Шамякін Іван Пятровіч
Шрифт:
«Валька, чорт, я цябе таксама люблю, хоць ты і свіння!» — хацелася крыкнуць, зарагатаць. Але не крыкнуў. Толькі торкнуў кулаком у Будыкаў мяккі жывот. Гасцінна сказаў:
— Пайшлі, пузан, каньяк піць.
За сталом сядзелі хораша. Весела. Успаміналі розныя прыемныя дробязі з мінулых сустрэч, з сумесных паездак на курорты. Жартавалі. Жанчыны цадзілі шампанскае. Мужчыны патроху каўталі «мядзведзя». Але бяседу іх неспадзявана перапынілі. Спачатку — тэлефонным званком. Папрасілі Будыку. Ён коратка паслухаў і адразу дазволіў:
— Добра. Заходзь.
— Хто гэта? — спытаў Іван Васільевіч.
— Кляпнёў.
— Кляпнёў?!
— Ён едзе сёння ў камандзіроўку ў Маскву. Трэба падпісаць адно пісьмо.
Што ж, трэба дык трэба, адказнаму работніку няма спакою ні ў выхадны, ні ў гасцях. Антанюк гэта ведаў па сваёй рабоце.
Кляпнёў заглянуў з калідора, убачыў накрыты стол, зрабіў выгляд, што збянтэжыўся, доўга і мнагаслоўна прасіў прабачэння ў гаспадыні. Анёл, а не чалавек. Увасабленне найвышэйшай этыкі.
Іван Васільевіч адразу адзначыў: Кляпнёў з ім зноў на «вы» — з павагай, не так, як у апошняе паляванне ў Белавежы.
«Во барометр, сабачы сын!» — але ў той жа час было і прыемна.
Яшчэ раз папрасіўшы прабачэння, Кляпнёў сказаў, што распранацца не будзе, бо дужа спяшаецца — да цягніка ўсяго тры гадзіны, а ў яго яшчэ не сабраны чамадан.
Будыка, не чытаючы, падпісаў нейкія два дакументы і, вяртаючы іх Кляпнёву, спытаў:
— Дык можа возьмеш з намі на дарогу?
Эдзік каўтануў сліну і аблізаў тоўстыя вусны.
— Калі гаспадары дазволяць…
— Калі ласка, калі ласка, — шчыра запрасіла добрая Вольга Усцінаўна, якая ў той вечар гатова была прыняць хоць сотню гасцей.
Кляпнёў пайшоў у калідор, скінуў сваё шыкоўнае, кароткае — па апошняй модзе — і лёгкае, на паралоне, паліто і вярнуўся назад… з бутэлькай кубінскага рому.
Адна Вольга Усцінаўна, якая ўмела лавіць кожны мужаў душэўны рух, убачыла, як Іван перасмыкнуўся, як змяніўся з твару. Спалохалася. Вачамі прасіла, маліла, каб маўчаў. Навошта псаваць такі вечар?
Калі Кляпнёў выпіў чарку, другую і ўвайшоў у сваю натуральную ролю ўсязнайкі і балбатуна, Іван Васільевіч раптам ціхенька войкнуў і схапіўся за сэрца.
— Ваня! Што з табой? — жонка не на жарт спалохалася.
— Усё тое ж. Спазмы. Дай валакардзін.
— Можа выклікаць урача?
— Не, не трэба. Я паляжу. О-о, як сціснула!
Будыка і Кляпнёў асцярожна, пад рукі завялі яго ў кабінет і паклалі на канапу.
Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў.
— Я выклічу «хуткую».
— Ды пачакай. Ведаеш жа, што я не люблю гэтых эскулапаў. Адразу калоць пачнуць.
Пасля чуў праз дзверы: дзесьці ў калідоры заклапочана шапталіся Вольга і Будыкі. А Кляпнёў цадзіў над фужэрам кубінскі ром, выдумалі такі адмысловы корак, што, каб наліць, трэба спачатку добра патрэсці. І піў залпам. Задужа дарагое пітво, каб пакідаць. Во свіння!
Валянцін Адамавіч увайшоў на пятках, каб не рыпець чаравікамі.
— Ну, як ты?
— Нічога. Лепей трохі. Прабач, што сапсаваў абедню.
— Што ты, дзівак. Ты прабач, што мы ўварваліся. Але не думаў, што і ў цябе маторчык пачаў здаваць… Падкасілі яны цябе, гэтыя два гады… адпачынку. Ну, ляжы. Мы пойдзем. Будзь здароў.
На развітанне Кляпнёў з-за дзвярэй прыглушаным голасам прапанаваў тост:
— За ваша здароўе, Іван Васільевіч.
Правёўшы гасцей, Вольга Усцінаўна на насочках, у адных панчохах, увайшла і ўсхвалявана спытала:
— Як ты, Ваня?
У адказ Ваня падкінуў трохі не да столі ногі, скаціўся на падлогу і пайшоў па дыване… на руках. Перад жонкай перакуліўся цераз галаву і стаў на ногі.
— А вось так!
Ашаломленая Жанчына спачатку жахнулася, потым засмяялася, нарэшце незласліва абурылася:
— Як табе не сорамна! Так напалохаў! А я думаю: што «ўсё тое ж»? Якія спазмы? І валакардзін адна я п’ю.
— Прабач, Вольга. Але калі я падумаў, што трэба тры гадзіны слухаць балбатню гэтага прайдзісвета… Ды цяпер і не веру, што ён сёння едзе ў Маскву… Мне і сапраўды трохі не стала млосна… Сядзеў і ламаў галаву: што выдумаць?
— Але і выдумаў! А хочаш — і я цябе здзіўлю? Мілана сватала Ладу… за Фелікса… Кажа, ён прызнаўся, што Лада падабаецца яму.