Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Узлаваўся на Ладу: такі розум і такая легкадумнасць! Лаяў Вольгу: няхай бы хоць яна, старая гуска, загагатала, што адлятае апошняе дзіця! Дык не ж! Плакала, пэўна, ад радасці — дачка выходзіць замуж! А куды? За каго? Навошта? Усё недарэчна. Усё. Камедыя нейкая. Фарс. Нявеста лезе пад стол. Жаніх скача цераз стол. Чорт ведае што!

Маладыя зубаскалы таксама пэўна здзекуюцца:

Он жизнь решил закончить холостую И стал бороться за семейный быт…

Каб перакрычаць іх, разявіла рот старая дурніца. На кожнай вечарынцы вішчыць, як зашчэмленае ў плоце парасё. Жонка селекцыянера-бульбяніка. Выведзеныя ім гатункі не многа далі прыбытку калгасам, але яму далі і кандыдацкую і доктарскую ступень. Між іншым, ходзяць плёткі, што дысертацыі і брашуры за яго піша гэтая віскуха. Калі ў яе хапае часу развучваць усе новыя песні?

Издалека долго Течет река Волга, Течет река Волга — Конца и края нет.

— Падпявай, Іван. Чаму нос павесіў?

«Ненавіджу гэтае п’янае вішчанне. А зяць як стараецца! Ты глядзі. Ніколі, здаецца, не спяваў. Шэфу свайму новаму паказвае спрыт і ўменне. Вачамі есць Будыкаў. Як жа, ашчаслівіў Валянцін Адамавіч — на трыццаць рублёў большую зарплату даў. Начхаць яму цяпер на цесця, які вучыў, карміў, адзяваў, кватэру памог атрымаць… Але чорт з ім, з зяцем! Лада, Лада… — боль працяў сэрца. — Ты была надзеяй і радасцю. Куды ж ты цяпер паляціш? Кім станеш? Жонкай марака? Лесавода? А твая фізіка?»

Агарнуў такі смутак, што хацелася завыць. Быццам хаваў дачку, а не аддаваў замуж. І Вольга невясёлая. Прымасцілася на краі стала, як дальняя сваячка. Больш ён не злаваўся на жонку. Шкадаваў.

«Хадзі, сядзь побач. Я абдыму цябе. І мы разам паплачам, як плакалі бацькі на сялянскіх вяселлях, у даўнія часы. І нікога гэта не здзіўляла».

Среди хлебов спелых, Среди снегов белых Течет моя Волга, А мне семнадцать лет.

Мужчынскі бас перакрыў віскуху:

Гляжу в тебя, Волга, Седьмой десяток лет.

— Хто-небудзь беларускую песню ведае? — спытаў паэт.

Тут жа пацвердзілі, што ведаюць, — колькі галасоў зацягнула:

Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры…

— О божа! Каб гэтак мусолілі маю песню, я пакінуў бы пісаць. Ёсць у народа такія песні…

— Ша!

— Увага!

— Спявае паэт!

Хвалілася каліначка за ракой, Хвалілася каліначка за ракой: Ніхто мяне не высеча за вадой…

— Не трэба, — ціха папрасіў Іван Васільевіч.

Адразу пачуў і адразу зразумеў паэт. Сціх. Прапанаваў:

— Вып’ем за бацькоўскі смутак.

Падхапілася і пайшла на кухню Вольга Усцінаўна.

«Ідзі, вылі на адзіноце свой смутак».

Нічога толькі не зразумела атлусцелая, заўсёды задаволеная віскуха — загаласіла:

У моря, у синего моря Со мною ты рядом, со мною.

І нельга яе папрасіць: не трэба.

За спевам, падхопленым яшчэ дзвюма-трыма жанчынамі, Іван Васільевіч не чуў званка, не бачыў, хто адчыніў дзверы, нехта з моладзі. Але раптам убачыў у калідоры… Віталію.

Яна стаяла ў паліто, у белай хустцы, з чамаданам у руцэ і… вінавата ўсміхалася.

— Прапусціце мяне, — сказаў Іван Васільевіч ашаломленым гасцям, якія не адразу ўцямілі, што здарылася, чаму гаспадар так нечакана падхапіўся. Не ўсе адразу нават падняліся. Ён праціснуўся паміж сталамі і крэсламі, наступаючы гасцям на ногі.

— Віта! Добры вечар! — не абняў, не працягнуў руку, а ўзяў чамадан і… разгубіўся, як хлапчук; не ведаў, што рабіць далей, што казаць. — А ў нас — вяселле. Лада выходзіць замуж.

— Я віншую вас, — сказала Віталія скупа, амаль афіцыйна.

Іван Васільевіч убачыў жонку, яна выглянула з кухні і здзіўлена глядзела на незнаёмую.

— Вольга, гэта — Віталія, — разумеў недарэчнасць такога прадстаўлення, бо так і не выбраў часу, не адважыўся расказаць жонцы пра дзяўчыну, якая вось так неспадзявана можа прыехаць.

Вольга Усцінаўна звыклася з тым, што да мужа прыязджалі розныя людзі. Але, убачыўшы, як ён збянтэжыўся, здагадалася, што дзяўчына гэтая не звычайная знаёмая па былой рабоце, не нейкая аграномію ці льнаводка — што мае яна дачыненне да яго партызанскай славы, баявой і некаторай іншай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: