Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Цяпер пачуў, — адказаў я з неахвотай. — Пах добрай старой хлебнай гарэлкі.

— Адгадаў! — Чалавек у цяні па-маладзецку адрыгнуў.

Я выдатна адчуваў саладжавы водар — пах, які плыў у мяккім змроку. Але прызнавацца ў тым мне не хацелася нізашто на свеце. Дзяўчына засмяялася і пацягнулася.

— Як цудоўна — пасля працяглага палону ў пакоі! Вельмі шкада, што мне трэба ісці. Гэты Біндзінг заўсёды ў спешцы, заўсёды ў апошні момант… ён сапраўды мог бы адкласці справу на заўтра.

— Біндзінг? — спытаў я. — Вы дамовіліся з Біндзінгам?

Яна кіўнула.

— З Біндзінгам і яшчэ з некім. З гэтым некім усё і звязана. Важная справа. Можаце зразумець?

— Не, — адказаў я. — Гэтага я зразумець не магу.

Яна засмяялася, працягваючы гаварыць. Але я не слухаў. Біндзінг — гэта прозвішча было для мяне як гром з яснага неба. Я не думаў пра тое, што яго яна ведае даўней, чым мяне, я толькі бачыў яго агромністы бліскучы «б'юік», дарагі касцюм і кашалёк. Мая бедная, адважная, упрыгожаная каморка! Што я ўявіў сабе! Лямпа ад Хасэ, крэслы ад Залеўскі! Дзяўчына ўвогуле была мне не пара! Хто я такі? Пешаход, які пазычыў аднойчы «кадзілак», варты жалю п'яніца, больш нічога! Такіх процьма на кожным рагу! Я ўжо бачыў, як швейцар у «Лазе» аддае чэсць Біндзінгу, я бачыў светлыя, цёплыя, дагледжаныя пакоі, дым цыгарэт і элегантных мужчын, я чуў музыку і смех з мяне. Назад, хутчэй назад! Прадчуванне, надзея… чаго яны вартыя? Неразумна было на штосьці разлічваць. Толькі назад!

— Калі хочаце, мы можам сустрэцца заўтра ўвечары, — сказала Патрыцыя Хольман.

— Заўтра ў мяне не будзе часу, — адказаў я.

— Альбо паслязаўтра, ці ў любы дзень тыдня. У наступныя дні я вольная.

— Цяжка абяцаць, — сказаў я. — Мы сёння атрымалі заказ, відаць, прыйдзецца працаваць увесь тыдзень да позняй ночы.

Я хлусіў, але інакш не мог. Раптам я адчуў у сабе незвычайную злосць і ганьбу.

Мы перайшлі плошчу і пайшлі па вуліцы каля могілак. Я ўбачыў Розу, якая ішла ад «Інтэрнацыяналя». Яе высокія боты блішчалі. Я мог бы звярнуць некуды ўбок і пры звычайных абставінах так і зрабіў бы. Але цяпер я пайшоў ёй насустрач. Роза глядзела міма мяне, быццам мы незнаёмыя. Гэта зразумела. Ніводная з гэтых дзяўчат не пазнае цябе на вуліцы, калі ты не адзін.

— Прывітанне, Роза, — сказаў я.

Яна спачатку разгублена глянула на мяне, потым на Патрыцыю, потым паспешліва кіўнула галавой і ў неўразуменні пайшла далей. Праз некалькі крокаў ішла Фрыцы, памахваючы сумачкай. Чырвоныя вусны гарэлі, сцёгны віхляліся. Яна абыякава зірнула праз мяне, як праз шкляную шыбіну.

— Дзень добры, Фрыцы, — сказаў я.

Яна, нібы каралева, нахіліла галаву і нічым не выдала свайго здзіўлення. Але калі мы размінуліся, я пачуў, што яна наддала хады, каб абмеркаваць з Розай. Я ўсё яшчэ мог звярнуць у бакавую вуліцу, бо я ведаў, што пойдуць і астатнія — была пара першага абходу. Але заўпарціўшыся, я ішоў напрасткі. Чаму я павінен пазбягаць іх? Я іх ведаў куды лепш, чым гэтую дзяўчыну побач, з яе Біндзінгам і з яго «б'юікам». Няхай яна бачыць, няхай разгледзіць усіх грунтоўна.

Усе яны ішлі адна за адной, асветленыя ліхтарамі: прыгажуня Валі — бледная, танклявая, элегантная; Ліна на драўлянай назе, прысадзістая Эрна, кураня Марыён, чырванашчокая Марго, падобны да жанчыны Кікі ў трусіным палітоне і нарэшце — Мімі, бабуля з хворымі нагамі, падобная да абшчыпанай савы. Я вітаўся з усімі, а калі мы потым праходзілі міма «мамкі» з сасіскамі, я ад усяго сэрца паціснуў ёй руку.

— У вас тут шмат знаёмых, — сказала Патрыцыя Хольман праз нейкі час.

— Такіх хапае, — адказаў я ўпарта.

Я заўважыў, што яна зірнула на мяне.

— Мне здаецца, што нам час вяртацца, — сказала яна праз хвіліну.

— Так, — адказаў я. — І мне здаецца.

Мы спыніліся каля дзвярэй дома.

— Усяго вам добрага, — сказаў я. — І шмат радасці.

Яна не адказала. З цяжкасцю я перавёў позірк з кнопкі званка на яе. І сапраўды: я не паверыў сваім вачам, яна стаяла, і замест крыўды ў вачах у яе гарэлі агеньчыкі, рот крывіўся ва ўсмешцы, а потым яна засмяялася шчыра і бестурботна, яна проста засмяялася з мяне.

— Вы — малое дзіця, — сказала яна, — божа мой, якое вы малое дзіця!

Я ўтаропіўся на яе.

— Ну добра, — сказаў я, — як бы то ні было… — і раптам зразумеў сітуацыю. — Вы, мусіць, лічыце, што я паводжу сябе як ідыёт?

Яна засмяялася. Я хутка зрабіў крок наперад і моцна прыцягнуў яе да сябе. Няхай думае, што хоча. Яе валасы дакрануліся да маёй шчакі, яе твар быў побач з маім, я адчуў слабы персікавы пах яе скуры. Потым яе вочы наблізіліся, і я адчуў слодыч яе вуснаў…

Яна пабегла, не даўшы мне апамятацца.

Я вяртаўся міма «мамкі» з сасіскамі.

— Дай мне добрую порцыю, — сказаў я, ззяючы.

— З гарчыцай?

Я, стоячы, з вялікай асалодай з'еў сасіску. Алоіс прынёс мне з «Інтэрнацыяналя» куфаль піва.

— Чалавек — смешнае стварэнне, праўда, мамка? — сказаў я.

— Ты, відаць, маеш рацыю, — ахвотна адказала яна. — Учора падыходзіць пан, з'ядае дзве венскія сасіскі з гарчыцай, а потым не мае чым заплаціць. І вось, ужо позна, ніводнага чалавека паблізу, што тут зробіш, вядома, я яго ўпусціла. І ўяві, сёння ён з'яўляецца зноў, плаціць за ўчарашнія сасіскі і дае мне яшчэ гасцінца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: