Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
— Саша! — хацела паказаць, што муж яе, які праз усё вяселле быў на дзіва маўклівы і непрыкметны, не такі ўжо ціхоня і недарэка.
Саша не ламаўся. Толькі пастаяў трохі, як бы выбіраючы найлепшы момант. І — кінуўся ў круг, як у мора з высокай палубы. Крутнуўся на адной назе і пачаў так выбіваць, што, напэўна, звінелі люстры і посуд ва ўсім доме на семдзесят кватэр.
Але і флоцкі танец упрыгожвае дзяўчына. Саша затрымаўся перад адной, другой — прасіў. Выйшла Віталія. Пайшла лёгка, проста, сарваўшы з шыі касыначку, памахваючы ёй. Нягледзячы на заліхвацкі, шалёны рытм танца, рухі яе былі на дзіва плаўныя, амаль павольныя. А Саша круціўся вакол яе з касмічнай хуткасцю. Але яна клікала другога, адзінага чалавека ў флоцкай форме — Васіля: для танца не хапала формы. Лада выпхнула брата. Саша сышоў з круга.
Васіль танцаваў горш за сябра — спакойна, можа нават крыху ляніва. Але ў яго была форма. А галоўнае — была пара: ён і яна. А таму з’явілася тая гармонія, той рытм душэўны, які заўсёды вышэй за самае высокае ўменне.
З таго часу, як Віталія, прычасаўшыся, крышачку падфарбаваўшыся, замест бурак абуўшы чаравікі, села за стол, Іван Васільевіч убачыў, як, не ў прыклад сёстрам, Васіль пацягнуўся да дзяўчыны. А яна да яго. Толькі па-рознаму. Віталія — да брата: яна ведала тое, чаго не ведаў ён. Спачатку Івана Васільевіча ўзрадавала такое хуткае іх збліжэнне, такі душэўны кантакт. А праз нейкі час спалохала. Страх ударыў нечакана, як прыступ болю. Захаладала ўсяродку, потым да поту стала горача. Не адной ёй, Віталіі, а многім блізкім людзям мусіць ён сказаць… няпраўду. Не, гэта амаль праўда! Гэта будзе праўдай! Але як яе сустрэнуць Вольга, дзеці? Безумоўна, па-рознаму. Але цяпер яго, па сутнасці, хваляваў толькі сын, больш ніхто. Як паставіцца Васіль? Расчаравала трохі Лада, яе такая халодная насцярожанасць да Віталіі — большая, чым у маці. Можа Вольга проста лепш умее схаваць свае пачуцці? Ва ўсякім разе, Лада ніколі раней, да вяселля свайго ці да прыезду жаніха, не была такая. Неяк яна ўмела хораша ўзняцца над бытам, над старымі, як свет, чалавечымі страсцямі ў касмічныя сферы навукі, і гэта ўзвышала і яе самую і тых, хто быў блізка да яе, — яго, напрыклад. А цяпер яна як звычайная жанчына. А можа ўся мудрасць жыцця менавіта ў гэтым вяртанні назад, да звычайных страсцей, на зямлю?
Загучаў вальс:
— Вальс устарел,— Говорит кое-кто, смеясь,— Век усмотрел в нем отсталость И старость.Разабраліся на пары. Будыка апярэдзіў усіх — падхапіў Віталію. Яны кружыліся сярод моладзі. Валянцін Адамавіч нешта шаптаў дзяўчыне. Віталія весела смяялася. Раўніва чырванела Мілана, стоячы з гаспадыняй у дзвярах.
Кляпнёў не без злоснага намеру распальваў страсці — уголас захапляўся шэфам:
— Во каму зайздрошчу. Больш нікому. Ні маладому, ні генію. Не, вы паглядзіце, якая пастава! Якая грацыя! Маладыя перад ім што глісты…
Іван Васільевіч не зводзіў з гэтай пары вачэй, не прыкмячаючы, што, у сваю чаргу, за ім сочыць жонка; ён баяўся, што ап’янелы, узбуджаны Валянцін можа ляпнуць што-небудзь лішняе. Не вытрымаў. Галантна спыніў іх, папрасіў прабачэння і забраў у сябра яго партнёрку.
Кляпнёў абурыўся:
— Куды лезе! Пігмей…
Вольга Усцінаўна пакрыўдзілася за мужа, але змаўчала.
Як знарок, Васіль пабольшыў гучнасць, і музыка заглушала ўсе словы, смех. Віталія не смяялася пры ім, пры бацьку, зрабілася сур’ёзная, задумлівая.
— Табе падабаецца? — спытаў Іван Васільевіч.
— Я шчаслівая… — але праз момант растлумачыла: — Я шчаслівая, што трапіла на вяселле… Усё так проста… адразу знаёмства з усімі… і я ўжо — як свая… і больш мне нічога не трэба. Толькі пабачыць усіх, пазнаёміцца. Які ў мяне брат! Цуд!
— Як мама?
— О, мама ёсць мама! Яна так не хацела, каб я ехала. Так не хацела. Не разумею — чаму? Чым яна так напалохана, што жыве пад такім страхам?
— Твая маці — мужная жанчына.
— Відаць, мужнасць партызанская і мужнасць… звычайная… жыццёвая ці мацярынская, не ведаю, як сказаць, — розныя рэчы. Шмат хто з вас стаў іншы, чым быў тады.
— Твая маці не стала іншая.
— Вы рэдка бачыце яе.
Завальсіраваў Васіль, адзін, схіліўся перад імі ў нізкім паклоне. І Віталія адразу перакінула рукі з плячэй бацькі на плечы Васіля.
Задаволена рыкнуў Кляпнёў:
— Правільна! У адстаўку старых!
Іван Васільевіч пачуў гэта, але ніколькі не пакрыўдзіўся на Кляпнёва. Было весела, і ўсё прымалася — любыя жарты, любыя словы.
Пасля Васіль амаль увесь час танцаваў з Віталіяй. Ён не таіў свайго заляцання. Нахіляўся да дзяўчыны, шаптаў на вуха, закахана ўдыхаў пах яе валасоў і часам прыстойна і далікатна датыкаўся вуснамі да пасмачак на скронях. Віталія, ап’янелая ад віна, ад радасці, смяялася, магчыма, гучней, чым трэба. Смяяліся ўсе, і на яе ніхто не звяртаў увагі. Акрамя Лады. Іван Васільевіч бачыў, якія позіркі кідала на госцю дачка-нявеста, і гэта адзінае, што трывожыла і засмучала крыху. Няўжо і Лада можа расчараваць? Як Мая. Як зяць. Як Валянцін. Але, і Валянцін, хоць ён тут, вясёлы, задаволены, не прапускае ніводнага танца. Як некаторыя іншыя старыя сябры. За апошнія гады было замнога расчараванняў. Бадай, хопіць. Радаваў сын — вярнуўся назад, у яго бацькоўскае сэрца, такім, пра якога ён марыў. Радавала Лада. І павінна радаваць па-ранейшаму! Трэба змагацца за гэтую радасць! Валагодскі хлопец, што зваліўся як з неба, не павінен — не мае права! — так прызямліць яе, каб яна пазбавіла бацьку шчасця назіраць яе ўзлёт, бачыць, як гэтая родная чарнявая галоўка пранікае ў недасяжныя для многіх глыбіні будовы сусвету.
Віцька Дзюба таксама кахаў Ладу. Цяпер перажывае. Яшчэ больш ускудлачаны і пакамечаны, хадзіў ён з двума бакаламі віна і ўсіх запрашаў выпіць з ім. Але фізік быў п’яны, таму ніхто яго не падтрымліваў. Хлопцам ён казаў:
— Чорт з табой! Ты бяздарны тып.
Гэта абразіла такога ж сп’янелага і засмучанага Фелікса Будыку, і яны траха не счапіліся. Дзюба заліў кандыдату партвейнам новенькі касцюм.
Кляпнёў сказаў Дзюбу:
— Падонак!
— Сам ты падонак, — агрызнуўся студэнт на тоўстага апекуна.
Івану Васільевічу раптам захацелася, каб маленькі Дзюба зрабіў вялікі дэбош — пляснуў Кляпнёву па фізіяноміі. Але ўмяшалася Лада:
— Віця, ты ганьбіш фізікаў.
— Пардон, мадам, — сказаў Дзюба і асушыў нявыпіты бакал. — Я п’ю за ваша шчасце, мадам.
Мілана пайшла замываць сынаў касцюм.
Васілю хацелася танцаваць. З Віталіяй.
У другім пакоі за пустымі сталамі сядзелі паэт і камандзір і вялі бясконцую спрэчку пра партызанскую стратэгію і тактыку.
Пакрыўджаны фізік пайшоў да іх. Паскардзіўся: