Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Нядобра сціснулася сэрца. Але гаспадыня працягнула госці руку і ветліва запрасіла:

— Распранайцеся, калі ласка. І — за стол. Вася!

— Што, мама?

— Вазьмі Віталію ў сваю кампанію.

Сын з’явіўся ў дзвярах і весела, трохі нават скептычна аглядзеў дзяўчыну: адкуль з’явілася такая?

— Гэта наш сын, — узрадавана сказаў Іван Васільевіч.

Моладзь па-ранейшаму шумела, смяялася, нехта іграў на гітары, і ніхто не звяртаў увагі на тое, што адбываецца ў калідоры: ці мала розных гасцей, блізкіх і далёкіх, можа прыехаць ці прыйсці на вяселле!

А тыя, каго гаспадар так нечакана ўзняў з месцаў, з цікавасцю зазіралі ў калідор: хто яна, што стрыманы Антанюк так кінуўся сустракаць?

Іван Васільевіч убачыў, як зацікаўлена пазіраюць некаторыя, успомніў, хто там, сярод гасцей, і ўзбуджана паклікаў:

— Валя! Начштаба! Гэта ж Віта! Наша Віта!

Будыка ўміг апынуўся каля дзяўчыны.

— Віта? Няўжо Віта? Наша партызанская дачка? Божа мой! Якая ты вырасла! Помніш, як мы цябе насілі на руках? Не, не помніш. Дай падніму цяпер.

Абняў. Пацалаваў у шчаку, у лоб. Жартаўліва паспрабаваў падняць. Крычаў на ўсю кватэру:

— Таварышы! Гэта ж наша партызанская дачка! Не, вы гляньце, якая вырасла! Вось дык сюрпрыз! Малайчына Іван, што запрасіў! Міля! Эдуард! Знаёмцеся!

Тады і моладзь нрыціхла, зацікавілася, пацягнулася ў калідор. А Кляпнёў ужо завіхаўся ля Віталіі — першы здагадаўся памагчы дзяўчыне распрануць паліто.

Выскачыла Лада. Хоць не было на ёй ніякага традыцыйнага вясельнага ўбрання, Віталія чамусьці здагадалася, што гэта яна.

— Вы — нявеста? — і ступіла да яе; вельмі можа быць, што хацела абняць сястру, але Лада халаднавата-насцярожана працягнула руку.

— Я — нявеста.

— Віншую, Лада, — сказала Віталія і засмяялася, пачала расказваць: — А я падышла — шум, гам. Во, думаю, трапіла няпрошаная, нязваная. Пастаяла перад дзвярмі і — уніз.

— Святое дзіця! Адкуль ты? — як даўно знаёмай, казаў Кляпнёў.— Даўно не страчаў такой цнатлівасці!

— Адкуль? З лесу. Вам жа кажуць — партызанская дачка. Але куды мне пайсці ў вялікім горадзе? Тупала, тупала ў двары, замерзла, мароз жа добры… і зноў пад дзверы. Усё роўна ўжо: прыехала — трэба заходзіць. Але, думаеце, так лёгка націснуць тую маленькую кнопачку, калі за дзвярамі такая гамана? Дзядзька нейкі памог. Спускаўся зверху. «Мацней, — кажа, — званіце, а то яны так разгуляліся, што нічога не чуюць». Тут ужо хочаш — не хочаш, а націскай.

Такім шчырым прызнаннем яна адразу заваявала сімпатыю гасцей. І Васілёву. Адна Лада нахмурылася: ёй пачулася задача з многімі невядомымі.

Будыка здзівіўся:

«Выходзіць, пра вяселле яна не ведала? З якой жа нагоды прыехала?»

Усе невядомыя ў задачы, той, што рашала Лада, яму былі вядомыя, ва ўсякім разе, ён так лічыў. Не хапала толькі адказу. Аднак Валянцін Адамавіч зусім не збіраўся ламаць галаву нават над самым элементарным ураўненнем, бо даўно прывык усё атрымліваць у гатовым выглядзе. І тут таксама быў упэўнены, што ўсё адкрыецца само сабой.

Вольга Усцінаўна падумала з болем, са смуткам:

«Іван паводзіць сябе, як хлапчук. Сорамна. Трэба сказаць. Нельга так».

Але адчувала, што на шчырае абурэнне не хапае злосці, а іграць запозненую рэўнасць і ўсё іншае — недарэчна, не да твару ёй — не тыя гады. Ад такой сваёй слабасці зрабілася яшчэ больш сумна і балюча.

Распрануўшыся, Віталія, можа не без хітрасці — каб хутчэй зблізіцца, папрасіла Ладу паказаць, дзе можна прычасацца, памыць рукі — «прычапурыцца». Лада павяла яе ў ванны пакойчык.

Мужчыны выходзілі на лесвіцу пакурыць, Кляпнёў і хто-ніхто з жанчын памагалі Вользе Усцінаўне аднавіць парадак на стале.

— Ці то шляхта балявала, ці свінні пасвіліся, — паказваў сваю дасціпнасць Кляпнёў.

— Вы цынік, Эдуард, — сказала яму Мілана Феліксаўна, расстаўляючы чыстыя талеркі; яна заўжды памагала, лічачы сябе самай блізкай Вользінай сяброўкай, але ніколі не збірала, не адносіла і тым больш не мыла брудныя талеркі — грэбавала.

— Усе мы — цынікі,— глыбакадумна заключыў Кляпнёў.

Вольга Усцінаўна пасля такіх яго слоў раптам моцна ўзлавалася на гэтага тоўстага круцяля, які падхалімнічае, прыслужвае і ў той жа час, відаць, усіх ненавідзіць. Захацелася, каб калі-небудзь выкрылася, што Кляпнёў — любоўнік Міланы. Няхай бы з’еў самазадаволены Будыка!

Але тут жа засаромелася злосці сваёй і нядобразычлівасці. З-за чаго ёй захацелася няшчасця людзям?

Будыка збіраў вакол сябе слухачоў; яму яўна хацелася першаму і найбольш эфектна расказаць пра Віталію, пра яе маці. Іван Васільевіч не спускаў з яго вока. Аднак адцягваць папярэджанне нельга было: сп’янелы начштаба мог прарвацца ў любы момант.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: