Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
Калі мы сабраліся ад'язджаць, мы хацелі забраць з сабой рэшту прадуктаў, прынесеных Альфонсам. Іх хапіла б, каб накарміць некалькі чалавек. Але мы знайшлі толькі паперу, на якой яны ляжалі.
— Што за д'ябал, — сказаў Ленц. — А! — Ён паказаў на Юпа, які сарамліва ўсміхаўся. У яго яшчэ былі поўныя жмені, а жывот напяўся, як бубен.
— Таксама рэкорд!
Пасля абеду ў Альфонса мне здалося, што Патрыцыя Хольман карыстаецца занадта вялікім поспехам. Я выпадкова пачуў, што Граў зноў прапанаваў намаляваць яе. Яна засмяялася і сказала, што ў яе не хопіць цярпення. Лепш сфатаграфавацца.
— Гэта яму якраз больш падыходзіць, — пакпіў я. — Магчыма, ён намалюе вас з фатаграфіі.
— Спакойна, Робі, — адказаў Фердынанд упэўнена і ўтаропіўся на Пат сваімі вялізнымі блакітнымі, як у дзіцяці, вачыма. — Гарэлка робіць цябе злосным, мяне — чалавечным. Вось у чым розніца паміж нашымі пакаленнямі.
— Ён гадоў на дзесяць старэйшы за мяне, — сказаў я.
— Сёння гэта розніца на цэлае пакаленне, — працягваў Фердынанд. — Розніца на цэлае жыццё. Розніца на тысячагоддзе. Што вы, хлопцы, ведаеце пра жыццё? Вы ж баіцеся сваіх пачуццяў. Вы не пішаце лістоў, а тэлефануеце. Вы больш не марыце, замест гэтага выязджаеце на выхадны за горад. Вы разважлівыя ў каханні і неразважлівыя ў палітыцы — пакаленне, вартае жалю!
Я слухаў яго толькі адным вухам. Другім я слухаў Браўмюлера. Ён, ужо хістаючыся, даводзіў Патрыцыі Хольман, што яна абавязкова павінна браць у яго ўрокі язды на машыне. Ён пакажа ёй усё, што ўмее.
Пры першай магчымасці я адвёў яго ўбок.
— Вельмі шкодна для здароўя, Тэа, асабліва спартсмену, калі ён зашмат завіхаецца каля жанчыны.
— Толькі не мне, — адказаў Браўмюлер. — У мяне здароўе — надзіва!
— Цудоўна. Тады я скажу пра тое, што шкодна і табе: атрымаць вось гэтай бутэлькай па галаве.
Ён крыва ўсміхнуўся.
— Схавай свой меч, хлапчук. Ты ведаеш, па чым пазнаюць кавалера? Па прыстойных паводзінах, калі ён нап'ецца. А ты ведаеш, хто я?
— Хвалько!
Я не баяўся, што нехта з іх сапраўды паспрабуе адбіць яе. Такога ў нас не было. Але я не быў упэўнены, як павядзе сябе дзяўчына. Магло ж так здарыцца, што нехта з іх спадабаецца ёй. Мы занадта мала ведалі адно аднаго, каб быць упэўненымі. А ці была яна — упэўненасць — увогуле?
— Ці не знікнуць нам непрыкметна? — спытаў я.
Яна згодна кіўнула.
Мы хадзілі па вуліцах. Зрабілася сыра. Туманы паволі апускаліся на горад, зялёныя і срабрыстыя туманы. Я ўзяў руку Пат і схаваў яе ў кішэні свайго паліто. Так мы блукалі доўга.
— Змарылася? — спытаў я.
Яна пахітала галавой і заўсміхалася. Я паказваў ёй на кавярні, міма якіх мы праходзілі.
— Зойдзем куды-небудзь?
— Не. Больш туды не хачу.
Мы пайшлі далей і падышлі да могілак. Яны напаміналі ціхі востраў сярод каменнай плыні дамоў. Дрэвы шумелі. Іх кроны патаналі ў змроку. Мы знайшлі свабодную лаўку і селі.
Ліхтары перад намі каля вуліцы былі акружаны мігатлівымі аранжавымі німбамі. У тумане, які ўсё гусцеў, святло вытварала казачныя цуды. Хрушчы ап'янела выляталі з ліп, кружыліся вакол ліхтароў і цяжка біліся аб вільготныя плафоны. Туман ператварыў усё, ён падымаў прадметы і вызваляў іх. Гатэль насупраць ужо плыў, як акіянскі карабель з асветленымі каютамі, над чорным люстэркам асфальту, шэры цень царквы ператварыўся ў прывідны паруснік з высокімі мачтамі, якія губляліся ў чырвона-шэрым святле, і ўжо паплылі караваны дамоў.
Мы моўчкі сядзелі поплеч. Туман усё зрабіў нерэальным… і нас таксама. Я зірнуў на дзяўчыну: у яе шырокіх вачах адбіваўся бляск ліхтароў.
— Падсунься, — сказаў я, — ідзі бліжэй да мяне, а то цябе знясе туман…
Яна павярнулася да мяне тварам. Яна ўсміхалася, рот у яе быў крыху адкрыты, блішчалі зубы, яе вочы адкрыта глядзелі на мяне, але мне здавалася, быццам яна не бачыць мяне, быццам яна ўсміхаецца не мне, а проста ў шэра-срабрыстую плынь, быццам яе ўсхвалявалі казачныя павевы ў кронах, кроплі, якія сцякалі па ствалах, быццам яна прыслухоўвалася да цёмнага, нячутнага поклічу за дрэвамі, па-за светам, быццам ёй трэба будзе зараз устаць і пайсці, праз туман, без мэты, з упэўненасцю, што трэба падпарадкавацца гэтаму цёмнаму, таямнічаму поклічу зямлі і жыцця.
Ніколі не забуду гэты твар, ніколі не забуду, як ён потым нахіліўся да мяне, як ён ажыў, як маўкліва напоўніўся ласкай і пяшчотай, светлай цішынёй, нібы расцвіў, ніколі не забуду, як яе вусны знайшлі мае, як яе вочы наблізіліся да маіх, як яны былі блізка ад мяне, гледзячы на мяне запытальна, сур'ёзна, адкрыта, іскрыста… і як яны потым паволі заплюшчыліся, быццам аддаючыся на маю волю…
Туман плыў і плыў. Надмагільныя крыжы невыразна тырчалі з яго палосаў. Я накінуў на нас паліто. Горад патануў. Час памёр…