чалавек. І яна спытала: хто мой бацька? І я сказаў. А што яшчэ я мог сказаць? Што сказала б ты?

— Не ведаю. Ты быў звязаны змовай маўчання. Але каб я была яе маці, то сказала б праўду. Даўно.

— О! Ты думаеш — гэта лёгка?

— Нялёгка. Але прасцей. Навошта заблытваць вузел, які і так заблытаны. Калі-небудзь яго ўсё роўна прыйдзецца секчы. А гэта будзе балюча. Усім вам. І яшчэ можа каму…

— Урэшце, хто мае права назвацца яе бацькам? Ён? Гад той? Каб і застаўся жывы? Звяруга, які забіваў дзяцей? Не! Я выратаваў яе пры нараджэнні. Я насіў на руках. Два гады. Больш. У такіх умовах! Па лесе. Па балотах.

— Я разумею, Іван. Гэта трэба Надзі. Так ёй лягчэй.

— Не думай пра яе дрэнна! — на поўны голас сказаў Антанюк.

— Цішэй! Не ўсе спяць, — папярэдзіла Вольга Усцінаўна. Паднялася і выключыла святло. Але гарэў ліхтар на вуліцы, трохі наўскось ад акна, і, перакошанае, як на абстракцыянісцкай карціне, акно адбівалася на бакавой сцяне, на серванце.

Жонка пастаяла каля дзвярэй, як бы раздумваючы, што рабіць. Іван Васільевіч падумаў, што яна не вернецца, пойдзе туліцца дзе-небудзь, магчыма — на кухню, загрувашчаную брудным посудам, можа будзе плакаць там.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: