Вход/Регистрация
Снежныя зімы
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Чуў, што сказаў Дуглас-Х’юм у сваім апошнім інтэрв’ю пра змены ў нас?

— Не меў шчасця прысутнічаць на яго прэс-канферэнцыі.

— О, з тыповай англійскай дасціпнасцю! Кажа, як усё ў дваццатым стагоддзі парадаксальна: самы красамоўны дзеяч сышоў са сцэны, не сказаўшы ніводнага слова.

— Акуратна ты слухаеш брахуноў,— не без уедлівасці кінуў Антанюк.

Будыка зарагатаў гучна-раскаціста, быццам гром пракаціўся, паступова заціхаючы. Іван Васільевіч падумаў, што зяць яго рагоча залішне коратка, а вось гэты вучоны муж залішне доўга. Па рангу.

— Мне прысылаюць бюлетэнь замежнай інфармацыі.

— Добры ў цябе настрой сёння.

— А чаму ён павінен быць кепскі? Усё, што робіцца, робіцца на лепшае. Паслухай людзей, ад якіх ты адарваўся.

«Яшчэ адзін з тых, хто лічыць, што не аддзяляе сябе ад народу».

— Дзе мне слухаць! На «інфаркт-штрасе», дзе шпацыруюць пенсіянеры?

— А што ты скажаш, калі я паведамлю, што маецца думка вярнуць цябе на работу?

Антанюк адчуў, як тахкнула сэрца, кроў ударыла ў скроні. Але за імгненнай радасцю — злосць.

— А я не хачу. Мне добра пенсіянерам.

— Спадабалася сядзець у кустах? Не хлусі, Іван. Скажы каму іншаму, не мне. Я цябе ведаю як аблупленага. Наскрозь бачу. З тваім партыйным сумленнем, з тваёй энергіяй…

— Людзі мяняюцца, дарагі Валянцін Адамавіч. У цябе даўно ўжо не было жадання заглянуць мне ў душу… А я ўжо не той…

— Не папракай. Ты ведаеш, як я быў заняты гэты час. Ты ўяўляеш, што значыць доктарская?! З усіх тваіх якасцей я ведаю дзве, якія нямала рабілі клопату і табе і другім: упартасць і гонар, проста-такі шляхецкі, як у маёй жонкі…

— У мяне яшчэ заўсёды была свая ўласная думка. Не забывай, калі ласка, пра гэта.

— З-за ўпартасці і гонару ты можаш адмовіцца. Ну, і будзеш дурань! Праз год-два на цябе забудуць. А ты мог бы яшчэ папрацаваць з карысцю… для народу.

— Ты ўгаворваеш так, быццам сватаеш да сябе.

— О, каб мне аддалі цябе, я знайшоў бы табе пасаду, хоць ты і не тэхнік!

— Кляпнёва замяніць не магу.

— Што ты тыцкаеш у вочы гэтым Кляпнёвым! Ты трымаў каля сябе Кацара, я — Кляпнёва. Калі па вушы загружаны работай, навукай, грамадскай дзейнасцю, трэба, каб табе памагаў вось такі арганізатар… Інакш запарышся.

— Мне крыўдна за Кацара, што ты раўняеш яго з Кляпнёвым. Кацар быў спецыяліст, светлая галава, найлепшы рэферэнт па эканоміцы. Чалавек згарэў на рабоце.

— Пра нябожчыкаў гавораць толькі добрае. Ведаю. А ты скажы пра мяне, жывога, добрае слова. І нават пра Кляпнёва. Пра такога, які ён ёсць, з усімі грахамі. А я скажу пра цябе. У гэтым сутнасць сяброўскай узаемападтрымкі…

— А як жа з крытыкай? — прыжмурыў вочы Антанюк, з цікавасцю разглядаючы мажную постаць сябра.

Будыка зарагатаў зноў гэтак жа — доўга, раскаціста.

— А цябе, Іван, з тваіх прынцыповых пазіцый нічым нельга сапхнуць, — і, перапыніўшы смех, сур’ёзна сказаў: — За гэта я люблю цябе. За чысціню тваіх намераў.

— Дзякуй. Даўно ўжо не чуў я прызнанняў у любові.

— Не іранізуй, Іван, з самага святога — з дружбы. Май на ўвазе, іронія псуе чалавека. Можаш зрабіцца скептыкам і цынікам. Сам сабе перастанеш верыць.

— Не турбуйся. Мая вера ў сябе вельмі трывалая.

— Толькі ў сябе?

— Іў добрых людзей.

— А мяне да якіх залічваеш?

— Цябе? Да сярэдненькіх.

Будыка не загрымеў рогатам, а нечакана рассыпаў незнаёмы дробненькі смяшок, нядоўгі — як жменю пацерак сыпануў на падлогу.

— Дзякуй. Магу спадзявацца, што атрымаю вышэйшую атэстацыю?

— Пастарайся.

— Ох, Іван, Іван. Уяўляю, як Вользе з табой. З такім характарам…

— Захацелася паплакаць над яе лёсам? — Антанюк адным махам, з акрабатычнай імклівасцю спусціў ногі, сунуў іх у тапкі, падхапіўся, гатовы, здалося, да бойкі.— Плакальшчык! — і вылаяўся.

Валянцін Адамавіч стаяў пасярод пакоя, спакойны, добры, з вышыні глядзеў на сябра і ўсміхаўся, лагодна, амаль з замілаваннем, як бы кажучы: «І такога я цябе люблю!»

— Ты, Іван, мяне здзіўляеш і захапляеш. У партызанах пры ўсёй энергіі ты часам здаваўся флегматыкам. Самы разважлівы камандзір!.. А пад старасць робішся халерыкам… І халерай! — і засмяяўся, не зарагатаў, а засмяяўся натуральна.

Смех гэты, знаёмы яшчэ з тых часоў, калі яны спалі ў адной зямлянцы, дзіўным чынам падзейнічаў на Івана Васільевіча: як свежы ветрык, у міг здзьмуў раздражнёнасць, узлаванасць. Захацелася кінуцца на гэтага манументальна-паважнага асілка, паваліць на падлогу, выпэцкаць, пакамечыць яго дарагі касцюм.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: