Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Мне, мусіць, пара ісці, Пат? — спытаў я.

Яна зірнула на мяне.

— Яшчэ не…

Мы стаялі каля акна. Унізе мігцелі ліхтары.

— Пакажы мне сваю спальню, — сказаў я.

Яна адчыніла дзверы і ўключыла святло. Я спыніўся каля дзвярэй, зазіраючы ў пакой. Думкі ў галаве пераблыталіся.

— Вось гэта твой ложак, Пат… — нарэшце сказаў я.

Яна ўсміхнулася.

— Дык а чый жа яшчэ, Робі?

— Сапраўды! — Я падняў вочы на яе. — А вунь і тэлефон. Вось я ўсё ведаю. Цяпер я пайду. Бывай, Пат.

Яна паклала рукі мне на скроні. Як цудоўна было б застацца цяпер, гэтым надвячоркам, блізка-блізка адзін каля аднаго пад мяккай сіняй коўдрай у спальні… Але нешта было такое, што стрымлівала мяне. Не, гэта было не сумненне, і не страх, і не асцярожнасць… а проста пяшчота, вялізная пяшчота, якая перамагала страсць…

— Бывай, Пат, — сказаў я. — У цябе было цудоўна. Намнога лепш, чым ты сабе, магчыма, уяўляеш. І ром, і тое, пра што ты падумала…

— Але ж гэта так проста…

— Але не для мяне. Я так не прывык.

Каморка ў фраў Залеўскі. Я хвілінку пасядзеў. Мне не падабалася, што Пат нечым была абавязана Біндзінгу. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Эрны Бёніг.

— Я прыйшоў па справе, — сказаў я. — Які попыт на жаночую працу, Эрна?

— Ну і пытанне, — адказала яна. — Ні з таго ні з сяго! А ўвогуле: безнадзейна.

— Нічога нельга зрабіць? — спытаў я.

— А кім?

— Сакратар, асістэнтка…

Яна махнула адмоўна.

— Сто тысяч без месца. Ці няма ў дамы незвычайных здольнасцей?

— Надзвычай прыгожая знешнасць.

— Колькі літар? — спытала Эрна.

— Што?

— Колькі літар яна друкуе за хвіліну? На якіх мовах?

— Не ведаю, — сказаў я, — але ці ведаеце… для прадстаўніцтва.

— Дарагі хлапчына, — адказала Эрна, — я ўжо чую: дама з добрай сям'і, зведала лепшыя дні, цяпер вымушана і г. д. Безнадзейна, кажу вам. У крайнім выпадку, калі ёй нехта асабліва зацікавіцца і прыладзіць куды-небудзь. Вы ж ведаеце, за што. Але ж так прыстроіць вы не хочаце?

— Смешнае пытанне, — сказаў я.

— Не такое смешнае, як вам здаецца, — не пагадзілася Эрна з доляй горычы ў голасе. — Мне вядомыя іншыя выпадкі. — Мне прыпомнілася справа з яе шэфам. — Але я хачу даць вам параду, — працягвала яна. — Пастарайцеся зарабляць на дваіх. Гэта самае простае рашэнне. Жаніцеся.

— Было б някепска, — сказаў я і засмяяўся. — Хацелася б верыць, што я здольны на такое.

Эрна дзіўна зірнула на мяне. Пры ўсёй сваёй энергічнасці яна раптам здалася мне старэйшай, быццам прывялай.

— Давайце я вам штосьці раскажу, — сказала яна. — Я жыву добра, і ў мяне ёсць і непатрэбныя рэчы. Але паверце мне: каб нехта прыйшоў і прапанаваў мне жыць разам — сумленна, па-сапраўднаму, я пакінула б тут усе гэтыя транты і пераехала б з ім у любую галубятню, калі б на тое пайшло.

На яе твары з'явіўся ранейшы выраз.

— Ну, але забудзем пра гэта — у кожным чалавеку ёсць кропелька сентыментальнасці. — Яна падміргнула мне праз дым цыгарэты. — Пэўна, і ў вас ёсць.

— Дзе там… — адказаў я.

— Ну, ну, — сказала Эрна. — Яна авалодвае чалавекам часцей за ўсё знянацку…

— Але не мной, — запярэчыў я.

Да васьмі гадзін я пратрываў у сваёй каморцы, потым мне абрыдла сядзець аднаму, і я пайшоў у бар, каб сустрэць каго-небудзь.

Там быў Валянцін.

— Сядай, — сказаў ён. — Чаго вып'еш?

— Рому, — адказаў я. — Да рому з сённяшняга дня ў мяне асаблівыя адносіны.

— Ром — малако салдата, — сказаў Валянцін. — Дарэчы, ты добра выглядаеш, Робі.

— Праўда?

— Так, ты памаладзеў.

— Ды што ты, — сказаў я. — За тваё здароўе, Валянцін.

— На здароўе, Робі.

Мы паставілі чаркі на стол і глянулі адзін на аднаго. Потым разам засмяяліся.

— Стары, — сказаў Валянцін.

— Сябрук, каб цябе… — адказаў я. — Чаго вып'ем яшчэ?

— Паўторым.

— Выдатна.

Фрэд наліў.

— За тваё здароўе, Валянцін.

— На здароўе, Робі.

— Шыкоўнае выслоўе — на здароўе, праўда?

— Усім словам слова.

Мы паўтарылі яго яшчэ некалькі разоў. Потым Валянцін пайшоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: