Ремарк Эрих Мария
Шрифт:
— Гэта небяспечна? — спытаў Кёстэр.
— Так, — сказаў Жафэ.
У гэты момант «Карл» ператварыўся ў белую здань. Ён зрабіў рывок і паімчаў. Ён праціскаўся паміж машын, ён імчаў супроць усіх па вуліцах з аднабаковым рухам, ён шукаў самы кароткі шлях з горада.
— Вы звар'яцелі? — закрычаў прафесар.
Кёстэр абмінуў высокі бампер аўтобуса, на момант збавіў газ. Потым матор зноў зароў.
— Едзьце павольней, — крычаў лекар. — Якая карысць трапіць у аварыю?
— Не трапім.
— Пры такой яздзе — праз дзве хвіліны.
Кёстэр кінуў машыну ўлева, аб'язджаючы трамвай.
— Мы не трапім у аварыю. — Цяпер перад ім была шаша. Ён зірнуў на лекара. — Я сам ведаю, што вы нам патрэбны жывы. Даверцеся мне… я паеду, як ехаў.
— Але якая карысць ад гэтай гонкі! Вы выйграеце некалькі хвілін.
— Не, — сказаў Кёстэр, ухіляючыся ад сутыкнення з грузавіком, нагружаным каменнем. — Нам трэба праехаць яшчэ дзвесце сорак кіламетраў.
— Што?
— Праўда… — Машына прабіралася паміж паштовым аўтамабілем і аўтобусам. — Я проста не хацеў гаварыць вам раней.
— Гэта было б усё роўна, — прабурчаў Жафэ. — Мая дапамога не залежыць ад адлегласці. Едзьце на вакзал. Па чыгунцы мы дабяромся хутчэй.
— Не, — Кёстэр выбраўся ў прыгарад. Вецер зрываў у яго словы з вуснаў. — Я ўжо ведаю… цягнік спазняецца… — Ён яшчэ раз зірнуў на Жафэ, і лекар, відаць, нешта заўважыў у яго твары.
— Божа, — прамармытаў ён. — Ваша сяброўка?
Кёстэр пахітаў галавой. Ён ужо не адказваў. Мінулі дачны пасёлак. Кёстэр выехаў на роўную дарогу. Цяпер машына імчала на поўнай хуткасці. Лекар скурчыўся за вузкім ветравым шклом. Кёстэр падаў яму свой скураны шлем. Бесперапынна гудзела сірэна. Лясы вярталі яе рык назад. Толькі ў вёсках, калі ўжо інакш нельга было, Кёстэр збаўляў хуткасць. На машыне не было глушыцеля. Грамавым рэхам аддаваўся гул матора паміж сценамі дамоў, якія змыкаліся за ім і ляскаталі, як палатно пад ветрам. «Карл» праносіўся між імі, асвятляючы іх на імгненне бледным святлом фараў, і зноў угрызаўся ў ноч ікламі промняў.
Колы рыпелі, шыпелі, вылі, свісталі — матор выдаваў цяпер усю моц, якую меў. Кёстэр нахіліўся над рулём, яго цела ператварылася ў вялізнае вуха, у фільтр, які прасейваў гул і свіст на зразумелыя яму шумы і які гатовы быў вылавіць самы нязначны пабочны шум, любы падазроны скрып ці шоргат, што пагражалі аварыяй і смерцю. Шаша стала мокрай. На гліністай дарозе машына віхляла і падскоквала. Кёстэру давялося знізіць хуткасць. Павароты патрабавалі яшчэ большага напружання. Кёстэр кіраваў ужо не так з дапамогай розуму, як інстынкту. Фары высвечвалі павароты толькі напалову. У той момант, калі машына паварочвала, дарогі відаць не было. Пражэктар-шукальнік не дапамагаў, прамень быў занадта тонкі. Лекар маўчаў. Раптам паветра перад фарамі завіхрылася, яно афарбавалася ў бледна-серабрысты колер, з'явіліся стракатыя клубы. Гэта быў адзіны момант, калі Жафэ пачуў лаянку Кёстэра. Праз хвіліну яны былі ў густым тумане.
Кёстэр пераключыў фары на малое святло. Яны плылі ў ваце, міма праносіліся цені, дрэвы, невыразныя сілуэты ў малочным моры, шашы больш не было, толькі выпадак і прыблізнасць, плямы, якія вырасталі і знікалі ў рыку матора.
Калі яны праз дзесяць хвілін выбраліся з машыны, твар Кёстэра выглядаў запалым. Ён зірнуў на Жафэ і штосьці прамармытаў. Потым ён даў поўны газ… насуплены, халодны і зноў упэўнены ў сабе.
У пакоі панавала ліпкая цеплыня, гнятучая, як свінец.
— Не перастае? — спытаўся я.
— Не, — адказаў лекар.
Пат зірнула на мяне. Я паспрабаваў усміхнуцца ёй. Атрымалася грымаса.
— Яшчэ паўгадзіны, — сказаў я.
Лекар ускінуў позірк на мяне.
— Яшчэ паўтары гадзіны, калі не дзве. Ідзе дождж.
Кроплі з ціхім шоргатам падалі на лісце і кусты ў садзе. Аслеплымі вачыма я ўзіраўся ў цемру. Колькі часу прайшло, як мы ўставалі ўначы і масціліся паміж ляўкоямі і рэзедой і Пат напявала дзіцячыя песенькі? Ці даўно тое было, калі дарога блішчала ў белым сонечным святле і Пат бегла паміж кустоў, падобная да гнуткага звярка?
Я соты раз выйшаў за дзверы. Гэта не мела сэнсу, я ведаў. Але так скарачалася чаканне. Паветра было туманнае. Я вылаяўся: я ведаў, што гэта азначае для Кёстэра. У душнай начы закрычала птушка.
— Заткніся, — прабурчаў я. На ўспамін прыйшлі расказы пра птушак — вестуноў смерці.
— Глупства! — сказаў я гучна, і ўсё роўна па спіне пабеглі мурашкі. Недзе гудзеў хрушч… але не набліжаўся… не набліжаўся. Ён гудзеў аднастайна ціха; а вось перастаў… цяпер зноў пачуўся… гэта быў не жук, гэта быў далёкі гул матора, які на высокай хуткасці браў павароты. Я стаяў нерухома, я затрымаў дыханне, каб лепш чуць: зноў… зноў аддаленае тонкае гудзенне, як гудзіць злосная аса. А цяпер мацней, я ўжо выразна разбіраў гук кампрэсара. Тут гарызонт, які быў так напяты, што здавалася, разарвецца, абрынуўся ў мяккую бесконцасць, ён пахаваў пад сабой ноч, страх, жахлівасць… Я ўскочыў у пакой і, трымаючыся за дзверы, сказаў:
— Яны едуць! Доктар, Пат, яны едуць. Я ўжо чую.
Лекар увесь вечар лічыў мяне крыху ненармальным. Ён устаў і таксама прыслухаўся.
— Гэта, пэўна, іншая машына, — сказаў ён нарэшце.
— Не, я пазнаю матор.
Ён раздражнёна паглядзеў на мяне. Ён, здавалася, лічыў сябе спецыялістам па аўтамашынах. З Пат ён абыходзіўся цярпліва і асцярожна, як маці з дзіцем. Але варта мне было запнуцца пра машыны, як ён зыркаў на мяне праз акуляры і пярэчыў.
— Немагчыма, — коратка сказаў ён і вярнуўся ў пакой.