Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Я застаўся ў двары. Мяне калаціла ад хвалявання.

— «Карл»! «Карл»! — выгукнуў я.

Цяпер матор то прыціхаў, то ўзвываў; машына, відаць, была ўжо ў вёсцы і на шалёнай хуткасці імчала між дамоў. Вось і выццё аслабла, машына была за лесам… і вось гул зноў набраў сілы, імклівы, нястрымны, светлы прамень прабіваў туман, фары, грымоты, гуд… Разгублены лекар стаяў каля мяне, раптам нас асляпіла блізкае святло… і рыпнулі тармазы, і машына спынілася перад садовай брамкай. Я пабег туды. Прафесар вылазіў з машыны. Ён не звярнуў на мяне ўвагі, пайшоў да лекара. За ім выйшаў Кёстэр.

— Як яна? — сказаў ён.

— Кроў ідзе.

— Здараецца, — сказаў ён. — Пакуль што няма чаго баяцца.

Я моўчкі глянуў на яго.

— Ёсць запаліць? — спытаў ён.

Я даў яму цыгарэту.

— Добра, што ты прыехаў, Ота.

Ён рабіў глыбокія зацяжкі.

— Падумаў, што так будзе лепей.

— Ты вельмі хутка ехаў.

— Нармальна. Быў крыху туман.

Мы прыселі побач на лаўку. Чакалі.

— Ты думаеш, што яна паправіцца? — спытаў я.

— Вядома. Кравацеча… гэта нічога.

— Яна мне ніколі пра гэта не гаварыла.

Кёстэр кіўнуў галавой.

— Яна павінна паправіцца, Ота, — сказаў я.

Ён не глядзеў на мяне.

— Дай мне яшчэ адну цыгарэту, — сказаў ён. — Я забыўся ўзяць свае.

— Яна павінна паправіцца, — сказаў я, — інакш усё астатняе — дрэнь.

Выйшаў прафесар. Я ўстаў.

— Будзь я пракляты, калі яшчэ раз паеду з вамі, — сказаў ён Кёстэру.

— Прабачце, — сказаў Кёстэр. — Гэта жонка майго сябра.

— Вось як, — сказаў Жафэ і зірнуў на мяне.

— Яна паправіцца? — спытаў я.

Ён уважліва разглядваў мяне. Я пазіраў убок.

— Вы думаеце, я стаяў бы тут з вамі так доўга, калі б думаў, што яна не паправіцца? — сказаў ён.

Я сціснуў зубы. Я да болю сплёў пальцы. Я заплакаў.

— Прабачце, — сказаў я, — занадта хутка ўсё адбылося.

— Такія справы не адбываюцца занадта хутка, — сказаў Жафэ і ўсміхнуўся.

— Не злуйся, Ота, — сказаў я, — што я заплакаў.

Ён падштурхнуў мяне, павярнуўшы да дзвярэй.

— Ідзі туды. Калі прафесар дазволіць.

— Больш не буду, — сказаў я. — Можна пайсці?

— Можна, толькі не размаўляйце, — адказаў Жафэ, — і толькі на хвілінку. Ёй нельга хвалявацца.

Я нічога не бачыў, акрамя водбліску святла на вадзе. Я паміргаў. Святло паплыло, замігцела. Я не адважваўся выцерці вочы, каб Пат не падумала, быццам я плачу таму, што з ёй так кепска. Я паспрабаваў увайсці ў пакой з усмешкай. Потым я зноў хуценька адвярнуўся.

— Вы патрэбны былі тут? — спытаў Кёстэр.

— Так, — сказаў Жафэ, — правільна, што прыехаў.

— Заўтра раніцай я магу адвезці вас назад.

— Лепш не трэба, — сказаў Жафэ.

— Я паеду спакойна.

— Я хачу застацца яшчэ на дзень і паназіраць. Ваш ложак свабодны? — спытаў ён мяне.

Я кіўнуў галавой.

— Добра, тады я пасплю тут. Вы можаце знайсці сабе месца ў вёсцы?

— Магу. Знайсці вам зубную шчотку і піжаму?

— Не трэба. У мяне ўсё з сабой. Заўсёды гатовы да нечага падобнага. Толькі, можа, не да гонак.

— Прабачце, — сказаў Кёстэр. — Разумею, што вы раззлаваліся.

— Зусім не, — сказаў Жафэ.

— Тады я шкадую, што адразу не сказаў вам праўды.

Жафэ засмяяўся.

— Вы дрэнна думаеце пра лекараў. Цяпер ідзіце спакойна. Я застануся тут.

Я хутка прыхапіў тое-сёе для нас з Кёстэрам. Мы накіраваліся ў вёску.

— Ты замарыўся? — спытаў я.

— Не, — сказаў ён. — Пасядзім яшчэ дзе-небудзь.

Праз гадзіну я занепакоіўся.

— Калі ён застаецца, то, пэўна ж, ёсць небяспека, Ота, — сказаў я. — Інакш навошта б яму…

— Мне здаецца, што ён застаецца з-за асцярожнасці, — адказаў Кёстэр. — Ён вельмі любіць Пат. Ён мне расказаў па дарозе. Ён лячыў і яе маці…

— І ў яе быў…

— Я не ведаю, — хутка адказаў Кёстэр. — Магчыма, было нешта іншае. Пойдзем спаць?

— Ідзі, Ота. Я хачу яшчэ раз… хоць здалёку…

— Добра. Пайшлі разам.

— Я хачу табе штосьці сказаць, Ота. Я вельмі люблю спаць на волі, калі так цёпла. Не турбуйся. У апошні час я часта рабіў так.

— Сыра ж…

— Нічога. Я падыму верх «Карла» і пасяджу.

— Добра. І я пасплю з ахвотай на волі.

Я зразумеў, што мне ад яго не адбаярыцца. Мы склалі разам коўдры і падушкі і вярнуліся да «Карла». Мы адпусцілі рамяні і адкінулі пярэднія сядзенні. Так можна было легчы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: