Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я застаўся. Акрамя Фрэда, нікога не было. Я разглядаў старыя, асветленыя геаграфічныя карты, караблі з пажоўклымі ветразямі і думаў пра Пат. Мне хацелася патэлефанаваць ёй, але я прымусіў сябе не рабіць гэтага. Я і не хацеў так шмат думаць пра яе. Я хацеў прыняць яе як нечаканы шчаслівы падарунак, які як прыйшоў, так і пойдзе — і не больш. Я не хацеў даваць месца думцы пра нешта большае. Я занадта добра ведаў, што любое каханне імкнецца да вечнасці і што ў гэтым яго вечныя пакуты. Няма нічога вечнага. Нічога.

— Налі мне яшчэ чарку, Фрэд, — сказаў я.

У бары з'явіліся мужчына і жанчына. Каля стойкі яны выпілі кактэйль з лікёру і фруктовых сокаў. Жанчына выглядала зморанай, мужчына — прагным. Яны неўзабаве пайшлі.

Я выпіў чарку. Магчыма, было б лепш, каб я аполудні не хадзіў да Пат. Я не мог пазбавіцца ад вобраза — пакой, які ахутваецца паўзмрокам, мяккія сінія вечаровыя цені і прыгожая дзяўчына, якая, уладкаваўшыся на канапе, сваім нізкім хрыплаватым голасам расказвае пра жыццё і пра жаданне жыць. Што за ліха, я стаў сентыментальны! Але ці не ператварылася ўжо тое, што сёння было нязначнай нечаканай прыгодай, у туман пяшчоты, ці не захапіла яно мяне мацней, чым я спадзяваўся і хацеў, ці не адчуў я сёння, як моцна я ўжо змяніўся? Чаму я пайшоў, чаму не застаўся ў яе, як мне, шчыра кажучы, і хацелася? Ах, трасца, не хачу больш думаць пра гэта, ні пра адно, ні пра другое! Няхай будзе, як будзе, няхай я звар'яцею ад гора, калі страчу яе… А цяпер яна ёсць, пакуль што ёсць, а ўсё астатняе — лухта, да д'ябла ўсё! Ці так важна — падмацаваць крыху жыццё? Усё роўна калі-небудзь накоціцца вялізная хваля і зліжа ўсё.

— Вып'ем, Фрэд? — спытаў я.

— Заўжды гатовы, — сказаў ён.

Мы выпілі два абсенты. Потым кінулі жэрабя, хто закажа наступныя. Я выйграў. Гэта было несправядліва. Таму мы кінулі зноў. Але лёс адвярнуўся ад мяне толькі на пятым разе. Затое тры разы запар.

— Ці я п'яны, ці знадворку нешта грыміць? — спытаў я.

Фрэд прыслухаўся.

— Сапраўды грыміць. Першая навальніца сёлета.

Мы падышлі да дзвярэй і глянулі на неба. Нічога не было відаць. Стаяла цяплынь, і час ад часу грымеў гром.

— За гэта, шчыра кажучы, можна было б выпіць яшчэ па адной, — прапанаваў я.

Фрэд прагаласаваў «за».

— Ніякага толку ад гэтай вады, — сказаў я і паставіў пустую чарку на стойку. Фрэд пагадзіўся, што трэба было б выпіць нечага мацнейшага. Ён быў за вішнёвую настойку, я — за ром. Каб не спрачацца, мы выпілі таго і таго. Каб Фрэду не даводзілася так часта наліваць — таксама ж праца! — мы ўзялі фужэры. Цяпер мы былі ў выдатным настроі. Час ад часу мы выглядалі на двор, ці бліскае маланка. Нам вельмі хацелася ўбачыць маланку, але не шанцавала. Яна бліскала, калі мы сядзелі за чаркай. Фрэд расказаў, што ў яго ёсць нявеста, дачка гаспадара рэстарана-аўтамата. Але жаніцца ён пакуль што не спяшаўся — чакаў, каяі памрэ стары, каб ужо напэўна не ўпусціць рэстаран. Я лічыў, што ён залішне асцярожны, але ён даводзіў мне, што стары — такая падла, пра якую нічога не ведаеш загадзя. Ён здольны ў апошні момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптыміст. Стары прастудзіўся, на думку Фрэда, у яго быў грып, а грып вельмі небяспечны. Я з жалем павінен быў паведаміць яму, што грып для алкаголікаў нічога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякі часам ачуньвалі і нават тлусцелі. Ну і няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапіць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзіўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, ці ідзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькі грымець пачало мацней. Я даў яму выпіць шклянку лімоннага соку і пайшоў да талефона. У апошні момант я апамятаўся і вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вітаючы апарат, і хацеў зняць перад ім капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.

Калі я вярнуўся, тут былі Кёстэр і Ленц.

— Дыхні на мяне, — сказаў Гртфрыд.

Я дыхнуў.

— Ром, вішнёўка і абсент, — сказаў ён. — Абсент… парася.

— Калі ты думаеш, што я п'яны, то ты памыляешся, — сказаў я. — Адкуль вы?

— З палітычнай сходкі. Але Ота яна абрыдла. Што п'е Фрэд?

— Лімонны сок.

— І ты выпі шклянку.

— Заўтра, — адказаў я. — А цяпер я што-небудзь з'ем.

Кёстэр увесь час заклапочана глядзеў на мяне.

— Не глядзі на мяне так, Ота, — сказаў я. — Я крыху падпіў ад радасці. Не з гора.

— Ну і добра, — сказаў ён. — Тады хадзем есці.

У адзінаццаць гадзін я быў цвярозы, як анёл. Кёстэр прапанаваў паглядзець, што з Фрэдам. Мы ўбачылі яго за стойкай — ён быў п'яны без памяці.

— Завядзі яго ў бакоўку, — сказаў Ленц. — Я пакуль што абслужу кліентаў.

Мы з Кёстэрам прывялі Фрэда да памяці. Мы далі яму выпіць цёплага малака. Яно падзейнічала імгненна. Потым мы пасадзілі яго ў крэсла і загадалі яму адпачыць паўгадзінкі. Ленц пакуль што справіцца без яго.

Готфрыд спраўляўся. Ён ведаў усе цэны і найбольш хадавыя рэцэпты кактэйляў. Ён трос міксер так, быццам нічога іншага ніколі не рабіў.

Праз паўгадзіны Фрэд ачуняў. Яго праспіртаваны страўнік хутка прыходзіў у норму.

— Шкада, Фрэд, — сказаў я. — Нам трэба было спачатку пад'есці.

— Я зноў у парадку, — адрапартаваў ён, — Бывае карысна.

— Ды так.

Я падышоў да тэлефона і патэлефанаваў Пат. Мне было ўсё роўна, што я думаў перад гэтым. Яна зняла слухаўку.

— Праз пятнаццаць хвілін я буду каля дзвярэй дома, — крыкнуў я і хуценька павесіў слухаўку. Я баяўся, што яна, змораная, не захоча нічога слухаць. Я хацеў бачыць яе.

Яна падышла да дзвярэй. Калі адчыняла, я пацалаваў шкло насупроць яе галавы. Яна хацела нешта сказаць, але я не даў ёй. Я пацалаваў яе, і мы пайшлі па вуліцы, пакуль не злавілі таксі. Грымеў гром, і бліскала маланка.

— Хутка, зараз пойдзе дождж, — крыкнуў я.

Селі ў машыну. Першыя кроплі забарабанілі па даху легкавіка. Машына скакала на выбоінах. І гэта было цудоўна, бо пры кожным скачку я адчуваў Пат. Усё было цудоўна — дождж, горад, выпіўка, усё было велічна і захапляльна. У мяне быў бадзёры светлы настрой, які бывае, калі працверазееш пасля выпіўкі. Затарможанасць знікла, ноч была напоўнена энергіяй і бляскам, нічога дрэннага не магло ўжо здарыцца, усё было правільна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: