Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыдні добра зарабіла. Старыя казлы адчулі ўжо вясну. Завязу ёй новае паліто. Шарсцяное, чырвонага колеру.

— Апошні крык моды, — сказаў я.

Роза заззяла.

— Ты — джэнтльмен, Робі.

— Каб ты толькі не памылілася, — сказаў я. — Давай вып'ем разам. Анісаўкі, ці што?

Яна згодна кіўнула. Мы чокнуліся.

— Скажы, Роза, як ты адносішся да кахання? — спытаў я. — Ты ж разбіраешся ў гэтай справе.

Яна гучна зарагатала.

— Кінь ты, — сказала яна. — Каханне! Ах, мой Артур… калі я думаю пра нягодніка, я і цяпер адчуваю слабасць у каленках. Я табе скажу, Робі, сур'ёзна: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Проста занадта доўгае. Гэта мне даказаў мой Артур, калі змыўся. І гэта так. Каханне — гэта цудоўна. Але бывае, аднаму здаецца, што яно зацягнулася. А другі сядзіць і ўпарта чакае. Чакае, як вар'ят.

— Зразумела, — сказаў я. — Але ж і без кахання ты як нябожчык на адпачынку.

— Бяры прыклад з мяне, — адказала Роза. — Нажыві дзіця. У цябе будзе каго любіць, і ты супакоішся.

— Разумна, — сказаў я. — Толькі гэтага мне і не хапала.

Роза задумліва захітала галавой.

— Якой лупцоўкі я паспытала ад свайго Артура… і ўсё роўна, калі б ён зараз увайшоў… капялюш на патыліцы… Дарагі мой! Толькі ад думкі пра яго я дрыжу ўся.

— Вып'ем за здароўе Артура! — сказаў я.

Роза засмяялася.

— Няхай жыве блядун! Будзь здароў!

Мы выпілі.

— Да пабачэння, Роза. Жадаю поспеху ўвечары.

— Дзякуй! Да пабачэння, Робі!

Стукнулі дзверы ў калідоры.

— Прывітанне, — сказала Патрыцыя Хольман. — Так глыбока задумаўся?

— Ды не. Але… як пажываеце? Паправіліся? А што балела?

— А-а, нічога асаблівага. Прастудзілася, паднялася тэмпература.

Яна не выглядала хворай і зняможанай. Наадварот, яе вочы, здавалася, яшчэ ніколі не былі такія вялікія і ззяючыя. Твар крыху расчырванеўся, а рухі былі плаўныя, як у маладога прыгожага звярка.

— У вас цудоўны выгляд, — сказаў я. — Зусім здаровы! Мы можам зрабіць процьму цікавых спраў.

— Гэта было б выдатна, — адказала яна. — Але не сёння. Сёння я не магу.

Я ўтаропіўся на яе, не разумеючы.

— Вы не можаце?

Яна адмоўна пахітала галавой.

— На жаль, не магу.

Я ўсё яшчэ не разумеў. Мне здалося, што ёй не падабаецца мая каморка і таму яна вырашыла павячэраць у іншым месцы.

— Я ўжо тэлефанавала вам, — сказала яна, — каб вы дарма не прыходзілі. Але вас ужо не было.

Нарэшце я зразумеў.

— Вы сапраўды не можаце? На ўвесь вечар? — спытаў я.

— Сёння не магу. Мне трэба пайсці ў іншае месца. На жаль, я даведалася пра гэта толькі паўгадзіны назад.

— І нельга перанесці?

— Не, ніяк. — Яна ўсміхнулася. — Нешта накшталт дзелавога спаткання.

Мяне нібы абухом аглушылі. Я разлічваў на ўсё, толькі не на гэта. Я не верыў ніводнаму яе слову. Дзелавое спатканне — яна не была падобна да «дзелавой»! Магчыма, гэта толькі адгаворка. Нават напэўна. Якія дзелавыя перагаворы вядуцца ўвечары? Такія справы робяцца зранку. І пра іх не даведваюцца за паўгадзіны. Яна проста не хацела, і ўсё!

Я быў пакрыўджаны, як малое дзіця. Толькі цяпер я ўсвядоміў сабе, з якой радасцю я чакаў вечара. Я злаваўся на сябе, што так пакрыўдзіўся, але не хацеў, каб яна заўважыла гэта.

— Ну добра, — сказаў я. — Нічога не зробіш. Да пабачэння.

Яна пранікліва зірнула на мяне.

— Я не спяшаюся. Я дамовілася на дзевяць. Мы можам яшчэ прагуляцца. Цэлы тыдзень я не была на свежым паветры.

— Добра, — сказаў я з пачуццём нязгоды. Я раптам адчуў сябе змораным і спустошаным.

Мы пайшлі па вуліцы. Вечар праясніўся, паміж дахамі мігцелі зоркі. Мы праходзілі міма садка, дзе ў цені было некалькі кустарнікаў. Патрыцыя Хольман спынілася.

— Бэз, — сказала яна. — Пахне бэзам. Але ж не можа быць, яшчэ не пара.

— Я не адчуваю ніякага паху, — адказаў я.

— Няўжо?

Яна перагнулася праз агароджу.

— Гэта «дафна індзіка», шаноўная пані, — пачуўся грубы голас са змроку.

У садзе, прыхіліўшыся да дрэва, стаяў садоўнік у шапцы з латуннай бляхай. Ён падышоў, крыху хістаючыся. З кішэні паблісквала рыльца бутэлькі.

— Мы сёння пасадзілі яе, — заявіў ён і зрабіў магутны глыток. — Вось яна і пахне.

— Вялікі дзякуй, — сказала Патрыцыя Хольман і павярнулася да мяне. — І цяпер не адчуваеце?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: