Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
Пакрыўдзіла гэта некаторых старых, хоць, напэўна, не столькі іранічная пагроза, колькі зварот «дзяды і бабулі». Сапраўдныя бабулі абурана зашумелі. А моладзь скандзіравала — народ падтрымліваў сваю парламенцёрку. І яна, нахабнае дзяўчо, сцёбала:
— Лада! Табе рана яшчэ ў бабулі. Давай да нас! Сэрцам не старэй!
Лада паглядзела на бацьку, убачыла, што не злуе ён за парушэнне вясельнага парадку, а смяецца — вочы хітра і весела смяюцца, зіркаючы па тварах гасцей. Паднялася, паціснула плячамі. Але як вылезці? Убачыла, што старыя не збіраюцца выпускаць іх. Ды тут дарогу паказаў Стасік: нырнуў пад стол і выскачыў з другога боку. Спыніўся і пераможна глядзеў на цётку, як бы запрашаючы зрабіць па яго прыкладу.
Лада засмяялася, адсунула крэсла ад стала і раптам скамандавала:
— Саша! За мной! — і палезла пад стол. Калі яна вынырнула ў цесным праходзе паміж сталамі, Будыка і Кляпнёў запляскалі ёй:
— Віва, нявеста! Брава!
— Матрос! Не адставай! — крычала Клава збянтэжанаму жаніху, які не адважваўся вылазіць тым жа шляхам. — Усё жыццё будзеш адставаць.
— Стол не вынесі на сабе! — змрочна папярэдзіў Касач.
— Саша! — дакарала Лада, пырскаючы смехам.
Гудзела «ніжняя палата» (так моладзь назвала свой пакой). Узняліся з-за сталоў, стоўпіліся, каб бачыць усё праз адчыненыя дзверы.
— Падніміцеся, бабулі. Прапусціце маладога, не прымушайце хлопца лезці пад стол. Не ганьбіце.
— Нізашто не палез бы!
— Усталі!
— Не, няхай лезе! Правільна, Лада! Камандуй!
— Саша!
— Палундра!
— Матрос! Пакажы клас!
Глянуў жаніх на цесця, якога трохі баяўся і саромеўся, і ўбачыў яго вочы, не суровыя — вясёлыя, гарэзлівыя. Кіўнуў Іван Васільевіч: давай, не саромейся.
І…
— О-па!
Вокам ніхто з гасцей не маргнуў, як хлопец ускочыў на крэсла і… пераляцеў цераз стол. Бухнуў аб падлогу. Забрынчэлі люстра і шыбы, зазвінелі пляшкі і чаркі. Зараўла ад захаплення «ніжняя палата», сустракаючы маладых. Ды і са старых ніхто не абураўся за такую несур’ёзнасць — усе смяяліся. Усім спадабалася такая спрытнасць.
— Сілён, дэльфін, — сказаў паэт. — Вып’ем за фізкультуру і спорт!
Але выткнулася-такі старэчая незадаволенасць:
— Ім можна скакаць. Цераз сталы. Цераз нашы галовы. Скочыў бы я так на сваім вяселлі. Перад бацькам… Ого!
— Пятро! Выкінь, нарэшце, свой дарэвалюцыйны аршын.
— Моладзь цяпер не тая.
— Ох, абрыдла мне гэтае старэчае бурчанне! — сказаў Будыка. — Вядома, не тая. І добра, што не тая. Не той час. Не тыя ўяўленні. Выдатная моладзь. Штурмуе космас…
Зноў пачалася старая, як свет, спрэчка пра сутнасць усяго новага, тая бязладная спрэчка, калі шмат хто не толькі пярэчыць апаненту, але і самому сабе.
А моладзь бухала рогатам і спявала студэнцкую песню:
Наш Саша с детства связан был с землею, Домой таскал и щебень и гранит…Да Івана Васільевіча, на вызваленае Ладай месца, падсеў былы таварыш па рабоце галоўны ветурач Захар Карнеевіч, чалавек сціплы, сур’ёзны, не балбатун, не пляткар. А тут зашаптаў на вуха:
— Слухай, кажуць, там, угары, была думка: узяць цябе саветнікам ва ўрад. Запыталі нашага шэфа — дык, кажуць, ён супраць выказаўся. Што ён мае да цябе? Баіцца, ці што? Не чуў?
— Не, не чуў. Мяне гэта мала цікавіць, Захар.
— Ды як сказаць! Усе мы людзі.
Чуў, што яму намерваліся прапанаваць гэтую пасаду. Не чуў, што запярэчыў чалавек, з якім працавалі многа гадоў і, здавалася, дружылі. Ва ўсякім разе, разумелі адзін аднаго. Сказаў няпраўду, што мала цікавіць такое пярэчанне. Не магло не ўразіць — хто пярэчыць. Калі праўда гэта — завошта яшчэ адзін стары сябра, недурны, паважаны кіраўнік, захацеў ударыць яго, ляжачага? Тады, калі разбіралі яго персанальную справу, трымаўся даволі прыстойна, нават, здаецца, спрабаваў абараняць.
Апанавала злосць. Не на таго. На сябра-шаптуна. На д’ябла яму спатрэбілася казаць пра гэта тут, за вясельным сталом? Ад бестактоўнасці, ад глупства? Ці можа знарок? Можа за дваццаць гадоў сумеснай працы ён, Антанюк, так і не раскусіў гэтага Захара Карнеевіча, ціхага, далікатнага, таварыскага, заўсёды гатовага падзяліцца з саслужыўцамі апошнім кавалкам? Дзе ж яго далікатнасць, душэўная чуласць? Можа вось такі ціхоня піша ананімкі? Яны добра сябравалі, часта разам ездзілі ў камандзіроўкі, жылі ў адным пакоі ў гасцініцы, і ў парыве душэўнай шчырасці ён, Антанюк, расказваў Захару пра Надзю, ды і пра братоў Казюраў, здаецца, таксама.
Успомніў ананімкі — і зусім сапсаваўся настрой. Якім падлюгам трэба быць, каб нават Марыне, шматпакутнай маці, напісаць такую брыдкую хлусню! Няўжо такі тып можа сядзець сярод гасцей?
Усё адразу зрабілася змрочным. Зноў здалося недарэчным само вяселле. Такое паспешлівае. Колькі Лада ведала гэтага хлопца? Два-тры тыдні страчалася там, у гарах. Ды і то наўрад ці кожны дзень. Хіба ў самаволку бегаў? Чаму жаніх не дамогся, каб прыехалі бацькі яго?
Сорамна зрабілася за ўласныя паводзіны. Гэта ж праяўленне бесхарактарнасці — згода на такое вяселле. Як зачараваны. Ды яшчэ, як дурань, высунуўшы язык, тры дні лётаў па магазінах, па рынках, цягаў напіткі, прадукты, траціў апошнія зберажэнні. Каб усё гэта за вечар зжэрлі людзі, якія можа ў душы смяюцца з яго.