Вход/Регистрация
Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Вядома, каму наканавана шыбеніца, той можа смела ставаць на лыжы. Свіння!.. Ану хадзем да электрычкі.

Яны моўчкі слізгалі снегавой цаліной. I Андрэй усё яшчэ думаў. Ён пачаў заўважаць у Ірыне і другія змены, якія яму не падабаліся. Яна хлусіла. I не толькі тым, што не прыходзіла на спатканні, але і другім, зусім недарэчным. Гаварыла аб сваёй дапамозе старому скульптару Ратманаву, спасылалася на другога скульптара, земляка Андрэя. А калі Андрэй, выпадкова сустрэўшыся з земляком, спытаў яго, выявілася, што той ніколі не чуў аб Ратманаве, што гэта наогул фікцыя. Нашто гэта было? Другі раз сказала, што яе муж з італьянцаў. Потым, што ён выхоўваўся ў сям'і вядомага пісьменніка Н. Калі гэта было можна сумясціць неяк, то трэцяя яе заява, што ён напалову рускі, а напалову паляк, ужо зусім не лезла ні ў якія вароты.

Ён прамаўчаў, хоць яму было брыдка: не хацеў прымушаць яе чырванець. Да таго ж ён ведаў, усё гэта было ад слабасці, ад прагі ўстаткавання самой сябе.

Аднойчы ён выпадкова пазнаёміўся ў дальняй электрычцы з прафесарам-псіхолагам, сівым, медзведзяватым старым, у якога валасы раслі нават з вушэй і, пад чужымі імёнамі, расказаў яму аб гэтай хлусні.

— Што ж, — сказаў стары, круцячы шышкаваты кій, — паспрабую даць адказ вашаму другу. Праўда, мае погляды даволі нямодныя і састарэлыя, але ўсё ж… Ці бачыце, ваш друг, гэты паэт, вельмі дзіўны і рэдкі па тыпу чалавек. Адначасова цыклоід (па Крэчмеру), то бок таварыскі, дабрадушны, разумее жарт. З ім лёгка мець справу.

"Ну і ўляцеў", — падумаў Андрэй. Ён не любіў, калі людзей раскладвалі па паліцах і класіфікавалі.

— Ён натуральны, — казаў далей стары, — шчыры, хутка ўступае ў прыяцельскія адносіны з другімі, у тэмпераменце нешта мяккае і цёплае. У яго ёсць гумар.

Ён гаварыў таксама ласкава і мякка.

— Гэта ўсё было б добра. Такія людзі шчаслівыя. Але ваш друг у адрозненне ад цыклоіднага тыпу не прымае жыццё такім, якое яно ёсць. Ён адначасова гіперэстэтык, то бок усякі жыццёвы штуршок успрымаецца ім з падвышанай хваравітасцю, хоць ён і не замыкаецца пасля ўдару, а зноў ляціць на агонь, на апёкі. Ён не навучаецца жыццю. То бок, ён не навучаецца для сябе, хоць можа ведаць яго депей за ўсіх іншых. Такім людзям бывае вельмі цяжка жыць Я мяркую, што ён па складу цела не пікнік.

— Што гэта?

— Памеры цела ў яго не шыротныя? У цыклоідаў пікнічны склад цела.

— Не, ён хутчэй худы.

— Ну, вядома. Значыць, па складу цела ён шызоід. Гэта так званы лептазомны, або доліхаморфны (доўгі), склад цела… Можна, я апішу, як я ўяўляю яго сабе?

— Калі ласка.

— Грудная клетка i плечы не вельмi вузкiя, — стары глядзеў Андрэю проста ў вочы. — Канечнасцi i шыя хутчэй доўгiя i ладныя. Тлушчавая тканiна развiта слаба. Мускулiсты, але косцi i скура далiкатныя i тонкiя. Так?

— Так.

— Ну вось. Да. такіх належалі Саванарола, Рабесп'ер, Дантэ. Яшчэ Мейерхольд і Блок (гэтых я ведаў асабіста). Самі ведаеце, якое салодкае жыццё выпала на іхнюю долю.

— А яна? — спытаў Андрэй.

— Яна таксама цыклоід і гіперэстэтык. Але яна здатная замыкацца пад ударамі лёсу. Тут розніца. Яна ўвесь час хістаецца паміж весялосцю і сумам. Я яшчэ не ведаю прычыны гэтага. Нешта здарылася з ёю. Вельмі цяжкае.

— А мана?

— Не ведаю, ці так гэта жахліва. У цыклоідаў вельмі багатае развіццё фантазіі. Гэта часам прыводзіць нават да своеасаблівай хлуслівасці. У нас гэта завецца pseudologia phantastica.

Ён мякка ўсміхнуўся:

— Сцвярджае сябе, дурнічка…

Грынкевіч цяпер ведаў усё, і востры цёплы жаль ахапіў яго сэрца. Усё можна было дараваць Ірыне. Усё да канца.

А прафесар, устаючы на адной станцыі, дакрануўся да галавы Андрэя і, гледзячы яму ў вочы, сказаў:

— Вам трэба быць вельмі мяккім з ёю, юнача. Яна забудзе ўсё і аджыве. I вы будзеце вельмі-вельмі шчаслівы.

…Седзячы зараз з Янісам у электрычцы, Андрэй успамінаў гэтыя словы і чырванеў. Як гэты стары мог здагадацца? I добра яму было казаць аб шчасці, не ведаючы пра мужа і пра асколак. «Забудзе», "аджыве". Забудзеш пра гэта, як жа.

Раптоўная думка ўразіла яго. А раптам і асколак мана, раптам яна выдумала сабе жыццё, раптам і асколак толькі прычына, каб застацца ва ўпарадкаваным звыклым гняздзе, не пайсці насустрач неўладкаванаму каханню з яго навальніцамі?

Але ён з гневам адагнаў гэтую думку.

Пералескі слаліся за вокнамі. Яніс глядзеў на Андрэя і думаў, што яму, Янісу, таксама цяжка да смерці, але ён ніколі не скажа гэтага сябру, не ўскладзе на яго плечы яшчэ і свайго цяжару. Досыць для яго. I адначасова ў яго душы накіпаў гнеў, і ён паступова ўсё больш пераконваўся: без размовы з Ірынай не абыдзецца. Ён не дасць ёй глуміць сябру жыццё.

З вакзала ехалі на таксі, бо стаміліся. За вокнамі бегла начная Масква: агні кранаў, вясёлкавыя дамы паўднёва-заходняга раёна.

Вялікія будынкі, горад, заліты электрычнасцю, шпілі высотных будынкаў, ланцужок агеньчыкаў электрапоезда, што вырываўся з тунеля метро на мост, — і, аднак, усяго гэтага было мала, вельмі мала для шчасця. Таму што можна ніколі ў жыцці не бываць у верхніх паверхах "высоткі", у вочы не бачыць метро, не ведаць, што такое сучасныя паэты і мастакі, але шчасце патрэбна чалавеку штодня, сёння, і заўтра, і да смерці.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: