Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
Мы сядзелі каля акна і палілі. Вечар чырванню разліваўся над дахамі.
— З табой вельмі хораша, Пат, — сказаў я. — Я згадзіўся б тыднямі не выходзіць адсюль, каб забыцца пра ўсю будзённую мітусню.
Яна ўсміхнулася.
— Быў час, калі я ўвогуле не спадзявалася выйсці адсюль.
— Калі?
— Калі хварэла.
— Гэта іншая справа. А што ў цябе было?
— Нічога страшнага. Мне трэба было паляжаць. Я, мусіць, занадта хутка расла, а ела мала. У час вайны і пасля яе жылося бедна.
Я кіўнуў.
— І колькі часу ты ляжала?
Яна на момант завагалася.
— Каля года.
— Але ж гэта вельмі доўга.
Я ўважліва паглядзеў на яе.
— Усё даўно мінулася. Але ў той час мне здалося, што прайшло цэлае жыццё. Ты аднойчы ў бары распавядаў мне пра твайго сябра Валянціна. Быццам пасля вайны ён ніяк не можа забыць, што жывы і якое гэта шчасце. І што пасля гэтага яму ўсё астатняе — абыякава.
— Ты добра запомніла, — сказаў я.
— Бо мне гэта зразумела. З таго часу я таксама лёгка радуюся. Мне здаецца, што я вельмі павярхоўная.
— Павярхоўныя толькі тыя людзі, якім здаецца, што яны не такія.
— Я, напэўна, такая. Я не вельмі разбіраюся ў жыцці. Я разумею толькі прыгажосць. Вось гэты бэз ужо робіць мяне шчаслівай.
— Гэта не павярхоўнасць, гэта самая высокая філасофія.
— Толькі не ў мяне. Я павярхоўная і легкадумная.
— Я таксама.
— Але не такі, як я. Ты надоечы нешта сказаў пра прайдзісветаў. Я сапраўдная прайдзісветка.
— Я так і думаў, — сказаў я.
— Так, так. Мне ўжо даўно пара змяніць кватэру, нечаму навучыцца і зарабляць грошы. А я ўсё адсоўвала гэта на потым. Мне карцела пажыць так, як хочацца. Не разважаючы, ці разумна я раблю. Я так і дзейнічала.
Я засмяяўся.
— Чаму ў цябе пры гэтым такі ўпарты выгляд?
— Таму што ўсе мне казалі, што так жыць — бязмежная легкадумнасць. Лепш было б сабраць крыху грошай, знайсці сабе месца і працу. А мне хацелася жыць лёгка і радасна, а не прыгнечана, і рабіць, што захочацца. Так было пасля смерці мамы і пасля маёй працяглай хваробы.
— У цябе ёсць браты, сёстры? — спытаў я.
Яна пахітала галавой.
— Я так і думаў. Інакш цяжка ўявіць сабе, — сказаў я.
— Ты лічыш, што я паводзіла сябе легкадумна?
— Не, мужна.
— Ах, мужнасць… я не вельмі мужная. Мне часамі бывала вельмі страшна. Такі страх бывае ў чалавека ў тэатры, які ведае, што сядзіць не на сваім месцы, і ўсё-такі не ўстае.
— І тым не менш ты была мужная, — сказаў я. — Мужнасць тады і праяўляецца, калі страшна. Акрамя таго, ты паводзіла сябе разумна. Ты магла б дарма патраціць грошы. А так ты хоць штосьці атрымала. Чым ты займалася?
— Шчыра кажучы, нічым. Жыла, і ўсё.
— Малайчына! Лепш не прыдумаеш.
Яна ўсміхнулася.
— Скора гэтаму канец. Неўзабаве я пайду працаваць.
— Куды? Ці не наконт гэтага ў вас была дзелавая сустрэча з Біндзінгам?
Яна кіўнула.
— З Біндзінгам і доктарам Максам Матушайтам, дырэктарам крамаў грамафоннай кампаніі «Электрола». Буду прадаўшчыцай з музычнай адукацыяй.
— Так, — сказаў я. — Нічога іншага Біндзінгу не прыйшло ў галаву.
— Прыйшло, — адказала яна, — але я таго не захацела.
— І я таго яму не параіў бы. Калі ж ты прыступаеш?
— Першага жніўня.
— Ну, тады яшчэ ёсць шмат часу. Магчыма, мы знойдзем штосьці іншае. Ва ўсякім разе: мы твае надзейныя кліенты.
— А ў цябе ёсць грамафон?
— Няма, але я абавязкова адразу ж куплю. Пакуль што, праўда, мне ўсё гэта не падабаецца.
— А мне падабаецца, — сказала яна. — Я ж нічога не ўмею. А з таго часу, як ёсць ты, усё стала для мяне нашмат прасцей. Але не варта было нічога табе расказваць.
Яна бегла зірнула на мяне.
— Добра, Робі, — сказала яна. Потым устала і падышла да тумбачкі. — Ты ведаеш, што ў мяне ёсць? Ром. Здаецца, добры ром.
Яна паставіла на стол чарку і запытальна зірнула на мяне.
— Добры ром, я ўжо чую носам здалёку, — сказаў я. — Але, Пат, ці не лепш табе быць больш ашчаднай, каб крыху адцягнуць з грамафонамі?
— Не, — адказала яна.
— Таксама правільна, — сказаў я.
Ром, як я вызначыў па колеру, быў разбаўлены, Прадавец, відавочна, падмануў Пат. Я выпіў чарку.
— Вышэйшы клас, — сказаў я. — Налі мне яшчэ адну. Дзе ты яго купіла?
— У краме на рагу.
«Ага, — падумаў я, — вядома, у заклятай краме далікатэсаў». Я рашыў сабе пры выпадку зазірнуць туды і пагаварыць з тым тыпам.